Ураджэнка Маладзечна Карына Вярбіцкая з’ехала ў Германію адразу пасля заканчэння аднаго з універсітэтаў. У Кёльне выйшла замуж і нарадзіла двух сыноў.

Мы папрасілі жанчыну расказаць пра тое, як гадуюцца дзеці ў нямецкіх садках.

У групах – дзеці ад шасці месяцаў да шасці гадоў

Малодшы сын Карыны яшчэ зусім малы, а старэйшы – ужо школьнік. Па словах мамы, у садок ён трапіў у два гады і адзін месяц. Хаця месца ў садку для дзіцяці да трох гадоў атрымаць няпроста. Так, як і ў Беларусі,  садкоў не хапае.

Групы звычайна рознаўзроставыя. Там дзеці ад шасці месяцаў да шасці гадоў. Нехта толькі прыходзіць у групу, а нехта ўжо сыходзіць з садка ў школу.

Удзень спяць па жаданні

Карына прызнаецца, што яе здзівіла і нават абурыла крыху тое, што ў дзяцей няма ціхай гадзіны.

Тут дашкольнікі самі вырашаюць, будуць яны спаць ці не.

Для ахвотных у асобным пакоі ёсць некалькі ложкаў. Такая ж самастойнасць і ў прагулках.

На вуліцы на тэрыторыі садка – вялікая пляцоўка для гульняў. Сюды на прагулку выходзяць усе выхаванцы. Асобна па групах не гуляюць. Няма ніякіх агароджаў, якія абмяжоўвалі пляцоўку для асобнай групы. На вуліцы дзеці гуляюць шмат. Нават дробны дождж – не перашкода для прагулкі.

Без повара і медсястры

У групе было 12 дзяцей. На іх – тры выхавальніцы. Да выхавальнікаў дзеці часта звяртаюцца на ты і па імені. Яшчэ ў садку не было медсястры, псіхолага і повара.

Ежу хуткага прыгатавання прывозяць у садок. На кухні ёсць работніца, якая разагравае ежу і разносіць яе па групах.

А сняданак дзеці прыносяць з сабой. Раніцай кожны есць свой бутэрброд.

Бяруць і бутэльку з вадой. Пасля ежы дзеці самі прыбіраюць за сабой.

Выхавальнікі не маюць права даваць нейкія таблеткі. Калі здараецца траўма, паведамляюць бацькам або выклікаюць хуткую дапамогу.

Няма музычнага кіраўніка, які б развучваў з выхаванцамі песні і танцы, ладзіў ранішнікі. Ды і саміх ранішнікаў не бывае. Дзеці часам развучваюць песні з выхавальніцай, але вельмі рэдка.

Самастойнасць – гэта добра, але…

Цацак у групах няшмат. Часта дзеці прыносяць свае. У садку дзіця можа маляваць і ляпіць, але гэта адбываецца не ў рамках арганізаваных заняткаў. Спецыяльна выхавальнікі іх не вучаць, могуць часам толькі нешта падказаць.

У некаторых групах разам выхоўваюцца дзеці розных рас і нацыянальнасцяў. Часцей яны добра гуляюць, ладзяць паміж сабой.

– Нам, беларусам, адразу кідаецца ў вочы адсутнасць такой строгай арганізацыі, якую мы памятаем па сваіх садках. Магчыма, самастойнасць гэта і нядрэнна. Але па першым часе было вельмі нязвыкла, – падсумоўвае Карына.