У рамках дзён Франкафоніі ў Беларусі ў бібліятэцы сямейнага чытання «Верасок» выступіў моладзевы калектыў – міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Тэатра». Імпрэза адбылася 13 сакавіка і прайшла  на французскай мове.

На мерапрыемстве прысутнічала моладзь пераважна з французскіх гарадоў – Тулузы, Арлеана, Парыжа, Ліля. Але адна актрыса была са Швейцарыі.

– Хлопцы і дзяўчаты праходзяць стажыроўку на базе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ад кастрычніка да ліпеня. Некаторыя прыязджаюць на другі год. Моладзь мае розны ўзровень падрыхтоўкі. Маладзечна – першы горад пасля Мінска, у які прыехалі юнакі, – расказала перакладчык-рэферэнт «Тэатра» з Мінска Дар’я Неруш.

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «ТЭАТРА» – супольнасць акцёраў, рэжысёраў, студэнтаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў з Беларусі, Францыі, Бельгіі, Канады, Іспаніі, Літвы, Алжыра, Кітая і іншых краін.

Тэатр – рэальнасць і інтэнсіўныя трэніроўкі

Рым Юсэф 23 гады. Яна прыехала са Швейцарыі, у тэатры іграе першы год.

– Даўно марыла заняцца тэатрам, гэта першы, куды захацела пайсці. Спадабалася, што тут займаюцца па сістэме Станіслаўскага, зацікавілася яе шчырасцю. Для мяне гэта ўсё рэальна, не гульня. Тут трэба шмат працаваць з целам, трэба выкарыстоўваць розныя рэчы і прадметы, гэта дазваляе адкрыць саму сябе, – дзеліцца Рым.

Згодна з сістэмай Станіслаўскага, акцёр павінны перажываць тое, што адбываецца з персанажам. Эмоцыі на сцэне павінны быць сапраўднымі. Вельмі важная асаблівасць акцёрскай гульні – перажыванне «тут і цяпер». Акцёр працуе на сцэне разам з партнёрамі.

Да заняткаў у тэатры спартыўнай падрыхтоўкі ў дзяўчыны не было, прызнаецца, займацца цяжкавата, бо трэніроўкі вельмі інтэнсіўныя.

– Мая маці – актрыса, працуе ў Егіпце, таму ў мяне ўнутры дзве культуры – егіпецкая і швейцарская. Думаю, беларуская падобная на сумесь абедзвюх. Але больш жыхары Беларусі блізкія да егіпцян. Павагай адзін да аднаго, менталітэтам, адкрытымі сем’ямі. Вельмі адрозніваюцца ад Еўропы, бо маюць больш сямейных каштоўнасцяў.

На сустрэчы прысутнічалі вучні школ №1 і №4 і гімназіі №3. Настаўнікі французскай мовы з гімназіі дапоўнілі імпрэзу песняй Джо Дасэна Les ChampsÉlysées. Да спеваў «Елісейскіх палёў» пад гітару далучылася ўся зала.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский