Аматары прабівацца ў «дамкі» змагаліся за званне мацнейшых на чорна-белай дошцы – у сярэдняй школе №2 прайшоў Кубак Астравецкага раёна па шашках.

Удзельнікі падзяліліся на групы, у кожнай з іх гульні праходзілі па кругавой сістэме, а ўжо потым ішла барацьба за выніковыя месцы.

Сярод мужчын перамогу святкаваў Генрых Мілаш з ПМС. Другое месца заняў Аляксей Скурко з каманды «АЭС-1», які толькі пасля паўторнага фінальнага бліц-раунда ўсё ж саступіў лідэру. На трэцім – Аляксандр Маляўка, які выступаў у асабістым заліку.

Аматарак шашачнага спорту было менш, чым мужчын, аднак па ўзроўні гульні яны не саступалі. Першае месца заваявала Аліна Куляшова з «АЭС-1», другое – у Зінаіды Валейка з ЦРБ, на трэцім – Ганна Будрэвіч з «АЭС-2».

Кубак Астравецкага раёна па шашках заваявала каманда «АЭС-1», у якой гулялі Аляксей Скурко і Аліна Куляшова.

Каманды, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджаны кубкамі, а лепшыя гульцы – прызамі.

• Текст доступен на языке: Русский