Завеса цыгарэтнага дыму і жанчына з немаўлём на руках. Выратавальнікі праверылі на бяспеку дамы ў вёсцы

15 сакавіка ў Даўгінаўскім сельсавеце правялі пасяджэнне выканкама.

Разглядалі вынікі працы за мінулы год і планы на сёлетні.

Пра статыстыку распавёў першы намеснік начальніка Вілейскага РАНС Анатоль Стрэж. У перыяд, калі снег сышоў, а пад ім сухая мінулагодняя трава, пажар можа ўзнікнуць з-за любой памылкі. Кінутага акурка, бітага шкла, нагрэтага сонцам, выпальвання сухой травы і бескантрольнага спальвання смецця пры прыборцы.

Наведалі два адрасы, якія знаходзяцца на асаблівым кантролі ў сельвыканкама.

Адна з гаспадыняў не спяшаецца адчыняць дзверы. Выглядае заспанай, а ўжо абедзенны час. На стале непрыбраныя чаркі і бутэлька з-пад гарэлкі. Спрабуе апраўдацца перад членамі камісіі і называе адразу некалькі прычын.

Спачатку сказала, што не спала ўсю ноч з-за асабістых перажыванняў, да абеду і змарыла. Пасля аказалася, што частавала работніка, які дапамагаў нарыхтоўваць дровы. А пасля стала ў позу – што хачу, тое і раблю.

Спецыялісты адзначаюць, што ў іншай сітуацыі з гэтым можна было пагадзіцца, але сям’я на ўліку – у сацыяльна небяспечным становішчы.

У жанчыны сын-трэцякласнік, які якраз павінен быў вярнуцца са школы.

Камісія знайшла ў доме каля дзясятка неадпаведнасцяў правілам пажарнай бяспекі. Гаспадыня абяцала ўсё выправіць.

Далей завіталі ў шматдзетную сям’ю па суседстве. Тут таксама былі заўвагі. На печцы падчас палення ляжаць рэчы.

Падаўжальнік даўно трэба замяніць. У доме завеса цыгарэтнага дыму, а жанчына на руках з немаўлём.

– Мы не імкнёмся пакараць, – кажа Анатоль Стрэж. – Наша задача – знайсці фактары рызыкі, якія могуць прывесці да няшчасцяў.

• Текст доступен на языке: Русский