Фота politring.com.

Унікальны інтэрактыўны макет Крэўскага замка – новы праект з серыі VKL3D “Апыніся ў сэрцы гісторыі!”, створанага з выкарыстаннем тэхналогіі 3D-друку, прэзентавалі ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Музей сумесна са спецыялістамі кампаніі “Полімедыя” прадставіў новы падыход да рэканструкцыі архітэктурных помнікаў на прыкладзе інавацыйнага макета Крэўскага замка.

У рэалізацыі праекта паўдзельнічалі стваральнік серыі VKL3D мастак Ахрэм Белабровік і навуковы кансультант Андрэй Шулаеў. Мадэль замка стваралася на падставе гістарычных, археалагічных і архіўных даследаванняў.

“Гэта дакладны макет Крэўскага замка ў прапорцыі 1:200, які ствараўся ў лічбе, затым для яго друку выкарыстоўваліся некалькі 3D-друкарак. На гэта спатрэбілася каля 180 гадзін. Дбайнае дэкарыраванне зрабіла пластык падобным на сапраўдны камень, зямлю, ваду. Унікальным макет Крэўскага замка робіць яго інтэрактыўнасць “, – сказаў намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой.

Паводле яго слоў, сам па сабе макет статычны, але ён ажывае, дзякуючы тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. “Праз планшэт, які будзе падавацца наведвальнікам, можна разгледзець дэталі кожнай вежы, сцены, паглядзець, з чаго ён складаўся, на рыцараў, якія знаходзяцца ўнутры, птушак, якія лётаюць над замкам, паходні ля ўваходу, якія асвятляюць дарогу”, – адзначыў намеснік дырэктара.

Гэта пілотны праект. У перспектыве наведвальнікі атрымаюць магчымасць убачыць эвалюцыю гэтага замка пры прадастаўленні музею пэўнай гістарычнай інфармацыі. “Гэта значыць на макеце мы бачым яго статычным, а можна будзе ўбачыць яго разбурэнне праз стагоддзі. Замак прымаў удзел у Першай сусветнай вайне, нават была Крэўская наступальная аперацыя рускай арміі, калі ён вельмі моцна пацярпеў. Менавіта тут заключылі Крэўскую унію. Гэты замак досыць цікавы, бо ва ўсіх стагоддзях прымаў удзел у палітычных і ваенных падзеях, таму праект мы вырашылі зрабіць менавіта на аснове Крэўскага замка. Будзем імкнуцца выкарыстоўваць яшчэ шэраг тэхналогій, каб да моманту, калі Гістарычны музей пераедзе ў новы будынак, мы маглі ўзрадаваць наведвальнікаў усімі інтэрактыўнымі праектамі, якія цяпер найбольш папулярныя ў свеце”.

Сёлета інтэрактыўны макет Крэўскага замка прадэманструюць на выставе “ТІБО-2019”, у Спартыўнай вёсцы на II Еўрапейскіх гульнях, макет будзе прымаць удзел у Дні беларускага пісьменства ў Слониме.

• Текст доступен на языке: Русский