У Маладзечне сутыкнуліся Toyota і Mercedes

ДТЗ адбылося на скрыжаванні вуліц Скарыны і Снежнай 22 сакавіка ў 17:32. Пра гэта “РГ” расказаў старшы інспектар аддзела ДАІ Маладзечанскага РАУС Сяргей Бартош.

Toyota Highlander рухалася па Снежнай па галоўнай дарозе ў напрамку Ляшковіча (гаражны кааператыў №21). Па словах кіроўцы, жыхара Маладзечна 1982 года нараджэння, ён ехаў з хуткасцю 50 км/г. На скрыжаванні Скарыны і Снежнай убачыў Mercedes-Benz А160, які ехаў на вялікай хуткасці па другаснай дарозе. Кіроўца зразумеў, што будзе ДТЗ, узяў правей і прытармазіў. Але сутыкнення пазбегнуць не атрымалася. Падчас ДТЗ яго аўто адкінула ўправа.

Як паведаміў супрацоўнікам ДАІ кіроўца Mercedes, маладзечанец 1946 года нараджэння, ён ехаў па Скарыны ў напрамку крамы “Алмі” з хуткасцю 40 км/г. На скрыжаванні ўбачыў, што справа на вялікай хуткасці едзе Toyota. Прытармазіў, але ДТЗ адбылося. Устанавілі, што ў вадзіцеля Mercedesа адсутнічаў тэхагляд.

Кіроўцу Mercedesа даставілі ў ЦРБ з закрытай траўмай правага плечавога сустава, з рэзанымі ранамі твару і вуха. Яму аказалі медыцынскую дапамогу і адпусцілі дадому.

За стварэнне аварыйнай абстаноўкі і адсутнасць тэхагляду на кіроўцу Mercedesа склалі пастанаўленні па артыкуле 18.14 частцы 10 і па артыкуле 18.12 частцы 5 КаАП.

• Текст доступен на языке: Русский