Валянціна Фёдараўна Сакаловіч адзначыць юбілей 30 сакавіка. Былыя вучні жадаюць ёй шчасця, радасці, здароўя і ўсмешак.

І з цеплынёй узгадваюць школьныя гады, якія сталі незабыўнымі дзякуючы класнаму кіраўніку.

Наш клас

Наш 6 «Г» сярэдняй школы №12 узнік у 1988 годзе. Гэта быў другі навучальны год для новай установы адукацыі ў Маладзечне, якую толькі праз некалькі год падзеляць на школу №12 і школу мастацтваў.

У 1989 годзе пераходзілі на 11-гадовае навучанне. Мы з шостага класа адразу перайшлі ў восьмы. 8 «Г» стаў класам з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы, і ў атэстатах аб заканчэнні школы назаўсёды засталіся запісы аб гэтым.

8 «Г» значна змяніўся і папоўніўся новымі вучнямі. Пасля дзявятага класа частка вучняў паступіла ў сярэднія спецыяльныя на­вучальныя ўстановы, і з-за скарачэння колькасці вучняў мы пераўтварыліся ў 10 «В».

Валянціна Фё­дараў­на ўмела аб’яднаць, запаліць, і мы ахвотна адгукаліся. Пра­паноўвалі свае ідэі, разам абмяркоўвалі іх. Любілі збірацца ў нашай так званай «лабаранцкай», дзе маглі за кубачкам чаю, нават на перапынках паміж заняткамі, нешта прыдумваць, абмяркоўваць.

Мерапрыемствы ў школе праходзілі ў фармаце КТС – калектыўных творчых спраў. Нашаму 10 «В» даручылі правесці навагодні школьны вечар для старэйшых класаў, атрымалася выдатна.

Прайшло 26 год пасля выпуску, а мы па-ранейшаму падтрымліваем сувязь і ахвотна збіраемся. А цяпер рады павіншаваць любімую настаўніцу і падзяліцца ўспамінамі.

Анжаліка Садоўская (Яршэвіч)

Непаддзельная, шчы­рая любоў і глыбокая павага да Педагога захавалася ў нас праз гады. І не выпадкова. Яна з адкрытым сэрцам і шчодрай душой дзялілася з намі ведамі па мове і літаратуры, сеяла «разумнае, добрае, вечнае».

Не шкадавала асабістага часу на пазакласную работу з намі, цікавыя мерапрыемствы, вечарыны, экскурсіі, паездкі, турыстычныя паходы, падрыхтоўку да прадметных алімпіядаў і конкурсаў рознага парадку, заняткі ў тэатральным гуртку, сумеснае баўленне часу і святкаванне «чырвоных дзён календара».

Яе энергіі і жадання хапала на ўсё. Руплівая, дбайная, нястомная, шчырая, спагадлівая, душэўная, неверагодна сціплая і бязмежна абаяльная… Менавіта такой запомнілася мне Валянціна Фёдараўна.

Аляксей Юрэвіч

Сакавік усміхнуўся, паслаўшы праменьчыкі сонца

Стаў вышэй і шырэй далягляд.

Добры дзень! Я віншую Вас шчыра, бясконца

І сардэчныя словы Вам даслаць вельмі рад.

 

З Юбілеем, шаноўная, добрая, шчырая!…

Сябра наш і дарадчык не раз.

І як птушкі з жыццёвага выраю, мы ляцім прытуліцца да Вас.

Мы – Ваш клас…

 

Вашы жарты заўжды былі светлымі, Вы умелі душою абняць.

І на нас «гультаі несусветныя» так са смакам ўмелі сказаць!

 

Вы любілі нас, гэта ўсё помніцца. Абаронцай ідэй нашых былі.

Вільня, Нясвіж і Васькаўцы нам надоўга запомняцца.

Наша Класная – класная!!! Самая лепшая на Зямлі!

Таццяна Хазяніна (Шчасная)

З часам, калі класным кіраўніком была Валянціна Фёдараўна, звязаныя самыя незабыўныя, запамінальныя, цудоўныя школьныя гады, насычаныя добрымі падзеямі, разнастайнымі ўзаемаадносінамі паміж намі, падлеткамі.

Нават праз столькі год успамінаюцца ўрокі беларускай мовы і літаратуры. Нашы паездкі, вечары, тэатральныя пастаноўкі – усё гэта дапамагло кожнаму з нас стаць добрым чалавекам. Яна навучыла з павагай і любоўю адносіцца адзін да аднаго, да нашай Радзімы, мовы, продкаў.

Сёння разумееш, што работа педагога – гэта, перш за ўсё, напружаная праца сэрца, творчага розуму.

Наталля Міхайлава

Валянціна Фёдараўна вельмі далікатна ставілася да класнага кабінета. Яна яго любіла не менш, чым нас! І мы любілі наш кабінет і лабаранцкую. На маю думку, яны былі самымі ўтульнымі ў школе, самымі лепшымі.

Памятаю, як нам мастакі размалёўвалі сцяну. Памятаю, як з дома мы прыносілі кнігі на беларускай мове, каб кабінет «дыхаў» літаратурай. На яго прыбіран­не ішлі як на свята, бо прыборка была вясёлай і ненапружанай.

Наталля Казлоўская

Валянціна Фёдараўна была безумоўным аўтарытэтам ва ўсім, што датычылася беларускай мовы. Нават ніколі не чула, каб яна размаўляла ў звычайным жыцці, па-за класам, па-руску.

Памятаю яе добрыя вочы. Нават калі выгаворвала за нешта, усё роўна вочы былі добрыя. Яна, як маці: любіць – гэта не азначае заўсёды гладзіць па галоўцы.

Яна была справядлівая –  да ўсіх ставілася аднолькава. Не было ў яе любімчыкаў. Бачыла ў кожным з нас сваю індывідуальнасць.

Ну, і з класічнага – як мы смяяліся з адзінак, якія потым выпраўляліся на чацвёркі. Адзінкі былі значна леп­шымі. Таму што двойкі ў журнале заставаліся без выпраўленняў.

У лютым я ўдзельнічала ў святкаванні Дня роднай мовы ў англа-беларускім аб’яднанні ў Лондане: чытала на беларускай мове ўрывак з фінскага эпасу Калевала. Пасля падышоў чалавек і запытаўся, адкуль я так добра ведаю беларускую мову. Было прыемна.

Марына Цудня

Дзякуючы ёй я вельмі люблю беларускую мову, хоць у мяне і няма магчымасці на ёй размаўляць, бо жыву ў Германіі.

Ганаруся тым, што беларуска, і не стамляюся аб гэтым усім напамінаць.

У лінгвістычным універсітэце ў мяне быў выбар: пайсці на рускамоўны факультэт ці на факультэт з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы. Зразумела, я пайшла на беларускі. Такім чынам, я па спецыяльнасці настаўнік англійскай, французскай і беларускай моў. Іспыт па беларускай мове, як пры паступленні, так і выпускны, здала на «пяць».

Валянціна Фёдараўна добра нас падрыхтавала: я да гэтай пары помню, як старанна мы пісалі дыктоўкі. І я вельмі ўдзячная ёй і за яе душэўныя адносіны да нас, і за яе цудоўную мову.

Лена Жахавец

Мне найбольш запомніліся заняткі па беларускай літаратуры, бо гэта быў адкрыты дыялог аб лёсах герояў. Разам з імі мы і кахалі, і перажывалі здраду.

Вучыліся думаць, разважаць і перажываць пачуцці. А яшчэ выконвалі гэтыя ролі, як сапраўдныя акцёры ў нашых школьных пастаноўках.

У маёй памяці застаўся маляўнічы эпізод, як Валянціна Фёдараўна чытала ўрывак з паэмы Якуба Коласа «Новая Зямля» аб сняданні «Раніца ў нядзельку»: гэтыя вобразы станавіліся такімі яскравымі, што можна было падавіцца слінай!

Ганна Місевіч

У Валянціны Фёдараўны адметнае пачуццё гумару. Падчас падрыхтоўкі да абласной, а потым і рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове я атрымала не толькі добрую порцыю ведаў, але і майстар-клас таго, як, маючы абмежаваны час і значную па памеры задачу, можна не ўпасці ў адчай і знаходзіць смешнае ў складанай сітуацыі.

Валянціна Фёдараўна вельмі цікава каментавала незразумелыя мне фразеалагізмы, без аніякага напору змагла «ўціснуць» у маю галаву столькі цікавых рэдкіх беларускіх выслоўяў, колькі я дагэтуль не чула за ўсё сваё жыццё!

Дзякуючы такому выкладанню адчуваеш абсалютную перакананасць, што беларуская мова – не «мужыцкая», а «матчына».