У Мінску чыгуначны і аўтавакзал ачапіла міліцыя і МНС. Усіх эвакуююць

Пра гэта перадаюць карыстальнікі сацыяльных сетак.

Наведнікаў гандлёвых цэнтраў Galileo і «Замак» выводзяць на вуліцу. Таксама міліцыя і МНС ачапляюць аўтавакзал «Цэнтральны» і чыгуначны вакзал, якія знаходзяцца побач з Galileo.

Што адбываецца на месцы

Як даведалася Свабода на месцы, гандлёвы цэнтар Galileo і цэнтральны чыгуначны вакзал сапраўды ачэпленыя. Каля 14.00 усіх наведнікаў гандлёвага цэнтра і пасажыраў вакзала вывелі на вуліцу, туды нікога не пускаюць. На месца прыбыла міліцыя і ратавальнікі, у ачапленні стаяць унутраныя войскі.

У чым прычына эвакуацыі

Людзі на месцы паведамляюць, што прычынай эвакуацыі стаў званок аб замініраванні. У прэс-службе гарадскога ўпраўлення МНС Свабодзе паведамілі, што сапраўды ратавальнікі выехалі на выклік. Але прычыны нам не назвалі. У прэс-службе гарадской міліцыі пакуль не адказваюць.

Ці не адменены рух цягнікоў і аўтобусаў?

Агулам сітуацыя ў раёне вакзала спакойная. Цягнікі і аўтобусы прыбываюць і адпраўляюцца па раскладзе.

Як нам удалося высветліць, рух цягнікоў не спынены. Хоць будынак вакзала ачэплены, пасажыраў перанакіроўваюць на пероны праз падземны пераход.

Аўтавакзал «Цэнтральны» таксама ачэплены. Але аўтобусы рухаюцца па раскладзе. Яны адпраўляюцца з прыпынку грамадскага транспарта, які знаходзіцца праз дарогу ад аўтавакзала. Праз тое, што касы не працуюць, квіткі можна набыць у кіроўцаў.

Фота Nexta
Фота Nexta

Фота Nexta
Фота Nexta

• Текст доступен на языке: Русский