Фота забяспечанае Дзмітрыем Касцюком.

Цяпер ФК «Маладзечна» трэніруецца, праводзіць спарынгі і таварыскія гульні. Хутка пачнецца чэмпіянат другой лігі-2019, і каманда ўжо знаходзіцца ў патэнцыйным спісе ўдзельнікаў. А летась у снежні клуб стаў юрыдычнай асобай – значная падзея ў жыцці каманды. Мы пагутарылі з адным з гульцоў і даведаліся, чым сёння жывуць футбалісты.

Дзмітры Касцюк гуляе ў камандзе ад 2001 года, займае пазіцыю паўабаронцы. Плануе ўдзельнічаць і ў гэтым сезоне.

Па словах гульца, цяпер шмат людзей прыязджае на спарынгі, таварыскія гульні, цалкам каманда пакуль не сфарміраваная. Але касцяк, хутчэй за ўсё, застанецца.

Не хапае поля для трэніровак

Трэніруюцца тры разы на тыдзень, таксама бегаюць у зале, у выхадныя выязджаюць у Чысць ці на таварыскія гульні. Але ў пасёлак, дзеліцца мужчына, ездзіць нязручна.

– Цяпер маленькі дзень, гульцы – людзі рабочыя, пакуль даедзеш, трэба ўжо вяртацца.

Дзмітры адзначае, поле ў горадзе добрае і па якасці, і па інфраструктуры,  але не хапае месцаў для трэніровак.

– Бяда маладзечанс­кага футбола ў цэлым, не толькі каманды, што няма трэніровачнага поля. Чамусьці яно ёсць у Чысці, дзе жывуць, прабачце, два з паловай чалавекі, а ў нас няма. Столькі гульцоў, а калупаюцца ў гразі, потым прыязджаюць на вялікія палі і не ведаюць, што рабіць, – кажа футбаліст. – Хочацца, каб трыбуны падфарбавалі, акультурылі, бо быццам у 90-х. А вось што нядаўна знеслі рашоткі, добра.

Дзмітры спадзяецца: тое, што клуб стаў юрыдычнай асобай пойдзе толькі на карысць. І, нарэшце, будзе прасоўванне маладзечанскага футбола.

– Горад ужо не адзін дзясятак гадоў знаходзіцца на дрэнных пазіцыях. Гэта не задавальняе ні гульцоў, ні заўзятараў.

Калі трэба сыходзіць з каманды

Дзмітры працуе на чыгунцы рамонтнікам, абслугоўвае чыгуначныя масты.

– Мне 32 гады, за час, праведзены ў камандзе, разумееш, футбол – больш, чым проста хобі. Вядома, кожны падрыхтоўчы перыяд даецца цяжка, цяпер футбол – сапраўдная праца. Калі пачнуцца гульні, будзе лягчэй. Падчас сезона гэта работа мае вялікія элементы адпачынку, адрэналіну, сустрэч і эмоцый, – расказвае футбаліст. – Калі няма агеньчыка ў вачах, а гульня пачынае нагадваць руціну, пара сыходзіць з каманды. Але мне дагэтуль цікава, хочацца сабе даказаць, што мы можам больш.

Таксама гулец хоча прыкласці свой досвед і веды, каб дапамагчы моладзі развівацца. Каб клуб стаў для юнакоў прыступкай у больш буйныя каманды.  У камандзе трэніруюцца гульцы ад 16 да 40 гадоў.

Першая задача, прызнаецца Дзмітры, вывесці каманду ў першую лігу.

Футбалісты падтрымліваюць форму і зімой. Займаюцца ў арандаваных залах, бегаюць, удзельнічаць у турнірах па міні-футболе. «Футбола хапае, не засумуеш», смяецца Дзмітры.

Сын ужо задумваецца пра футбол

Мужчына прыйшоў у футбольную секцыю прыкладна ў сем гадоў. Займаўся ў дзяцінстве плаваннем, каратэ, але прызнаецца, футбол зачапіў больш. Кажа, у дзяцінстве падабалася каманда «Ювентус».

Цяпер у яго самога двое дзяцей. Аднагадовай Злаце задумвацца пра гульні пакуль рана, але Багдан, якому чатыры, ужо паспеў наведаць футбол.

– Сын ужо прасіў мячык паганяць. Калі-нікалі пралятае фраза, што хоча быць футбалістам. Думаю, дзіця ў спорт трэба аддаваць найперш для здароўя і фізічнага развіцця.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский