«Федэрацыя прыгодніцкіх гонак» запланавала на 14 красавіка правядзенне веламарафону «Вітаўт» і аматарскага забегу «Жук-трэйл» у ваколіцах Крэва, але спартовая падзея апынулася пад пагрозаю.

Мясцовыя ўлады пагадзіліся на правядзенне марафону і забегу ў выпадку падпісання дамовы з РАУС на «ахову грамадскага парадку падчас правядзення масавага мерапрыемства». Такую працэдуру прадугледжвае заканадаўства (Палажэнне аб аплаце паслугаў па ахове грамадскага парадку на масавых мерапрыемствах), якое распаўсюджваецца на ўсе масавыя падзеі, у тым ліку і спартовыя, калі яны праходзяць без удзелу органаў улады.

Паводле кіраўніка «Федэрацыі прыгодніцкіх гонак» Міхаіла Сідарука, «адзіны для нас варыянт – знайсці агульную мову з райвыканкамамі ды аблвыканкамамі і трапіць у іх каляндар мерапрыемстваў».

Але зрабіць гэта можна толькі ў лістападзе-снежні, калі мясцовыя ўлады робяць план мерапрыемстваў на будучы год. Той, хто не паспеў гэта зрабіць, той спазніўся.

«Смаргонскі райвыканкам не знайшоў падставаў уключыць нас у свой каляндар і стаць суарганізатарам без прадстаўлення фінансавання», – распавёў Belsat.eu кіраўнік «Федэрацыя прыгодніцкіх гонак» Міхаіл Сідарук.

Арганізатары марафону і забегу былі гатовыя ўзяць на сябе кошт аплаты паслугаў медыкаў, а ў звароце да мясцовых уладаў зазначылі, што не прэтэндуюць на «выдзяленне фінансавання».

«Мы не прасілі цяпер і не просім ніколі якога-кольвек фінансавання забегаў і веламарафонаў. У нашай краіне шмат іншых спраў, дзе могуць спатрэбіцца бюджэтныя грошы», – дадаў Міхаіл Сідарук.

Кошт паслугаў міліцыі падчас марафону і забегу складае 225 базавых велічыняў (Br 5737,5).

У «Вітаўце» і «Жук-трэйле» плануюць узяць удзел каля 250 асобаў. На арганізацыю падзеі было сабрана Br 5692,8. З улікам паслугаў міліцыі кошт удзелу ў марафоне і забегу ўзрасце ў два разы.

«Крыўды няма. Толькі расчараванне і боль, што прыгожы івэнт, накіраваны на спорт, актыўны адпачынак, які паказвае прыгажосць нашых месцаў і гістарычных помнікаў, аказаўся нікому не патрэбны», – рэзюмаваў Сідарук.

У мінулым годзе ў ініцыятывах, арганізаваных «Федэрацыяй прыгодніцкіх гонак», міліцыянты не былі задзейнічаныя, а ўсе івэнты прайшлі без здарэнняў і нараканняў мясцовых уладаў.

1 красавіка Міністэрства спорту і турызму распачало прававы маніторынг пастановы ўраду, якая рэгулюе «некаторыя аспекты правядзенне спартовых мерапрыемстваў».

• Текст доступен на языке: Русский