Пад Асіповічамі згарэў адзіны прытулак для птушак. Загінулі каля 400 птушанят, тых, хто выжыў няма чым карміць

У Асіповіцкім раёне раніцай 27 сакавіка згарэў птушнік адзінага ў Беларусі прытулку для дзікіх птушак. У агні загінулі індычкі, два буслы. Уладальнікі прытулку «Ахова прыроды», сям’я Сталяровых, паспелі выратаваць дзевяць буслоў і двух страўсаў – тыя выскачылі з палаючага будынка і да гэтага часу блукаюць недзе па наваколлі, піша news.tut.by.

ЧПУ «Ахова прыроды» было створана на аснове прытулку «Птушыны двор» ў 2017 годзе. Сам жа прытулак існуе з 2013 года і займаецца лячэннем і рэабілітацыяй дзікіх птушак. А таксама па магчымасці аказвае дапамогу і іншым дзікім жывёлам, часам сабакам і кошкам.

Птушнік загарэўся каля 04:30 раніцы. Гаспадары зразумелі гэта толькі тады, калі ў электралічыльніку выбіла пробкі. Выбеглі ў двор – а птушнік знаходзіцца на досыць вялікай адлегласці ад дома, – убачылі «полымя вышэй дрэў».

Справіцца з агнём самастойна сям’я б не змагла, бо помпа, якая падавала ваду, не працавала з-за адключэння электрычнасці. Таму сям’я вырывала загарадзі, каб па іх полымя не перакінулася на астатнія пабудовы на ўчастку. Ратавальнікі, якія прыбылі, патушылі полымя.

У агні загінулі каля 400 індычак двухтыднёвага ўзросту, два буслы і згарэў корм для астатніх гадаванцаў сям’і.

– Індычак мы разводзілі для таго, каб зарабіць на корм ўсім астатнім птушкам. Цяпер карміць іх няма чым і няма за што: у нас застаўся толькі заробак з асноўных месцаў працы, – кажа Жана.

Прычыну пажару усталёўваюць. Не выключаная версія падпалу.

Птушнік быў таксама месцам зімоўкі для птушак. Цяпер у гаспадароў прытулку праблема: дзе размясціць птушак і чым іх карміць. Кажуць, будуць рады любой дапамозе – рукам, будматэрыялам, грошам. Яшчэ і страўсаў знайсці трэба, адзін з іх раней ужо збягаў.

• Текст доступен на языке: Русский