Міхаіл Невядомскі працуе разам з жонкай Ганнай у таварыстве невідушчых. Фота аўтара.

Гадуе 13 унукаў, іграе на баяне і гітары, умее класці плітку, выдатна працуе з дрэвам, займаецца грамадскай дзейнасцю. Гэта ўсё – пра валожынца Міхаіла Невядомскага, чалавека, які страціў зрок у 15-гадовым узросце.

17 год Міхаіл – бяззменны старшыня Валожынскага таварыства невідушчых. Штодзень раніцай разам з жонкай Ганнай яны ўдваіх едуць на працу.

«Я для яго і жонка, і суправа­джальнік, і кіёк, і сакратар» – жартуе жанчына, якая працуе разам з мужам у Таварыстве невідушчых.

Разам з Міхаілам Ганна 17 год. Пазнаёміліся тут жа, у таварыстве. На ўліку стаяў брат Ганны.

Траціць зрок паступова лепш, чым адразу

Міхаіл родам з Валожыншчыны. Нара­дзіўся ў Пяршаях. Чатырохгадовым дзіцем перахварэў на залатуху. Ад гэтага пачаў тра­ціць зрок. У канцы 1960-х маці вазіла сына да дактароў у Маскву. Там прапаноўвалі аперацыю. Але яна не пагадзілася. 50 працэнтаў зроку яшчэ было.

Вучыцца хлопчык пачынаў у звычайнай школе ў Пяршаях. А ў восем год паехаў у спецыялізаваную школу ў Гродна. Там вучыліся невідушчыя і дзеці са слабым зрокам.

– Шмат было хлопчыкаў, якія страцілі зрок з-за таго, што падарваліся на мінах часоў Другой сусветнай. У большасці з іх былі да таго ж адарваныя і кісці рук.

У Гродне Міхаіл ра­зам са звычайнай школай скончыў музычную: навучыўся іграць на баяне. А зрок да таго часу знік зусім.

– Я лічу, што стра­ціць зрок раптоўна куды горш, чым паступова, – дзеліцца мой субяседнік. – Калі зрок знікае не адразу, ёсць больш магчымасцяў прыстасавацца да жыцця ў цемры.

У Гродне Міхаіл працаваў на БелТІЗе, займаўся лёгкай атлетыкай, выступаў на спаборніцтвах сярод невідушчых. У пачатку 1990-х сябры паклікалі ў Маскву, пагадзіўся. Але ўрэшце вярнуўся ў родны Валожын.

Сёння Міхаіл Невядомскі да абеду працуе ў Таварыстве невідушчых ад Цэнтра тэрытарыяльнай занятасці, пасля абеду і да позняга вечара – дома. Тут ад прадпрыемства БелТІЗ збірае электрапрыборы. За гэту працу атрымоўвае не менш за 350 рублёў.

Відушчыя суседзі прыходзяць параіцца

Усё па доме робіць сам. Нават відушчыя суседзі прыходзяць да Міхаіла па параду або інструмент.

Па словах субяседніка, працаваць з дрэвам палюбіў з дзяцінства. Часта круціўся каля свайго дзядулі, які працаваў сталяром.

Таварыства невідушчых Міхаіл узначаліў 17 год таму, пасля франтавіка Станіслава Сакалоўскага.

Цяпер тут 70 чалавек. Як старшыня таварыства Міхаіл заўсёды выступае за інтарэсы сваіх падапечных:

– Іду ў райвыканкам і нагадваю пра тое, што ў 2015 годзе Беларусь падпісала Міжнародную канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. Значыць, павінны выконваць патрабаванні гэтай канвенцыі.

Па калідорах райвыканкама Міхаіл ходзіць самастойна, без жонкі. Не бачыць, але ведае, дзе чый кабінет. Кажа, тут да яго слоў прыслухваюцца.

Далучыліся да распрацоўкі мясцовай павесткі

Калі Валожын абралі пілотнай тэрыторыяй для падпісання «Павесткі 50» – дакумента, які дапамагае выконваць палажэнні Канвенцыі ААН на мясцовым узроўні, Міхаіл актыўна ўключыўся ў працу.

Звяртаў увагу на тое, каб у дакуменце былі прадстаўленыя інтарэсы людзей з інваліднасцю па зроку і людзей з інваліднасцю ўвогуле.

Фота забяспечанае Ксеніяй Тарасевіч.

– Два гады мы працавалі. Запрашалі кансультантаў з Польшчы і Даніі. Вырашылі, калі горад будзе зручны для людзей на вазку, зна­чыць, ён будзе зручны і для нас, – дзеліцца Міхаіл. – Высокія ж бар­дзюры аднолькава перашкаджаюць усім.

Складальнікі дакумента абіралі толькі такія патрабаванні, якія рэальна можна выка­наць.

Безбар’ернасць

Безбар’ернае асяроддзе патрэбнае людзям з інваліднасцю Валожыншчыны, каб без праблем рухацца па горадзе. Для невідушчых неабходная і тактыльная плітка. Яна папярэдзіць іх пра небяспеку на шляху, падкажа правільны маршрут.

Міхаіл ужо размаўляў пра ўкладку такой пліткі з кіраўніцтвам ЖКГ. Абяцаюць накіраваць сталічных спецыялістаў з Мінска, каб навучылі мясцовых работнікаў класці такую плітку.

Майстэрня па рамонце гаджэтаў

Галасавыя праграмы на мабільных тэлефонах і планшэтах значна спрашчаюць жыццё невідушчага чалавека. Але калі такое прыстасаванне ламаецца, лю­дзі вымушаныя везці іх у іншыя раёны.

– Таму такая майстэрня вельмі патрэбная нам, – лічыць Міхаіл. – Хай яна працуе ў Валожыне хаця б два разы на тыдзень.

У райвыканкаме таксама абяцалі паспрыяць выкананню гэтага пункта павесткі.

Адэкватныя адносіны да дзяцей з інваліднасцю ў школе

Гэты пункт датычыцца дзяцей на вазках. Часта для іх абіраюць надомнае навучанне. Гэта ў многім залежыць ад кіраўніка школы.

Калі ж прыйшоў новы дырэктар, ён дазволіў дзіцяці на вазку вучыцца разам з усімі. Цяпер, па словах Міхаіла, і дзіця задаволенае, і бацькі. А ў аднакласнікаў фарміруюцца добрыя якасці. Атрымліваецца, што гэты пункт ужо выконваюць.

Працаўладкаванне людзей з інваліднасцю

– Мы разумеем, што Валожын – горад маленькі. Працу знайсці цяжка і людзям без інваліднасці. І ўсё ж хочацца, каб працадаўцы не баяліся нас. Каб ра­зумелі, што ёсць такая праца, дзе чалавек з інваліднасцю можа добра спраўляцца – падсумоўвае Міхаіл.

Ёсць у Таварыства невідушчых яшчэ адна просьба. Праўда, не ў межах «Павесткі 50». Але вельмі важная. Хочуць, каб увечары ў Валожыне лепш хадзілі аўтобусы. Часам менавіта ўвечары ладзяць канцэрты ў таварыстве. А каб дабрацца дадому, людзі мусяць наймаць таксі, бо пасля сямі-васьмі з гарадскім транспартам – бяда.

Кампанія «Павестка 50» рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ў
партнёрстве з Fundacja TUS  (Польшча) і грамадскай арганізацыяй  «Еўрапейскі дом» (Данія).
У рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.