Калі пачалася вайна ва Украіне, маладзечанец Аляксандр Салагуб некалькі разоў спрабаваў звязацца са сваім былым напарнікам па шахце Пятром Якавенкам. Той жыве ў Данецку. Але марна, ад 2014 года лісты да горада не даходзяць.

Да канфлікту ва Украіне Салагуб перапісваўся з напарнікам, кажа, заўжды лісты прыходзілі спраўна. Але апошнія некалькі гадоў сітуацыя змянілася. Чатыры лісты вярнуліся прыкладна ў 2014-2016 гадах са спасылкай на цыркуляр №7 Укрпошты.

Цыркуляр №7 прадугледжвае, што ад 20 лістапада 2014 года ў шэрагу населеных пунктаў Данецкай і Луганскай абласцей не працуюць паштовыя аддзяленні. Пераводы і адпраўленні можна атрымаць у аддзяленнях, падкантрольных украінскай уладзе. Пры адпраўленні трэба пазначыць прозвішча, імя і імя па бацьку, назву населенага пункта, падкантрольнага ўкраінскаму кіраўніцтву, вобласць, раён, адрас пошты, індэкс, краіну, стацыянарны ці мабільны нумар атрымальніка (для апавяшчэння аб прыбыцці).

– 31 жніўня 2014 года – у апошнюю ня­дзелю жніўня – адзначалі Дзень шахцёра. Таварыш патэлефанаваў на мабільнік, павіншаваў. Ад гэтага часу сталі гутарыць па тэлефоне, скайпе, апошнім часам нават вайберы. Але нядаўна я ўспомніў старую перапіску, кажу: «Давай, Пеця, паспрабую табе напісаць, цікава, ці атрымаеш», – расказвае Аляксандр Салагуб.

Да напарніка блакітны канверт зноў не дайшоў. Ліст з Данбаса вярнуўся ў Маладзечна. Салагуб пайшоў на пошту, спытаўся, чаму вярнулі ліст. Яму адказалі, што прыйшла інструкцыя, у некаторыя гарады Данецкай і Луганскай абласцей лісты з Беларусі адправіць немагчыма.

Фота аўтара.

– У Данецкую і Луганскую вобласці сапраўды забаронены прыём карэспандэнцыі. Вяртае аператар Украіны, не мы. Ёсць спіс раёнаў, у якія адпраўленні не дастаўляюць. Яго можна знайсці на сайце Белпошты, – паведамілі нам у аддзяленні паштовай сувязі №4 РУП «Белпошта».

Калі ўсё ж неабходна адправіць ліст, а паштовыя аддзяленні па розных прычынах не працуюць у патрэбным населеным пункце, Укрпошта прапаноўвае адрасаваць адпраўленні ў іншыя аддзяленні, «да запатрабавання», з указаннем нумара тэлефона атрымальніка.

Таксама сярод абавязковых умоў – адрасант павінны ўзгадніць з адрасатам адпраўку і паштовае аддзяленне, у якім яе можна забраць. І пазначыць на адпраўленнях нумары тэлефонаў адрасата, каб той ведаў, што пасылка дайшла.

– Пасылкі і лісты патрэбныя ўсім. Людзі хочуць кантактаваць, але не заўжды могуць. Заўважу, раней, да вайны, мы маглі атрымліваць газеты з Украіны, маглі іх выпісваць. На жаль, сітуацыя змянілася. Можна, канешне, камунікаваць праз інтэрнэт, але нават так не з усімі можна пагутарыць. Напрыклад, з роднымі з Палтавы такім чынам звязацца не магу, бо Украіна перакрыла інтэрнэт, – дзеліцца кіраўнік культурна- асветніцкага таварыства ўкраінцаў «Краяны» Леанід Лысакабылка. – Расія для Украіны з’яўляецца агрэсарам. Уявіце, каб падчас Вялікай Айчыннай вайны з Германіі прыходзілі лісты, напрыклад, у Маскву. Тое ж і ва Украіне цяпер. А Беларусь знаходзіцца ў моцным саюзе з Расіяй. Фактычна, Украіна вельмі хоча, каб Беларусь была для яе сябрам, але словы – словамі, а справы – справамі.

Поўны пералік гарадоў Укрпошты, у якіх не працуюць паштовыя аддзяленні, таксама можна знайсці на сайце ukrposhta.ua.

Ці ёсць у вас блізкія, якія жывуць у зонах узброеных канфліктаў? Як вы з імі звяз­ваецеся? Дасылайце свае гісторыі на e-mail
regionnews@gmail.com
або тэлефануйце (8-0176) 53-78-06, (8-029) 676-84-20.