Маладзечанскія школьнікі вывучаюць, наколькі катастрафічна мы псуём экалогію. Для гэтага яны распрацоўваюць навуковы праект. У яго межах вучні сярэдняй школы №5 ўжо правялі шэраг даследаванняў.

Адным з іх стаў майстар-клас і акцыя, якую правялі 15 сакавіка.

Вядучай майстар-класа выступіла экалагічны актывіст і журналіст, адзін з аўтараў “РГ” Аляксандра Парахня. Паводле яе словаў, дзеці нашмат больш адкрытыя новаму і гнуткія. Таму менавіта праз іх прасцей змяніць спажывецкія звычкі сям’і. Калі дзіця вяртаецца дадому і ўражана расказвае пра тое, наколькі засмечаная планета, звычайна мама і тата ўспрымаюць гэта і падтрымліваюць імкненне дзіцяці жыць больш экалагічна дружалюбна.

Лепш пластыкавы кубак ці папяровы?

У дзяцей больш развіта суперажыванне. Таму калі яны бачаць здымак чарапахі, якая заблыталася ў пластыкавым пакеце і задыхнулася, гэта іх уражвае больш, чым дарослых.

На падобных сустрэчах трэба не толькі ўпэўніць, чаму крытычна важна клапаціцца пра прыроду. Але і расказаць, як гэта рабіць у паўсядзённым жыцці. Пасля дзеці прыносяць гэтыя веды дадаму, і сям’я можа пачаць жыць крыху больш экалагічна.

Школьнікі ў групе былі падрыхтаваныя, і маглі адказаць на многія пытанні трэнера. Напрыклад, па якіх кантэйнерах сартыруюць смецце. Але некаторыя маманты былі навінкай. Аднаразовыя кубачкі для кавы, якія звонку папяровыя, зусім не бясшкодныя. Унутры яны пакрытыя плёнкай, таму іх нельга перапрацаваць, як паперу.

І пластыкавыя, і папяровыя кубачкі шкодзяць прыродзе. Самы экалагічны кубак – шматразовы з керамікі або шкла. Зусім няцяжка яго памыць.

Пластыкавы пакет раскладаецца каля 400 год.

Дзяўчат уразіла, што мікрагранулы ў многіх скрабах – гэта пластык, які пасля трапляе проста ў сусветны акіян. А чэкі нельга сартыраваць у паперу, таму што гэты прадукт не перапрацоўваюць.

Парахня прапанавала школьнікам пагуляць у сартыроўку смецця – разабраць, што ў які кантэйнер трэба выкідаць. Вучні задавалі шмат пытанняў і актыўна далучаліся да ўсіх прапаноў.

Калі іншыя школы хацелі б правесці такі майстар-клас для сваіх вучняў, трэнер ахвотна дапаможа дзецям вучыцца экалагічнасці.

Пакет бярэ кожны трэці

Пасля майстар-класа вучні пайшлі на плошчу Старое Места. Яны трымалі палатняныя торбачкі з пазітыўнымі надпісамі. А адзін удзельнік трымаў пластыкавы пакет з шыльдай “усе памруць, а я застануся”.

Дзеці размаўлялі з прахожымі, расказвалі ім пра тое, як шкодна бяздумна браць пластык. А калі выкарыстоўваць пластыкавы пакет, то шматразова. Многія адмахваліся і не ішлі на кантакт.

– Мы зрабілі выснову, што жыхары мала ведаюць пра тое, як у штодзённым жыцці шкодзяць экалогіі, – расказала настаўніца нямецкай мовы школы №5 Зоя Дылеўская. – Адразу пыталіся, чым жа замяніць пакет. Можна торбай з тканіны. Калі немагчыма пазбавіцца ад пакета, то выкарыстоўвайце яго шматразова.

Колькі смецця ад маладзечанцаў

Акцыю і майстар-клас школьнікі праводзілі ў межах падрыхтоўкі навуковай даследчай працы па нямецкай мове. Увесь 6 «б» заняты праектам. У красавіку з вынікам даследавання выступіць вучань Іван Страх.

Калі дзеці думалі над тэмай працы, Ваня пабачыў дакументальны фільм пра тое, як кіт памірае ад пластыку. Гэтая тэма зачапіла школьнікаў, і яны пачалі даследаваць маштаб катастрофы ў Маладзечне.

Пыталіся пра сітуацыю ў крамах на 45 вуліцах, якія замацаваныя з школай. У адным з буйных магазінаў расказалі, што пластыкавы пакет звычайна бярэ кожны трэці пакупнік. За люты толькі з гэтага аднаго магазіна пакупнікі вынеслі 6-9 тысяч пакетаў.

“Камунальнік” распавёў, што на аднаго жыхара Маладзечна ў год прыходзіцца 172 кілаграмы смецця. І кожны дзень на звалку за горадам разам з іншым смеццем вывозяць 100 кілаграмаў пластыкавых адыходаў.

У межах працы над праектам дзеці наведалім і звалку. Убачылі горы смецця, птушак і бездань пластыку. Тэма даследавання паўстала перад вачыма ў поўны рост.

Сваім даследаваннем школьнікі хочуць звярнуць увагу на тое, наколькі вялізны маштаб праблемы экалогіі. Гэта не аддаленыя праблемы з кітамі ў далёкім акіяне. Гэта па сто кілаграмаў пластыку ў дзень, якія застануцца пад Маладзечнам на стагоддзі. І гэтая гара павялічваецца з кожным пакетам, які вы берыцё на касе.

• Текст доступен на языке: Русский