У бібліятэцы сямейнага чытання «Верасок» 2 красавіка прайшла сустрэча з Масако Тацумі – дырэктарам інфацэнтра японскай культуры «Чыра».

Масако прыехала ў Беларусь у 1995 го­дзе, каб у Мінску ў БДУ прайсці курсы рускай мовы. Менавіта ў Беларусі яна выйшла замуж за спартсмена Сцяпана, які займаўся стральбой з лука. Потым нарадзіла дачку Юйэ – імя ў перакладзе з японскай імя значыць «Японія і Беларусь». Цяпер Юйэ вучыцца ў 11 класе, займаецца перакладамі з японскай.

Фонд «Чыра» – недзяржаўны дабрачынны фонд, створаны ў 1997 годзе для дапамогі ў вывучэнні японскай мовы, культуры і звычаяў Японіі ў Беларусі, а таксама для стварэння прыязных адносін паміж краінамі. Прыярытэты – павага да жыцця, дапамога адно аднаму, разуменне паміж рознымі грамадствамі і культурамі.

Масако наведвае Маладзечна ўжо чацвёрты раз. Падчас першай сустрэчы яна расказвала гледачам пра японскі сад. У другі раз маладзечанцы даведаліся, як правільна рабіць чайную цэрымонію. Таксама Масако расказвала пра каліграфію, пра кнігі японскага дзіцячага пісьменніка Нанкіцы Ніімі. Падчас папярэдніх сустрэч яна падарыла «Вераску» шмат кніг.

Японскую мову ў школе не вучаць, таму пра саму краіну амаль нічога не расказваюць. Падчас сёлетняй сустрэчы Масако падзялілася з наведнікамі цікавымі звесткамі пра радзіму.

Гледачы даведаліся, што менавіта японцы прыдумалі аўтаматычны аловак і крабавыя палачкі. У японскіх школах пасля заняткаў выкладчыкі і вучні самі прыбіраюць у аўдыторыях.

Таксама тут распаўсюджанае ўсынаўленне дарослых мужчын з мэтай перадачы бізнэсу і захоўвання яго ў сям’і.

– У Японіі ёсць спецыяльныя вагоны ў метро для жанчын. У краіне шмат людзей, таму каб падчас паездкі жанчына не вымушаная была прыхіляцца да незнаёмых мужчын, у метро існуюць спецыяльныя вагоны выключна для жанчын. Прычапляюць такія вагоны раніцай, – дзеліцца Масако.

А яшчэ падчас сустрэчы Масако вучыла наведнікаў рабіць сапраўднае арыгамі. Гэта від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старажытнае мастацтва складання фігурак з паперы, якое вельмі добра развілася ў Японіі. Раздала падрыхтаваную загадзя паперу і схему вырабу. Адну фігурку рабілі прыкладна 20 хвілін, аказалася, гэта складана. У выніку кожны сышоў дадому не толькі з карыснымі ведамі пра японскую культуру, але і з уласнаруч зробленым папяровым жураўлікам.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский