Вы ведаеце, чаму Чырвоная кніга называецца чырвонай?

Калі выхавальнік маладзечанскага садка №35 Паліна Сарокіна спытала пра гэта ў сваіх выхаванцаў, атрымала адразу некалькі адказаў. Ды такіх, што не кожны дарослы дадумаўся б.

Арганізатары конкурсу прыдумалі гульні для маленькіх даследчыкаў.

Заўважыўшы дзіцячую цікавасць, педагог разам са сваёй выхаванкай Кацярынай Монід вырашыла зра­біць дас­ледчую працу пад назвай «Чаму Чырвоная кніга так называецца». Праца атрымалася.

Атрыманаму медалю дзяўчынка ўзрадавалася больш, чым першаму месцу.

На абласным конкурсе «Я – даследчык» у намінацыі «Мая радзіма – Беларусь» дзяўчынка заняла першае месца. Цяпер яна рыхтуецца высту­паць на нацыянальным конкурсе.

Як абіралі тэму

– Бацькі Каці – прафесійныя фатографы,­ – кажа намеснік за­гад­чыка па асноўнай дзейнасці садка Ганна Пятроўская. – Таму ад­разу думалі, каб даследчая праца была пра фотаздымкі. Але саму дзяўчынку фотаздымка не цікавіла. А каб атрымалася добрая даследчая праца, трэба, каб тэма сыходзіла ад дзіцяці.

Кацярына (у цэнтры) каля свайго стэнда.

На адным з заняткаў выхавальнік распавядала дзецям пра жывёл, што ёсць у Беларусі. Згадала Чырвоную кнігу. Тады Каця спытала, чаму кніга так называецца? Дзеці пачалі прыводзіць гіпотэзы.

Убачыўшы дзіцячую за­ці­каўленасць, выхавальнік зразумела: вось тэма даследчай працы.

Разам з педагогам Палінай Сарокінай і бацькамі Каця пачала рыхтаваць сваё даследаванне. Трэба было разгледзець кожную версію і выбраць правільную.

Гіпотэза 1. Кніга называецца чырвонай, бо ў ёй шмат раслін чырвонага колеру

Пайшлі ў бібліятэку. Узялі Чырвоную кнігу, дзе прадстаўленыя расліны. Перагледзелі ўсе. Кожную пазначалі на спецыяльнай схеме пэўным колерам. У выніку атрымалася, што чырвоных – толькі трэцяя частка. Гіпотэза на пацвердзілася.

Гіпотэза 2. Кніга называецца чырвонай, бо ў яе чырвоная вокладка

Дзяўчынка адкрыла для сябе, што ў Беларусі дзве Чырвоныя кнігі. У адной прадстаўленыя рэдкія жывёлы, у другой – расліны.

Маленькія даследчыкі хадзілі адзін да аднаго ў госці.

Кніга пра расліны, сапраўды, чырвонага колеру. А вось пра жывёл –  белая. І другая гіпотэза не пацвердзілася.

Гіпотэза 3.  Назва кнігі з таго, што на беларускім сцягу шмат чырвонага

Гэта сцвярджэнне маленькая даследчыца правярала разам з баць­камі. Дома паглядзелі па карце, якія краіны мяжуюць з Беларуссю. Пасля разгледзелі, якога колеру ў іх сцягі.

Аказалася, што на сцягах некаторых краін чырвонага мала або няма зусім. Але ж такія кнігі ёсць ва ўсіх.

Гіпотэза 4. Чырвоны колер – сігнал папярэджання і небяспекі

Тут прыгадалі, дзе яшчэ ў жыцці мы сустракаем чырвоны колер. Святло святлафора – небяспека. Рамкі на дарожных знаках. Нават чырвоная кнопка на кране з гарачай вадой папярэджвае нас, каб не апякліся.

Так дзяўчынка прыйшла да высновы, што чырвоны – колер небяспекі і папярэджання аб тым, што жывёлы і расліны могуць знікнуць і таму іх трэба берагчы.

Тэкст выступлення не завучвалі

– Тое, што нам, дарослым, здаецца зразумелым, а для дзіцяці-дашкольніка – тэма адкрытая, – каментуе працу Каці Монід Ганна Пятроўская.

Пераможца з бацькамі.

Рыхтуючы даследаванне, Каця зрабіла для сябе пэўныя адкрыцці. Напрыклад, даведалася, што ў Расіі алень занесены ў Чырвоную кнігу, а ў Беларусі – не. Што жывёл і раслін ахоўваюць у запаведніках і заказніках. Ганарылася дзяўчынка і тым, што разам з бацькамі была ў запаведніку на Браслаўскіх азёрах.

Па словах намесніка загадчыка, на Кацю педагогі звярнулі ўвагу з трох гадоў.

Дзяўчынка спакойная, не выскачка. Падымае руку толькі тады, калі дакладна ведае адказ. Каця – цікаўная, ёй добра даецца матэматыка.

Перад выступленнем крыху хвалявалася. Але страху перад публікай не было.

– Мы спецыяльна вырашылі не завучваць тэкст выступлення, – кажа Ганна Пятроўская. – Заўсёды бачна, калі дзіця гаворыць завучаным тэкстам. Перад Кацяй стаяў стэнд з фотаздымкамі. І яна, гледзячы на стэнд, сваімі словамі расказвала пра кожны этап працы.

На абласным конкурсе больш узрадавалася сертыфікату і медалю, чым першаму месцу.

Вывучаць колеры Каці спадабалася. Сказала, што працягне гэтым займацца. І наступны колер – чорны.

Фотаздымкі забяспечаныя Ганнай Пятроўскай.