Маладзечанка Дыяна Прывалінская з шасцігадовай дачкой Міланай жыве ў інтэрнаце “Будаўніка-169” на Скарыны, 17 у Маладзечне. Кожны вечар жанчына як мага даўжэй адцягвае прыход дадому.

Прычына – суседзі, з якімі Прывалінскія ад 2011 года жывуць разам у блоку.

Штодзень – п’янкі і нецэнзуршчына

– Мы жывём у вялікім пакоі, а побач у маленькім – сусед  з сужытніцай. Прапісаны ў пакоі толькі мужчына. Сужытніца не прапісаная, таму пасля 11 вечара ўвогуле павінна сыходзіць. Суседзі не працуюць, кожны дзень п’юць, шумяць, да іх прыходзяць госці, чалавек па 10-12. Пасядзелкі працягваюцца да ночы.

Па словах Дыяны, часта такія гасцяванні заканчваюцца бойкамі. Тады ў прыхожай, у ванне, у прыбіральні – сляды крыві.

– Сама б я, можа, яшчэ цярпела, але шкадую шасцігадовую дачку, – дзеліцца маладая мама. – Яна штодзень чуе нецэнзурныя словы, крыкі, ноччу нармальна не можа спаць. Бывала такое, што не засынала да чатырох раніцы. Нават у прыбіральню я яе не пускаю,  бо там нядоўга і заразу падчапіць. Дзяўчынцы шэсць гадоў, а яна вымушаная хадзіць у пакоі на гаршчок.

А што будзе, калі дачка пойдзеў школу?

Дыяна прызнаецца, што баіцца падумаць пра той час, калі дзяўчынка сёлета восенню пойдзе ў школу. Прыйдуць настаўнікі паглядзець, дзе жыве першакласніца. І што яны ўбачаць?

У пакоі Прывалінскіх заўсёды парадак. Але ж у агульнай прыхожай бруд і часта кроў, а ўнітаз і некалі новую душавую кабінку суседзі прывялі ў зусім нездавальняючы стан. Плюс – пастаянны пах спіртнога, цыгарэт і чужыя нецвярозыя людзі ў блоку.

– Сацыяльныя службы скажуць, што я як мама вінаватая, бо дазваляю жыць свайму дзіцяці ў такіх умовах, – дзеліцца перасцярогамі мая субяседніца.

Наймаць кватэру не варыянт

Знаёмыя раяць на­няць кватэру, каб не цярпець падобныя ўмовы, але Дыяна прызнаецца, што адна з дзіцем матэрыяльна не здолее. Да таго ж каб перааформіць дагавор найму пакоя з былога мужа на сябе, пару год таму Дыяна заплаціла на карысць «Будаўніка-169» амаль тысячу рублёў. Усе квітанцыі яна захоўвае. Кажа, што прыйшлося пазычаць гэтыя грошы. Бацькі са Смаргоншчыны, канешне, дапамагаюць, але тады і ў іх не было магчымасці.

У 2011 годзе інтэрнат далі былому мужу Дыяны. Пакуль у пакоі яны жылі разам, шумныя суседзі пабойваліся, паводзілі сябе цішэй. Апошнія пару год муж ужо не жыве з сям’ёй, і ўмовы сталі немагчымыя.

Ноччу ў блок уварваўся незнаёмы з нажом

– А ведаеце, ноччу да нас забег дзядзька з нажом, маму да сцяны адкінуў і пайшоў да сусе­дзяў разбірацца з былой жонкай, – кажа шасцігадовая Мілана.

А мама тлумачыць сітуацыю. Неяк ноччу прачнулася з-за стуку ў дзверы. Пайшла адчыняць.

У прыхожую забег мужчына з нажом, адкінуў Дыяну і пабег да суседзяў разбірацца са сваёй жонкай, якая гасцявала там.

Мама непакоіцца, як гэта паўплывае на псіхіку дзіцяці.

Жанчына спрабавала і па добраму з суседзямі гаварыць, і сварыцца. Але нічога не дапамагае. Самой даводзіцца за імі мыць і кроў у прыхожай, і прыбіраць у прыбіральні.

– Спім мы толькі з тэлевізарам. Уключаем яго гучней, каб не чуць суседскай нецэнзуршчыны, – распавядае субяседніца.

Два-тры разы на месяц выклікае міліцыю. Дэбашыраў забіраюць на суткі. Потым адпускаюць, і ўсё пачынаецца па-новаму.

Штомесяц – камуналка ў сто рублёў

Кожны месяц за пакой у інтэрнаце Дыяна плаціць сто рублёў. Плюс 12-15 штомесячна – на капітальны рамонт. Неаднаразова хадзіла да каменданта, прасіла як-небудзь вырашыць сітуацыю, перасяліць іх з дачкой у іншы пакой. Але адказ такі: як зможам, пераселім. А вольных пакояў пакуль няма.

– Ужо не хапае сіл. Ноччу, калі дзіця засне, я са­джуся і пачынаю плакаць ад адчаю і безвыходнасці.

Камендант: пераселім пры першай магчымасці

Камендант інтэрната Ганна Асокіна ў курсе праблемы Прывалінскіх.

– Так, ведаю, што іх сусед злоўжывае спіртным. Выселіць яго я не магу. Мужчына мае інваліднасць. Як толькі з’явіцца магчымасць, мы дадзім Дыяне Прывалінскай іншы пакой, – паабяцала камендант.

Але пакуль вольных пакояў няма.

• Текст доступен на языке: Русский