ДАІ праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Будзь прыкладам свайму дзіцяці!»

Сёлета ў студзені-лютым у рэспубліцы непаўналетнія сталі ўдзельнікамі 44 ДТЗ, у якіх 2 дзіця загінула, 46 атрымалі траўмы.

Большасць пацярпелых дзяцей – пешаходы(68,7%; 33 з 48). Пры гэтым 25 (75,8%) непаўналетніх атрымалі траўмы з-за вадзіцеляў, 18 з іх – на пешаходных пераходах.

15 (31,3%) непаўналетніх сталі ўдзельнікамі ДТЗ, з’яўляючыся пасажырамі. Пры гэтым кожны трэці непаўнагадовы пасажыр перавозіўся з парушэннем устаноўленых правіл.

Аналіз здарэнняў з удзелам непаўналетніх сведчыць, што асноўная прычына траўматызму дзяцей – паводзіны дарослых, у першую чаргу кіроўцаў.

Падчас школьных канікул і перад пачаткам новай вучэбнай чвэрці ёсць пагрозы забеспячэння бяспекі дзяцей на дарозе.

Летась у Маладзечанскім рэгіёне з удзелам непаўналетніх адбылося шэсць ДТЗ. У іх дзеці атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Сёлета – адно ДТЗ, у якім дзіця атрымала цялесныя пашкоджанні.

20 лютага каля 17:00 па Замкавай ля д.72 маладзечанка 1978 года нараджэння, кіруючы Hyundai I30, рухалася з боку Вілейкі ў напрамку Віленскай. Яна наехала на жыхарку Маладзечна 2004 года нараджэння. Тая пераходзіла праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе злева направа па руху аўто. Пацярпелая – навучэнка 9 “В” класа СШ№1. Кіроўца пра ДТЗ не паведаміла, з месца аварыі з’ехала.

На наступны дзень дзяўчына звярнулася ў Маладзечанскую ЦРБ.

У ДТЗ дзіця атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму, удар мяккіх тканак галавы. Яе шпіталізавалі ў хірургічнае аддзяленне дзіцячай бальніцы.

Для своечасовага забеспячэння бяспекі дарожнага руху, папярэджання ДТЗ з удзелам непаўналетніх, ДАІ ад 27 сакавіка па 5 красавіка праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Будзь прыкладам свайму дзіцяці!».

Правядуць інфармацыйна-растлумачальную работу па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Увагу нададуць праблеме траўматызму малалетніх пасажыраў, выкарыстанню дзіцячых утрымлівальных прылад, адпрацоўцы вуліц і дарог па выяўленні парушэнняў ПДР дзецьмі і прыцягненню дарослых да адміністрацыйнай адказнасці.

Супрацоўнікі міліцыі грамадскай бяспекі выступяць у працоўных калектывах, установах адукацыі, патлумачаць правілы бяспечнай перавозкі дзяцей у аўтамабілі, перавозкі арганізаваных груп дзяцей. Пакажуць прафілактычныя відэафільмы, патлумачаць правілы бяспечных паводзін на дарозе і ў транспарце.

Пракантраліруюць выкананне правілаў вадзіцелямі аўтобусаў, якія перавозяць групы дзяцей, ПДР у тым ліку у месцах стаянак аўтобусаў, каля тэатраў, музеяў, спартыўна-забаўляльных цэнтраў. І выкананне кіроўцамі індывідуальнага транспарту правілаў перавозкі непаўналетніх пасажыраў.

• Текст доступен на языке: Русский