У Маладзечне разбілі шкло ў машынах і выкралі з салонаў аўтамабіляў каштоўныя рэчы. Падазраюць двух 19-гадовых хлопцаў

Першыя паведамленні пра пашкоджанні аўтамабіляў у міліцыю сталі паступаць месяц таму. Усяго зламыснікі разбілі шкло ў чатырох машынах, прыпаркаваных на стаянцы па Элеватарнай. Аўтамабілі пэўнай маркі і мадэлі яны не выбіралі. У спісе «пацярпелых» – Сітраен, Форд, Пежо і ГАЗ. Па словах пацярпелых, з салонаў нічога не скралі.

Аказалася, “транспартная эпапея” на гэтым не скончылася. Неўзабаве паступілі заявы аб пашкоджанні аўтамашын па Маркава і Лебедзеўскай. З салона адной скралі панэль аўтамагнітолы, з другой – відэарэгістратар з флэш-картай.

Міліцыя затрымала магчымых зламыснікаў «па гарачых слядах» пасля чарговага начнога крадзяжа. З салона аўтамашыны на Чайкоўскага яны скралі навігатар. Каб залезці ў салон, як і ў папярэдніх выпадках, проста разбілі шкло і выцягнулі здабычу. Матэрыяльныя страты заяўнік ацаніў у 100 рублёў.

У крадзяжах і хуліганстве падазраюць двух беспрацоўных хлопцаў 2000-га года нараджэння. Адзін з іх, жыхар Маладзечанскага раёна, раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж. Да яго ўжылі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Другога фігуранта, жыхара Маладзечна, акрамя гэтага правяраюць і на дачыненне да проціпраўных дзеянняў супрацоўнікі аддзялення наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі.

Фота uvd-mo.gov.by.

Скрадзенае канфіскавалі. Па словах падазроных, рэчы яны планавалі збыць, але не паспелі. Цяпер маладзечанскія сышчыкі правяраюць фігурантаў на дачыненне да іншых аналагічных злачынстваў.

 

• Текст доступен на языке: Русский