У канцы студзеня ў суполку сайта horodok.by прыйшоў ліст ад жыхара Пяцігорска Івана Шынгура.

«Я не ведаю, куды пісаць. Знайшоў толькі вашу групу. Пішу ад імя свайго стрыечнага дзядулі Шаўлоўскага Леаніда Варфаламеевіча. Ён шукае сваякоў у Беларусі. Летась па пошце прыйшоў ліст аб вышуку Шаўлоўскага Браніслава Фран­цавіча.

Дзядуля рас­павядаў, што яго баць­ка і Браніслаў – родныя браты. У 1941-м Браніслаў пайшоў на фронт і пасля знік без вестак. Апошняе мес­ца пражывання: вёска Леснікі Валожынскага раёна Маладзечанскай вобласці. Калі знойдуцца сваякі ці той, хто валодае якой інфармацыяй, напішыце, калі ласка».

І ўсё. Да паведамлення прыклалі ліст-адказ з ваенкамата, у якім было ўказана, што Браніслава Шаўлоўскага лічыць загінулым у 1941 годзе падчас бамбёжкі на шляху следавання з Валожына ў Ліду ў раёне вёскі Вішнева.

Але пра месца пахавання Шаўлоўскага Браніслава, ды ўвогуле пра канкрэтнае месца бамбёжкі, ніякіх звестак не было.

Займацца гэтай спра­вай узяўся Дзмітры Брыштэн, намеснік кіраўніка групы ваеннай гісторыі «Рубон» з Радашкавічаў. Ён шмат год займаецца тым, што адкрывае таямніцы ваеннага часу, вяртае імёны герояў, што загінулі ў Другой сусветнай.

17 сакавіка мы рушылі ў дарогу, каб даведацца, дзе ўсё ж такі пахаваныя прызыўнікі з Валожынскага раёна, якія загінулі падчас бамбёжкі ля вёскі Вішнева ў першыя месяцы вайны.

Мясцовыя жыхары: пад Вішневам ніякіх бамбёжак не было

Аднак апытанне мясцовага насельніцтва жаданых вынікаў не прынесла. Ніхто не памятаў такога, каб бамбілі Вішнева і яго наваколлі. Затое адзін старажыл расказаў, што падобны выпадак адбыўся паміж вёскамі Сакаўшчына і Агароднікі. Прызыўнікоў, якіх накіроўвалі ў зборны пункт у Валожын, расстрэльвалі немцы, атрады якіх рухаліся з боку Багданава.

Настаяцель царквы святога Казьмы і Дзям’яна айцец Аляксандр і ксёндз Юзаф Благавешчанскага касцёла ў Вішневе распавялі, што пра такія факты ім таксама невядома. Айцец Аляксандр згадаў, што гара насупраць царквы ўсеяная косткамі. Але што і калі тут адбывалася, яму невядома.

Гарнізон у складзе «аднаго кульгавага немца»

Адзін мясцовы жыхар распавёў, што ў Вішневе варожы гарнізон складаўся з «кульгавага немца і кучкі паліцэйскіх».

Дзмітры Брыштэн знайшоў у Нацыяналь­ным архіве Беларусі матэрыял аб складзе гарнізонаў у 1943 годзе з разведзводкі Баранавіцкага пар­ты­занскага злучэння за перыяд ад 20 да 30 лістапада 1943 года:

«Места Валожын – батальён 36-га паліцэйскага палка: 550 чалавек, з іх 130 паліцэйскіх, 60 – лясная ахова, 300 чалавек – войскі СС. Мястэчка Вішнева – 2-гі батальён 36-га паліцэйскага палка, вёска Шапавалы, Камарова, Дайноўка – 3-ці батальён 36-га паліцэйскага палка».

У Нацыянальным архіве Дзмітры Брыштэн знайшоў і пратакол допыту паліцэйскага 51-га шуцманшафт батальёна ад 2 мая 1943 года:

«У горадзе Валожын стаяць дзве гарматы 45 мм і адна такая ж гармата стаіць у Вішневе. У Валожыне гармату ўстанавілі ў казарме, дзе жывуць немцы, унізе пад акопамі, і прыстраляная на вёску Капусціна».

Такім чынам, тлумачыць Дзмітры, ус­косна можна зда­гадвацца аб варожым гарнізоне ў Вішневе і зразумець, што ў яго складзе было не менш за 150 чалавек на канец 1944 года. Так што далёка не адзін «кульгавы немец» абслугоўваў гармату.

На мясцовых могілках – толькі пахаванні 1944 года

Пагутарыўшы з мясцовымі людзьмі, мы рушылі на могілкі. Там ёсць брацкая магіла воінаў Чырвонай Арміі. На мемарыяльных плітах дата – 1944 год. Гэта значыць, што салдаты загінулі пры вызваленні Вішнева. І зноў ніякіх слядоў таго, што тут адбывалася ў самым пачатку вайны.

Аднак на могілках ёсць надмагіллі, якія датуюцца 1942 годам і 1943. Гэта надмагіллі мясцовых жыхароў. Марыя Тышкевіч з вёскі Адамова, як напісана на помніку, па-зверску забітая. Пражыла ўсяго 17 год. І яшчэ адзін помнік на ўсю сям’ю Калолаў, якія загінулі 20 чэрвеня 1943 года – Яўгенія (41 год), Людміла (15 гадоў), Любоў (14 гадоў), Фёдар (10 гадоў).

У наваколлі Вішнева нам зас­та­валася толькі дас­ле­даваць ДОТы. Адзін – каля закінутых яўрэйскіх могілак, дру­гі – на хрысціянскіх. Але ён аказаўся завалены смеццем з могілак. У поўнай ступені іх, на жаль, даследаваць не ўдалося.

Як не ўдалося даведацца, дзе ж пахаваныя салдаты, які загінулі ў першыя дні вайны. І лёс Браніслава Шаўлоўскага таксама пакуль застаецца невядомым. Магчыма, сярод чытачоў «Рэгіянальнай газеты» знойдуцца людзі, якія ведаюць, што ж адбылося ля Вішнева ў 1941 годзе.

Мы будзем удзячныя за любыя звесткі, за нават маленькія кручочкі, якія дапамогуць раз­га­даць яшчэ адну загадку нашай з вамі гісторыі. Звязацца можна з Дзмітрыем Брыштэнам наступным чынам: Shkas@tut.by, або па вайберы: (8-029) 709-83-10.

• Текст доступен на языке: Русский