Падчас экскурсіі па Гелянове ў мінулым годзе. Фота Аксаны Ярашонак.

13-14 красавіка ў Беларусі па традыцыі зладзяць фэст экскурсаводаў. Некалькі экскурсій правядуць у рэгіёне. Чытайце і абірайце.

З міжваеннай архітэктурай былога гарнізона ў Гелянове ад 1921 да 1939 года пазнаёміць краязнаўца Уладзімір Садоўскі. За польскім часам у раёне Гелянова месціўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага. На пустцы ў некалькіх кіламетрах ад чыгуначнай станцыі вырас цэлы гарадок мадэрновых будынкаў. Тут працавалі архітэктары з Варшавы і Лодзі. Іх творы і сёння захоўваюць адметны для Беларусі выгляд і стан.

Ахвотных паўдзельнічаць у экскурсіі запрашаюць 13 красавіка ў 14.00. Збор каля будынка Мінскага абласнога драмтэатра. Адрас: Чкалава, 7.

Запрашаюць таксама ў вёску Ракуцёўшчына ў Маладзечанскім раёне. Экскурсію правядзе дырэктар музея Настасся Сярболіна. У фальварку Ракуцёўшчына ў 1911 годзе ўжо хворы на сухоты паэт правёў найлепшыя месяцы свайго жыцця. На экскурсіі вы пазнаёміцеся з творчасцю паэта, адчуеце атмасферу сялянскага жыцця пачатку 20 стагоддзя, пабачыце тагачасныя прылады працы. Можна будзе зайсці ў дамок арандатара, дзе жыў Максім Багдановіч.

Збор каля ўваходу ў сядзібу 13 красавіка ў 12.00.

На экскурсію «Слядамі Першай сусветнай» запрашае гаспадар засценка Скрыплеў на Валожыншчыне Васіль Грынь. Удзельнікі пройдуць па лініі фронту – рускіх і нямецкіх пазіцыях. Наведаюць мемарыялы і салдацкія пахаванні. Маршрут наступны: Лоск-Крыўск-Крэва-Чухны-Баруны-Сіняя Гара-Дуды-Подберазь. Запланаваны пад’ём на Сінюю Гару.

Збор 14 красавіка ў засценку Скрыплеў. Час паведамяць дадаткова.

У старажытным Крэве зладзяць экскурсію «Рэха вайны ў Крэве». Экскурсавод – Вольга Сямашка. Таксама сябра фонда «Крэўскі замак» гісторык Аляксей Друпаў распавядзе і пакажа «раны» на целе Крэва і самога замка пасля Першай Сусветнай вайны.

Алег Дзярновіч – навуковец, кіраўнік археалагічных экспедыцый у Крэве раскажа пра археалагічны сезон Крэва-2019. Тут жа можна будзе падаць заяўкі на ўдзел у летніку (15-28 ліпеня), атрымаць адказы пра лёс замка. Чакаецца анімацыя і іншыя цікавосткі.

Збор у Крэўскім замку ля вежы Кейстута 14 красавіка ў 13.00.