За пражыванне ў інтэрнаце яго жыхары плацяць немалыя грошы. Сям’я з трох чалавек – у межах ста рублёў, з чатырох – 140. Але для некаторых у сакавіцкіх жыроўках гэтыя сумы павялічыліся.

У Піцеры хапае і на жыллё, і на дапамогу сыну

Юлія жыве ў адным з вілейскіх інтэрнатаў з мужам і сынам. Спачатку мела адзін пакой, пасля далі блок. Тут сям’я зрабіла добры рамонт. Жанчына працавала ў адным з будаўнічых прадпрыемстваў горада. Калі ж яно развалілася, засталася без працы.

Наша Вілейка – невялікая. Знайсці працу тут немагчыма, – дзеліцца жанчына. – Тое, што прапаноўвалі, не задавальняла з-за малых заробкаў. Вырашылі з мужам паехаць зарабіць у Расію.

Цяпер сям’я жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу некалькі год. Юля з мужам робяць рамонты праз пасрэдніцтва адной фірмы. Грошай хапае, каб наймаць у Санкт-Пецярбургу жыллё, нешта набыць для сябе і дапамагчы даросламу сыну-навучэнцу, які застаўся ў Вілейцы.

Атрымала «дармаедскую» жыроўку

Атрыманая ў сакавіку жыроўка непрыемна здзівіла жанчыну. За гарачую ваду налічылі на дзесяць рублёў больш, чым звычайна. Па просьбе Юліі блізкія ў Вілейцы пачалі разбірацца, чаму так здарылася. Атрымалі адказ: жанчына трапіла ў базу незанятых у эканоміцы.

– А чаму я тады ніякага ліста не атрымала? – не разумее Юлія.

У жыроўках за студзень-люты зрабілі пераразлік

Мы звярнуліся ў Вілейскую камісію па садзейнічанні працаўладкавання. Тут сітуацыю патлумачылі так:

– У студзені і лютым незанятыя ў эканоміцы атрымлівалі жыроўкі са звычайнымі коштамі. Але ў жыроўках было пазначана

«вы трапілі ў базу незанятых па эканоміцы. Калі не пацвердзіце сваю занятасць, будзеце плаціць за гарачую ваду па павышаным кошце.»

Некаторыя вілейчукі за вызначаны час сваю занятасць пацвердзілі. Хто гэтага не зрабіў, трапіў у спісы, якія накіравалі ў ЖКГ. І там аплату за гарачую ваду налічвалі ўжо па павышаным кошце. Зрабілі пераразлік за люты і за студзень.

Цяпер Юліі за блок у інтэрнаце трэба заплаціць каля 110 рублёў.  Грошы, на думку, жанчыны, немалыя. Да таго ж такую суму яна плаціць за жыллё, уласнікам якога не з’яўляецца. Як іншыя жыхары інтэрната, – яна наймальнік.

Якую працу прапануюць сёння ў рэгіёне

На сайтах вакансій ёсць свежыя прапановы для жыхароў рэгіёна. У Маладзечне патрэбныя кіроўцы пагрузчыка. Заробак 650-700 рублёў.

Прарабу ў будаўнічай арганізацыі прапануюць 1500. Столькі ж – замершчыку пластыкавых вокнаў.

Афіцыянтам прапануюць ад 350 да 450. Прадаўцам – ад 400 да 600. Столькі ж, колькі іх калегам у Вілейцы і Астраўцы.

Па Вілейцы свежых вакансій менш. Аўтаслесар-механік – з заробкам ад сямісот рублёў, кантралёр касір – за 550.

У вілейскія аптэкі патрэбныя правізары. Заробак – васемсот рублёў. Ветэрынарнаму доктару, які прыдзе ў райветстанцыю, прапануюць менш на палову. У гімназію №2 на паўстаўкі патрэбны кладаўшчык. Заробак – 165 рублёў.

У Астраўцы шмат вакансій прапануе мясцовае ДРСУ. Тут патрэбныя і майстар, і дыспетчар, і кладаўшчык, і інжынер-энергетык, і кіроўца, і  машыніст. Для ўсіх гэтых работнікаў заробак аднолькавы – 330 рублёў…

– І хто ж вінаваты, што ні ў Вілейцы, ні ў бліжэйшых райцэнтрах няма добрых заробкаў? – задае рытарычнае пытанне Юлія.

І дадае, што часам дамоў хочацца, але куды вяртацца? У беспрацоўе і безграшоўе?