Дэкрэт №3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства прывёў толькі да аднаго выніку – аб’яднаў жыхароў вялікіх і маленькіх гарадоў, якія выйшлі ў 2017 годзе на вулічныя пратэсты. Яшчэ ён паказаў, што грамадзяне не рвуцца выконваць любы капрыз улады, бо сотні тысяч з тых, хто атрымаў ліст «шчасця», проста праігнаравалі патрабаванне ўрада і Лукашэнкі плаціць у казну падатак на «дармаедства».

Улада не стала прызнаваць, што дэкрэт неэфектыўны. Яна зрабіла людзям ласку, аптымізаваўшы яго і ператварыўшы ў дэкрэт №1 аб садзейнічанні занятасці.

Цяпер з незанятых, на думку чыноўнікаў, у эканоміцы будуць браць поўны кошт некаторых камунальных паслуг, а адмыслова створаныя камісіі – прапаноўваць ім працу.

– Калісьці ў савецкай Канстытуцыі было напісана, што кожны савецкі чалавек абавязаны працаваць. У сучаснай беларускай Канстытуцыі і ў падпісаных краінай міжнародных пагадненнях прадугледжваецца менавіта права на працу. А прымусовую працу забараняюць, за выключэннем працы па прыгаворы суда, – тлумачыць юрыст Сяргей Балыкін.

Базы незанятых у эканоміцы складаліся без згоды саміх грамадзян, без пастановы судоў або санкцый пракурораў. У іх – шмат асабістай інфармацыі пра жыхароў краіны. Гэта супярэчыць заканадаўству аб персанальных дадзеных.

З’яўленне падобнага дэкрэта – псіхалагічная і гістарычная праблема для краіны, адзначае кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

– Гэты праект не павінны быў нара­дзіцца. Але ён з’явіўся дзякуючы гістарычнай памяці, у тым ліку савецкай. Гэта ў часы андропаўшчыны і позняга Савецкага Саюза людзей спрабавалі прымушаць працаваць падобнымі мерамі. Мы ведаем, чым тады ўсё скончылася, – кажа эканаміст.

Ці плацяць падаткі «дармаеды»?

Калі ўлады кажуць, што «дармаеды» не плацяць падаткі, яны скажаюць рэальнасць. Плацяць усе, як мінімум, ускосныя падаткі. Любая камерцыйная структура плаціць дзяржаве 20%, калі не мае льгот, ад кожнага прададзенага тавару ці паслугі і ўключае гэты падатак спажыўцам у цану.

Гэта значыць, купляючы прадукт у кампаніі, якая плаціць падаткі ў Беларусі, чалавек ускосна плаціць у бюджэт. Падатак на дададзеную вартасць – прыкладна траціна ўсіх падатковых паступленняў. Па дадзеных праекта «Кошт урада», летась кожны грамадзянін уносіў у бюджэт больш за сто рублёў на месяц у выглядзе ўскосных падаткаў.

Затраты на працу «дармаедскіх» камісій у шмат разоў перавышаюць эканамічны эфект ад усіх мер па выяўленні незанятых у эканоміцы, спроб іх працаўладкаваць, а таксама ад грашовых паступленняў за аплату жыллёва-камунальных паслуг.

– Гэты палітычны праект, не пралічаны ні з эканамічнага, ні з сацыяльнага боку, будзе абсалютна стратным, – прагназуе Уладзімір Кавалкін.

Супраць логікі «сацыяльнай дзяржавы»

Да гэтага часу не вельмі зразумела, на каго менавіта накіраваны дэкрэт. Калі ўлады ўпэўненыя, што ўзровень шэрай эканомікі ў краіне настолькі вялікі, то варта было б прымаць меры, якія стымулявалі б людзей выходзіць з ценю. Больш эфектыўнымі былі б падатковыя льготы, якія сталі б дапамогай для прадпрымальнікаў. А падатак на «дармаедства» або павышаныя тарыфы за камунальныя паслугі – не тая мера, якая прымусіць людзей легалізаваць сваю дзейнасць, перакананая навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.

Кожны месяц за камунальныя паслугі так званыя дармаеды бу­дуць плаціць прыкладна на дзвесце-трыста рублёў больш, чым усе.

Тым, хто працуе нелегальна, якраз будзе прасцей заплаціць крыху больш за камуналку, бо ў іх, у адрозненне ад беспрацоўных, ёсць на гэта грошы.

Пакуль жа асноўны ўдар прыйшоўся на тых людзей, якія з-за адсутнасці занятасці апынуліся альбо практычна на мяжы беднасці, альбо за яе рысай. Многія з іх хацелі б знайсці працу, але не могуць. Нярэдка жыхар райцэнтра ці сельскай мясцовасці не можа знайсці працу з-за закрыцця адзінага горадаўтваральнага прадпрыемства, мізэрных заробкаў і проста адсутнасці патрэбных вакансій.

– Праблема тут, хутчэй, у тым, што дзяржава не стварае магчымасці працаўладкавацца. Бо калі кваліфікацыя работнікаў не адпавядае той, што патрабуе рынак працы, трэба дапамагаць гэтым людзям перавучвацца, а не ўскладаць на іх дадатковы падатак у выглядзе поўнай аплаты камунальных паслуг, – тлумачыць Марыя Акулава.

Што да людзей з алкагольнай або іншай залежнасцю, якія не маюць ні кваліфікацыі, ні дастатковай для працы дысцыпліны, то часцей за ўсё працадаўцу такія працаўнікі не трэба, дапаўняе Сяргей Балыкін. Браць з іх дадатковыя зборы – гэта практычна падштурхоўваць да крыміналу.

Тыя ж, хто можа і хоча працаваць, і без стымулаў з боку дзяржавы шукаюць і знахо­дзяць працу.

Нехта ў сваім горадзе, нехта – у сталіцы, а хтосьці з’язджае на заробкі ў Расію ці Польшчу, адзначаюць эксперты.

– Мы не можам казаць, што людзі не хочуць працаваць, а ся­дзяць і чакаюць, што ўрад прынясе ім грошы. Людзі актыўна шукаюць працу, проста не могуць знайсці яе ў краіне, – кажа Уладзімір Кавалкін.

Калі б улады надалі больш увагі таму, як дапамагчы народу перажыць перыяд трансфармацый у эканоміцы, то людзі без якога-небудзь на іх ціску самі вырашылі б пытанне з занятасцю, лічаць эксперты.

– Многія доўгі час займаліся адной справай, якая ўжо неактуальная. Каб уладкавацца на працу, гэтым людзям трэба будзе асвоіць новыя навыкі. Дзяржава магла б не патрабаваць з іх дадатковага ўкладу ў эканоміку сёння, а падтрымаць так, каб яны змаглі пачаць працаваць і падтрымаць эканоміку заўтра, – падкрэслівае Марыя Акулава.

Такі падыход паспрыяў бы таму, што людзі, якім не ўдаецца рэалізаваць сябе па сваёй спецыяльнасці, змаглі б набыць дадатковую прафесію і павысіць свае шанцы на рынку працы.

Для глабальнага змянення сітуацыі ўраду варта было б заняцца стварэннем такіх умоў у эканоміцы, пры якіх з’явяцца новыя працоўныя месцы, арганізаваць такі бізнес-клімат, пры якім у краіну пойдуць інвестыцыі, перакананы Уладзімір Кавалкін. Гэта значыць, працаваць над структурнымі рэформамі, перакваліфікацыяй работнікаў і адэкватнымі дапаможнікамі па беспрацоўі.