У Маладзечне за хуліганства ў банку і гандлёвым цэнтры асудзілі работніка кацельні

Суд Маладзечанскага раёна 2 красавіка вынес прыгавор 50-гадоваму работніку кацельні аднаго з прадпрыемстваў горада, які зладзіў скандал у банку і ўдарыў бутэлькай па галаве адміністратара гандлёвага цэнтра, піша МЛЫН.BY.

Вынеслі прысуд – тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Да таго ж мужчыну па рашэнні суда будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.

Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымліваў памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Валеры Пяркоўскі. Ён распавёў карэспандэнту МЛЫН.BY:

– Устанавілі, 29 студзеня ад 10:40 да 12:40 мужчына зрабіў два дзеяння, прадугледжаныя першай і трэцяй часткамі артыкулаў «Хуліганства» і «Асабліва злоснае хуліганства». Падзеі адбываліся ў банку па Прытыцкага і ў гандлёвым цэнтры на Гасцінцы.

Па словах Пяркоўскага, мужчына пасля начной змены выпіў бутэльку лікёру і зайшоў у банк, каб разблакаваць картку. Вялікая чарга абурыла кліента, ён пачаў нецэнзурна лаяцца.

Ахоўнік зрабіў заўвагу, выклікаў міліцыю і загарадзіў выхад. Абвінавачаны двойчы стукнуў нагой ахоўніка, адштурхнуў яго ўбок i ўцёк.

Пасля гэтага фігурант накіраваўся ў гандлёвы цэнтр. Там ён узяў з прылаўка бутэльку віна, адкрыў, зрабіў некалькі глыткоў і паставіў на месца. Умяшаўся адміністратар цэнтра, за гэта ён атрымаў бутэлькай па галаве.

Пасля ахоўнік з грузчыкам утрымлівалі дэбашыра да прыезду міліцыі. У судзе абвінавачваны цалкам прызнаў сваю віну і чыстасардэчна раскаяўся.

Суд улічыў раскаянне абвінавачанага, той факт, што мужчына раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і вынес прысуд, не звязаны з пазбаўленнем волі.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Мінскім абласным судзе.

• Текст доступен на языке: Русский