Каля вёскі Рудня Івянецкага сельсавета 53-гадовы мясцовы краязнаўца і нумізмат Валеры Мазура знайшоў старадаўнія могілкі. Ён датуе іх 17 стагоддзем, піша МЛЫН.BY.

Валеры Мазура – рэжысёр, кіраўнік народнага калектыву «Дубінскія фанабэры» аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама.

Вывучэннем гісторыі роднага краю ён займаецца каля 20 гадоў. Валеры распавёў карэспандэнту МЛЫН.BY:

– На жаль, мы недастаткова ўдзяляем увагі нашай гісторыі і старадаўнім могілках, размешчаным у Валожынскім раёне. Гэтыя пахаванні настолькі старыя, што за імі ніхто не глядзіць, не даглядае. Ды і няма каму ўжо. У той жа Рудне мясцовых жыхароў практычна не засталося. У асноўным тут знаходзяцца дачныя дамы жыхароў Мінска і Валожына. На старых магілах засталіся толькі камяні з высечанымі на іх крыжамі. Менавіта яны кажуць пра час пахавання – XVII стагоддзе.

Фота Валерыя Мазуры.

Па словах краязнаўцы, знойдзеныя могілкі знаходзяцца прыкладна ў 600 метрах ад вёскі Рудня. Аб прыкладным перыядзе пахаванняў сведчаць і некалькі старадаўніх дробных манет, якія ён знайшоў. Яны датуюцца 1661-1666 гадамі.

Валерый мяркуе, пад гэтымі камянямі могуць быць пахаваныя людзі, якія загінулі ў ваенных канфліктах Рэчы Паспалітай і Швецыі. На івянецкай зямлі знаходзілі манеты з трыма выгравіраванымі шведскімі каронамі.

Спецыяліст не выключае, што гэта могуць быць і пахавання мірных жыхароў, якія памерлі падчас эпідэмій (напрыклад, чумы), якія не былі рэдкасцю ў тыя часы, ці проста памерлых сваёй смерцю.

– Летась падобныя могілкі я знайшоў каля вёскі Пагарэлка. Калі па прамой, то гэта прыкладна ў пяці кіламетрах ад Рудні, – распавядае Мазура. – Гэтыя могілкі людзі ладзілі каля кожнай вёскі. Вазіць памерлых да касцёла ў Івянец было далёка і накладна. Вось і хавалі побач з вёскамі.

Суразмоўца адзначае: можна меркаваць, што пад кожным з гэтых камянёў пахавана не па аднаму чалавеку. У наступныя стагоддзі ў такіх магілах хавалі людзей, якія загінулі гвалтоўнай смерцю. Тут, напрыклад, могуць быць пахаваныя ўдзельнікі польскага шляхецкага паўстання 1863-1864 гадоў супраць уладаў Расійскай імперыі.

– Наўрад ці можна сцвярджаць, што, знаходзячы гэтыя могілкі, я адкрываю нешта новае для сучаснікаў. Хутчэй, я паказваю ўсім нам забытую гісторыю, нагадваю пра яе, – адзначыўМазура.