Фота nn.by.

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў склаў паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Пра гэта ён абвясціў у жывым эфіры 19 сакавіка ў спецыяльным звароце да нацыі.

«Я прыняў няпростае рашэнне», — сказаў Назарбаеў.

«Я меў вялікі гонар стаць першым прэзідэнтам незалежнай краіны. Усе гэтыя гады народ падтрымліваў мяне», — адзначыў ён таксама ў сваёй прамове.

«Мы з вамі здолелі на руінах СССР пабудаваць паспяховую дзяржаву, у нас ёсць свой сцяг, свой герб», — падкрэсліў прэзідэнт Казахстана.

«Упершыню ў гісторыі краіны мы пабудавалі сваю сталіцу, усё гэта мы зрабілі, дарагія мае суайчыннікі», — сказаў ён.

«Мы ўсё рабілі ў імя стварэння сучаснай дэмакратычнай дзяржавы», — сказаў Назарбаеў, патлумачыўшы, што ўпор рабіўся на развіцці эканомікі, бо ўсе разумелі, што без гэтага дэмакратычнай дзяржавы не пабудаваць.

«Казахстан перайшоў ад аграрнай эканомікі да прамыслова-сервіснай», — сказаў Назарбаеў.

Паўнамоцтвы прэзідэнта перададзеныя 65-гадоваму старшыні верхняй палаты Касым-Жамарту Такаеву. Раней ён быў прэм’ерам і міністрам замежных спраў краіны. Пакуль няясна, хто стане пераемнікам Нурсултана Назарбаева.

За дзень да сваёй адстаўкі Назарбаеў заклаў камень у пабудову ў Астане самай вялікай у Цэнтральнай Азіі мячэці.

Акрамя таго, ён прысвоіў новыя воінскія званні — генерал-маёраў — міністру абароны і старшыні Камітэта нацыянальнай бяспекі і прызначыў генеральнага пракурора.

78-гадовы Назарбаеў кіраваў Казахстанам з 1989 года, 30 гадоў — спачатку як кіраўнік Кампартыі краіны, пасля як старшыня Вярхоўнага Савета і як прэзідэнт.

Ён рэкардсмен па знаходжанні ва ўладзе на постсавецкай прасторы.

Назарбаеў пабудаваў у Казахстане аўтарытарны рэжым, які абапіраўся на чыноўнікаў і набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў. Выбары ў Казахстане ператварыліся ў фармальную працэдуру. У красавіку 2015 года ён быў пераабраны на пяты прэзідэнцкі тэрмін на датэрміновых выбарах. На іх ён набраў 97,75% галасоў выбаршчыкаў. Хаця ў 1999 годзе ён набраў 81% галасоў.

Дзеці Назарбаева адыгрывалі важную ролю ў жыцці Казахстана. Праўда, у яго не было законных сыноў, толькі дочкі. Гэта Дарыга, якая была віцэ-спікеркай парламента і віцэ-прэм’еркай. Дзінара — самая багатая жанчына Казахстана, якая, аднак, жыве ў Швейцарыі.

Алія — малодшая дачка, якая першым шлюбам замужам з сынам прэзідэнта Кыргызстана Акаева. Пасля, праўда, той шлюб распаўся. Цяпер яна замужам 3-м шлюбам.

Заканадаўствам Казахстана Назарбаеў надзелены афіцыйным тытулам лідара нацыі.

Пасля адстаўкі ён узначаліць Раду бяспекі Казахстана. Гэтую пасаду ён зможа займаць пажыццёва. Адпаведны законапраект быў прыняты парламентам у маі 2018 года.

Акрамя таго ён застанецца на пасадах кіраўніка партыі «Нур Атан». «Нур Атан» перакладаецца з казахскай як «Святло Айчыны».

За 30 гадоў кіравання Назарбаева доля казахаў у насельніцтве Казахстана вырасла з 39,4% да 67,5%.

Сталіца была перанесеная з Алматы ў Астану — каб казахі масава перасяляліся на поўнач, каб знікла небяспека адарвання паўночных тэрыторый і іх далучэння да Расіі. Пра такую магчымасць на пачатку кіравання Назарбаева гаварылі, цяпер мала хто ўспамінае. Казахскія спецслужбы жорстка спынілі спробы стварэння прарасійскіх сепаратысцкіх арганізацый.

• Текст доступен на языке: Русский