Заняцца такой творчасцю любы жадаючы зможа ад 15 красавіка. У раённым Доме рамёстваў пад Вілейкай пройдуць майстар-класы. Як паведаміла МЛЫН.BY дырэктар установы Марына Каравай, майстар-класы працягнуцца да самага Вялікадня.

Акрамя таго, яны ўжо карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў школьнікаў, якія прыходзяць у Дом рамёстваў падчас вясновых канікулаў.

Марына Каравай распавяла, што навучае роспісу дасведчаная метадыст-майстар Святлана Лучнікоўская. Як і патрабуе традыцыя, удзельнікі майстар-класа будуць дэкарыраваць сырыя яйкі. Спецыяліст прапануе тры тэхнікі: «пісанка», «драпанка» і «кропанка». Прыгожае яйка ўласнага вырабу можна будзе забраць дадому.

Як адзначыла дырэктар Дома рамёстваў, для Вілейскага раёна характэрныя агульнабеларускія сімвалы.

– Мы не гаворым пра спрадвечна вілейскія сімвалы. У літаратурных крыніцах гаворыцца ў цэлым пра беларускую сімволіку: каласок – сімвал ураджаю, рыба – здароўя, певень – сімвал-абаронца дома ад пажару. Гэтыя сімвалы вілейскія майстрыхі выкарыстоўвалі і ў вышыванцы, і ў пісанцы, а таксама перадавалі з пакалення ў пакалення. А мы, у сваю чаргу, адраджаем не вельмі вядомую самабытную традыцыю, захоўваем яе і папулярызуем не толькі сярод падрастаючага пакалення, але і сярод дарослых, – кажа Марына Каравай.

У штогадовых майстар-класах прымаюць удзел педагогі. Пасля заняткаў многія адмовіліся ад звыклага фарбавання і кожны год да Вялікадня распісваюць яйкі самастойна.

Запісацца на майстар-клас можна ад 15 красавіка па тэлефонах: 8 (01771) 3-51-19 і 8 (044) 753-26-39.