«Як я малада ў матулькi жыла, як вiшанька у садочку цвiла, цвiла, цвiла да пацвiтывала, з кавалерамі да пагулiвала», спявае Вера Севярын, якая 19 сакавіка адзначала дзень нараджэння. Ёй споўнілася 100 гадоў.

Вера Севярын – у дзявоцтве Слуцкая – нарадзілася 19 сакавіка 1919 года ў Каралеўцах, што на Вілейшчыне. У яе маці, Зінаіды, было 12 дзяцей, але сямёра з іх памерлі ў маленстве. Вера нарадзілася вельмі слабая, амаль штодзень яе насілі ў царкву ў Іжу. І дзяўчынка выжыла.

– Мы часам кажам: «Мама, гэта твае бра­ты і сёстры, якія памер­лі, аддалі табе свае жыцці», – дзеліцца дач­ка гераіні Раіса Гарбунова. – Мо, дзеці паміралі, бо дзед быў старэйшы за бабулю на 12 год. І час цяжкі быў.

Вера скончыла чатыры класы царкоўнай школы ў Каралеўцах. Ад 17 гадоў ездзіла на заробкі ў Латвію – працавала даяркай.

З сяброўкамі з Каралеўцаў. Вера Севярын у ніжнім шэрагу злева. Фота забяспечанае Раісай Гарбуновай.

За шлюб у царкве мужа звольнілі

З будучым мужам Іосіфам Севярынам Вера пазнаёмілася на танцах – так званых «вечарушках». Іосіф прыехаў да сваёй цёткі. Праз пару гадоў пасля знаёмства, у 1940-м, ажа­ніліся. Раіса ўзгадвае, тады бацька працаваў прадаўцом у лаўцы. З маці пабраўся шлюбам у Іжы ў цар­к­ве. Дык за тое, што павянчаўся, яго зволь­нілі на другі дзень. Маладыя пераехалі ў вёску Золькі.

Падчас вайны Вера жыла ў Зольках са свёкрам і мачахай мужа, з яго старэйшым братам і сям’ёй брата. Дзевяць чалавек у адной хаце. Іосіф ваяваў на Першым беларускім фронце.

– Памятаю, як да мужа падчас вайны ездзіла на счапленні вагонаў, – узгадвае Вера. – Не ведаю, як даехала, напэўна, бог вёз.

Муж Веры быў у палоне

Прызваны ў пачатку Другой сусветнай вай­ны ў польскую армію, Іосіф трапіў у нямецкі палон у Сувалкі – горад на тэрыторыі сучаснай Поль­шчы. Прабыў там 14 тыдняў, потым уцёк з Іосіфам Аненкам з суседняй вёскі, які таксама быў у палоне. Але муж Веры так аслабеў, што дайшоў толькі да Вільні.

– У палоне жылі на адкрытай мясцовасці, у гразі, голадзе і холадзе, усе былі ў вошах. Бацька ўспамінаў, як немцы гналі на працу і білі бізуном. Таварыш яго дайшоў да вёскі, сказаў бацьку Іосіфа Івану, што сын сам дайсці не можа. Дык той прывёз яго на кані. А там да нас было каля 80 кіламетраў, – кажа Раіса.

Суразмоўцы ўзгад­ваюць такі выпадак. Бацька Іосіфа раман­таваў боты, для гэтага нацягваў іх на капыл – кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак. Калі Іосіф прыйшоў з вайны, прынёс старэйшаму сы­ну батон, падобны на сайку. А той не зразумеў, што гэта такое, падбег да дзеда і кажа «Дзед, дзед, тут табе тата капыл прывёз».

Пра бацьку пісалі ў газетах

Пасля вайны пабу­давалі асобны дом. Усё жыццё Вера пра­жыла ў Зольках. Пра­цавала ў калгасе і стала заслужаным кал­гаснікам, займалася гаспадаркай, гадавала траіх дзяцей – дачку і двух сыноў, Міхаіла і Яўгена.

Іосіф быў старшынёй калгаса «Чырвоная зорка» 13 гадоў. Потым працаваў загадчыкам фермы, брыгадзірам калгаса імя Кірава, які аб’яднаўся з «Чырвонай зоркай».

– Бацьку маглі не бачыць днямі. Раніцай падымаўся і ішоў пра­цаваць. Бачылі яго, як «Красна сонейка». Тата быў харошы і сумленны чалавек. Пра яго і ў газетах пісалі. Прыгожа пісаў – ні адзін з сыноў не мог падрабіць почырк, калі хацеў паправіць заўвагу са школы, – смяецца Раіса. – Маці таксама заўжды працавала. У вёсцы ж трэба і скаціну пакарміць – а ў нас былі і куры, і свінні, , і агарод дагледзець, і траву пакасіць.

Са знаёмымі з суседняй вёскі. Вера Севярын справа. Фота забяспечанае Раісай Гарбуновай.

Святкавалі дні нараджэння ў адзін дзень

У 1974 годзе Вера выйшла на пенсію. У яе шэсць унукаў і восем праўнукаў. Апошнім часам жанчына жыве ў Маладзечне ў дачкі, у Золькі яе возяць толькі летам.

Наша гераіня – не адзіная доўгажыхарка ў сям’і. Верын бацька, Іван, які жыў у Каралеўцах, дажыў да 95 год і памёр ад старасці. Сястры Надзеі не стала ў такім жа ўзросце. А вось муж Іосіф памёр ад анкалогіі ў 81 год.

Па словах Раісы, раней у вёсцы было прыкладна 40 хат, цяпер зімой занятыя менш за дзесяць. Штогод насельніцтва Золек змяншаецца. Доўгажыхароў амаль няма, толькі ў другім канцы вёскі ёсць жанчына, якой 90 год. І ўсё. «Карацей кажучы, мама ў нас «Аленькі цвяточак», смяецца Раіса.

– Раней весялей было. Выходзіш на вуліцу – дзяўчаты сядзяць, спяваюць. А цяпер сяджу, гляджу тэлевізар калі-нікалі. Перад сном, калі ўзгадваю ўсё, думаю, мо, пакрыўдзіла каго з блізкіх, ціск падымаецца адразу, – дзеліцца Вера.

У дзень нараджэння ўнукі тэлефанавалі ёй з Брусэля, Германіі, Наваполацка.

– Бацька, маці і мой першы муж нарадзіліся ў адзін дзень – 19 сакавіка. Таму заўжды мамін дзень нараджэння спраўляем. І ў вёсцы, і дома, традыцыя захавалася. Там, дзе мама, заўжды шмат людзей, – кажа Раіса.