Адразу некалькі ўзнагарод з розных танцавальных конкурсаў прывезлі ўдзельнікі вілейскай танцавальнай студыі «Фарсаж».
У конкурсе «Горад шчасця» лаўрэатамі першай ступені сталі Аляксей Смолік і Валерыя Сопрых. Яны занялі першае месца з парным танцам «Карункі».
– У дзяцей атрымалася перадаць пяшчоту. І гэта адзначылі ў журы, – кажа кіраўнік танцавальнага калектыву Алеся Раздзялоўская.
Другое месца дзеці занялі ў конкурсе «Свет стаў добрым». Тут была сур’ёзная канкурэнцыя. Спаборнічалі танцоры 7-11 гадоў.
Самым складаным конкурсам, па словах Алесі, быў конкурс «Скрыжаванні». Тут выступала старэйшая група. Сапернікамі былі танцоры з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі.
– Строгае журы, вельмі сур’ёзная канкурэнцыя, – распавядае кіраўнік, – Спаборнічалі за грашовы прыз. Таму стаць лаўрэатам ці хаця б дыпламантам у такім конкурсе вельмі складана. Лаўрэатамі мы не сталі, але выступілі дастойна. Назва горада Вілейка цяпер гучыць на самых прэстыжных танцавальных конкурсах.
Для гэтага выступлення малады кампазітар з Мінска Ігар Контуш спецыяльна пісаў музыку. Таксама шылі касцюмы з сакрэтам. Яны свяціліся на ўльтрафіялетавым асвятленні.
Усе групы займаліся на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
У выніку: адна група – дыпламант першай ступені, тры групы – лаўрэаты першай ступені, дзве групы – лаўрэаты другой ступені, і яшчэ адна трэцяй.
• Текст доступен на языке: Русский