Фота Сяргея Кірыевіча.

Павел Кірыевіч, 22-гадовы каратыст з Вілейкі, у складзе зборнай Беларусі возьме ўдзел у чэмпіянаце Еўропы, які адбудзецца ад 29 па 31 сакавіка ў Іспаніі, піша МЛЫН.BY.

Спаборніцтвы пройдуць у Гвадалахара – горадзе ў цэнтральнай частцы Іспаніі, у 60 кіламетрах ад Мадрыда. Як расказаў карэспандэнту МЛЫН.BY Павел Кірыевіч, ён выступіць у камандным кумітэ.

– У мужчынскім камандным кумітэ за медалі будуць змагацца прадстаўнікі прыкладна 20 краін, – распавядае Павел. – Кожная дружына складаецца з пяці чалавек. Гэта значыць на рынг выйдуць каля 100 спартсменаў. У нашай камандзе каратысты з Магілёва, Мінска, Пінска і я, з Вілейкі.

Па словах спартсмена, зборная – досыць рэйтынгавая каманда на гэтых спаборніцтвах, беларусы плануюць пазмагацца за медалі.

Напярэдадні каратысты правялі зборы ў рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі». Перад чэмпіянатам Еўропы трэнеры далі падапечным некалькі дзён на аднаўленне і адпачынак.

• Текст доступен на языке: Русский