Адным з самых непаўторных месцаў Беларусі, брэндам краіны з’яўляецца нацыянальны парк «Нарачанскі».

Ён аб’ядноўвае чатыры дзясяткі азёр, а тэрыторыя прыроднай каштоўнасці характарызуецца разнастайнасцю рыбнага і птушынага свету, багатым наборам раслінаў і малым уплывам чалавека. Не дзіва, што на тэрыторыі парку месціцца некалькі заказнікаў.

Усяго на тэрыторыі парку «Нарачанскі» 36 помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

Цэнтрам такога прыроднага цуда з’яўляецца возера Нарач. Самае вялікае возера на беларускіх прасторах не магло не паўстаць у аб’ектах калекцыянавання. Перадусім – у значках, якія былі асабліва папулярныя ў савецкія часы.

Мяне, аматара значкоў, захапіла нестандартная форма аднаго з іх, што нагадвае абрысы Нарачы. Удалае спалучэнне сіняй і белай эмалі на яго полі перадае лёгкі малюнак з надпісам уверсе «Нарач». Дзякуючы белай эмалі ясна бачыш ветразь і птушку на сініх хвалях. Такія азёрныя краявіды маляўнічыя і нагадваюць цэлае мора.

Вобраз, які перадае значок, характэрны для гэтага непаўторнага воднага аб’екта. Менавіта гэты значок і падштурхнуў для пошуку калекцыйнага матэрыялу, прысвечанага Нарачанскаму краю. І такога матэрыялу аказалася нямала. Назбіраўшы экспанатаў, вырашыў напісаць пра калекцыю артыкул.

Сакральная мясціна

Нарач для навакольных вёсак заўжды была сакральнай мясцінай. Карміліся мясцовыя жыхары з возера, таму што глеба наўкол была пясчаная і неўрадлівая. Усё навакольныя вёскі лічыліся рыбацкімі, Нарач заўжды была суднаходнай. Месцам адпачынку возера стала толькі ў 20 стагоддзі.

Як курорт узбярэжжа Нарачы пачалі выкарыстоўваць яшчэ ў часы міжваеннай Польшчы, куды ўваходзіў увесь Мядзельскі раён. Аднак значна большае развіццё і працяг рэкрэацыйная тэндэнцыя атрымала ўжо ў пасляваенныя часы, калі рэгіён апынуўся ў складзе БССР.

Турыстычная база, 1935 год. Фота svaboda.org.

Арганізаваны турызм на Нарачы з’яўляецца толькі ад 1950-х гадоў. У 1958 годзе будуюць турбазу «Возера Нарач», на тэрыторыі якой сёння размешчаны цэлы турыстычна-экскурсійны комплекс, функцыі якога спалучаныя з санаторыем.
Курортны пасёлак Нарач – гэта восем санаторыяў, чатыры базы адпачынку, аўтакемпінг, два турыстычныя і адзін агратурыстычны комплексы, дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі.

Нарачанскі край – адна з самых папулярных і найбуйнейшых курортна-аздараўленчых зон у Беларусі, што сфармірвала свае абрысы яшчэ ў 1960-70-х гадах.
Дагэтуль працягваецца традыцыя суднаходства. Яхты часта курсіруюць па азёрных водах для знаёмства з найпрыгажэйшымі мясцінамі. На тэрыторыі курортнага пасёлка ёсць свой яхт-клуб «Нарачанскі».

Сёння сплавіцца па блакітных водах Нарачы можна і на катамаране, які пакрысе знаходзіць прыхільнікаў падобнага адпачынку.

Усё, што тут адбываецца, адлюстраванае ў двух значках, прысвечаных турбазе на Нарачы, але аформленыя яны па-рознаму.

Значкі ў гонар турбазы

Першы рознакаляровы значок у выглядзе судна з воднымі блакітнымі хвалямі. Зорка на ім адначасова з’яўляецца літарай «Т». Яна нагадвае стрэлку компаса, якая паказвае розныя бакі свету. Надпіс «Турбаза озеро Нарочь 1958-1978» дае магчымасць не толькі даведацца афіцыйны год адкрыцця месца адпачынку, але і год выпуску значка.
Побач з зоркай/літарай/стрэлкай маленькі зялёненькі паўкруг.

Гэтым, верагодна, хацелі паказаць маленькую выспачку, што знаходзіцца на тэрыторыі возера. Арыгінальна выкананы як агульны малюнак значка, так і надпіс на ім.

Падобны значок – добры аб’ект калекцыянавання, калі тэматыка экспанатаў звязаная з турызмам ці воднымі локусамі.

Значок аформлены ў выглядзе цеплахода, на якім можна пакатацца і паназіраць навакольныя краявіды, адчуўшы асалоду ад знаёмства з імі.

Другі значок значна прасцейшы: квадратнай формы, цалкам блакітны, на якім праглядаюцца выявы ветразя і птушкі з дапамогай блакітнай эмалі. Ён, як і першы значок, проста і лаканічна перадае вобраз Нарачы і яго краявідаў.

А надпіс «ТБ оз. Нарочь» на яго полі сведчыць пра турбазу, з якой і пачаўся разгалінаваны і шматпрофільны адпачынак на возеры.

Сёння нікога ўжо не здзівіш турбазай ці санаторыем, з’явіліся такія экзатычныя віды адпачынку, як відсёрфінг ці кайтынг, што пакрысе набіраюць абароты сярод актыўных турыстаў.

Працягам рэкрэацыйнай тэматыкі можа стаць значок, на якім ёсць надпіс «Нарочь СОЛ БГУ». Гэта значыць – «спортивно-оздоровительный лагерь БГУ».

Афармленне значка прамавугольнай формы простае, а малюнкі на ім яскрава перадаюць тэматыку і настальгію летняга адпачынку. У архівах БДУ захаваліся нават фотаздымкі 1977 года спартыўна-аздараўленчага летніка на Нарачы. Гэта дае прыблізную дату з’яўлення падобнага значка.

Свята Нептуна

Свята Нептуна ў спартыўна-аздараўляльным лагеры БГУ на Нарачы. 1977 год. Фота earchives.bsu.bу.

Фотаматэрыялы дэманструюць студэнтаў БДУ, якія арганізоўвалі свята Нептуна на беразе возера. Яно мела збольшага забаўляльны характар, але пры гэтым прыгожа і рэалістычна глядзіцца на фоне водных прастораў.

У савецкі час такое свята часта праводзілася менавіта падчас летніх лагераў адпачынку, было распаўсюджанай з’явай.

Значок звязвае з БДУ не толькі таму, што на Нарачы працавалі падобныя лагеры.

Пачынаючы з канца 1940-х гадоў на возеры з’яўляецца Нарачанская біялагічная станцыя. Неверагодна прыгожыя мясціны такім чынам сталі не толькі месцам адпачынку студэнцкай моладзі, але і месцам сур’ёзных даследаванняў.

Біялагічная станцыя

Яшчэ ў даваенныя часы ў гэтых мясцінах месцілася біялагічная станцыя Варшаўскага ўніверсітэта. Яе будынак і паклаў асновы для ўласна беларускай станцыі аналагічнага профілю.

Нарачанскую біялагічную станцыю назвалі імем заснавальніка беларускай гідрабіялагічнай школы і высакакласнага навукоўцы Рыгора Вінберга. Гэта станцыя – база для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных гідрабіёлагаў.

Менавіта тут распрацавалі метады і падыходы да вывучэння водных экасістэм, тэорыю і практыку рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў і аховы водных аб’ектаў.

Навуковыя распрацоўкі, абароненыя кандыдацкія і доктарскія дысертацыі з’яўляюцца сур’ёзнымі даследаваннямі ў галіне гідраэкалогіі, біялагічнай разнастайнасці беларускіх вадаёмаў і іншага.

Сімвал памяці аб неадназначнай гісторыі

Яшчэ адзін значок з беларускамоўным надпісам сведчыць пра цэлы комплекс азёр, якімі не кожны рэгіён і раён можа пахваліцца: Баторын-Мядзел-Мястра-Нарач.
Так званая Нарачанская група азёр злучаецца паміж сабой кароткімі пратокамі і мае агульны сцёк у Нарач.

Нездарма апошняя назва «Нарач» на значку як бы падкрэсліваецца, а надпіс знаходзіцца на полі з чырвонай эмалі, што сапраўды яе вылучае. У сваю чаргу літары назвы буйнейшыя за тры найменні іншых азёраў.

У цэнтры значка на фоне гарызонту і водных хваляў, зробленых з дапамогай блакітнага і белага колераў, размешчаная стэла, якая мае ў сапраўднасці 24 метры ў вышыню.

Яна прысвечаная партызанам гэтых мясцін. Яе ўзвялі ў 1968 годзе, калі стары манумент знеслі, а на яго месцы зрабілі новы абеліск «Партызанам Вілейшчыны».
Знізу помніка, на стыку дзвюх граняў, у паглыбленнях размешчаныя рэльефы. На першым жаўнер падтрымлівае цела параненага таварыша.

На другім фігура партызана, што гатовы ісці ў бой. Да абеліска вядзе каскад з 96 прыступак, праваруч знаходзяцца 18 бетонных блокаў з назвамі партызанскіх брыгад і атрадаў. Гэты помнік размешчаны на высокім узгорку бліз вёскі Мікольцы. У сваю чаргу вёска размешчаная практычна паміж двух азёр – Нарач і Мястра.

Героямі сталі дзякуючы фальсіфікацыі

Варта адзначыць усю неадназначнасць падзей, што адбываліся падчас нямецкай акупацыі на беларускіх землях. У вёсцы Нарач, што раней называлася Кабыльнік, жаўнеры вермахта забілі амаль дзве сотні яўрэяў. Ахвярамі станавіліся і мясцовыя жыхары, якіх загінула некалькі дзясяткаў чалавек.

Партызанская брыгада імя Варашылава пад кіраўніцтвам Фёдара Маркава, якая тут дзейнічала, таксама не адзначылася асаблівай мужнасцю ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі. Менавіта так званыя «маркаўцы» выгналі ўсіх жыхароў з хатаў і спалілі вёску Кабыльнік, а таксама зацкавалі да смерці мясцовага ксяндза.

Гэта пацвярджае той факт, што частка так званых «партызанскіх» атрадаў часам былі проста марадзёрамі і бандытамі.

Па афіцыйных дадзеных, на тэрыторыі Нарачанскага краю дзейнічала пяць партызанскіх брыгад. Прысутнічала ў гэтых месцах і Армія Краёва, аднак частку людзей атрада ліквідавалі. Гэта адбылося на палявой базе, дзе каля 80 краёўцаў расстралялі ўдзельнікі брыгады Маркава.

Аўтамат Калашнікава, савецкая зорка і партызанская шапка з чырвонай палоскай звязвае такі знак адрознення з ваеннымі дзеяннямі часоў Другой сусветнай вайны. Як адзначалася раней, усё досыць неадназначна і фактычна мясцовыя партызаны вялікага гераізму ў змаганні з нямецкімі акупацыйнымі войскамі не праявілі.

Таму значок лепей звязваць з агульнымі сіламі, у тым ліку і партызанскімі атрадамі, якія змагаліся супраць нямецкай акупацыі і на карысць мясцовага насельніцтва. Яшчэ не адно пакаленне будзе пераасэнсоўваць падзеі апошняй сусветнай вайны на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны.

Этап найноўшай гісторыі на сёння – развянчанне міфаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, што будзе паказваць на рэальны стан рэчаў у тыя страшныя ваенныя часы.

Значкі і падрабязны аналіз выяў на іх паказваюць на савецкія гістарычныя міфы пра агульны моцны ўздым беларускіх земляў у барацьбе з акупацыяй роднага краю войскамі вермахта. Натуральна, змаганне было, але падзеі былі надзвычай складаныя і неадназначныя, а з гэтага вынікае, што сёння трэба вельмі асцярожна займацца інтэрпрэтацыяй фактаў і не паўтараць савецкіх ідэалагічных штампаў.

Рыбацкія вёскі адваявалі сваё

Нарачанскі край не абмінулі падзеі паўстанняў 1794 і 1863 гадоў, як і падзеі Першай сусветнай вайны і савецка-польскага канфлікту. Прычым у часы Першай сусветнай войскі імперскай Расіі ў сакавіку 1916 года праводзілі нарачанскую наступальную аперацыю, якая ў некаторых гістарычных крыніцах мае назву «Нарачанская бойня».

Назва можа сведчыць пра вялікую колькасць забітых жаўнераў падчас ваеннай аперацыі: больш за 110 тысяч з абодвух бакоў. Менавіта падчас гэтых ваенных падзей немцы чарговы раз прымянілі хімічную зброю.

Краявіды Нарачы. Фота з Вікіпедыі.

Цікавай старонкай у гісторыі жыхароў Нарачанскага краю з’яўляюцца хваляванні мясцовага насельніцтва ў 1936 годзе, калі новая польская ўлада вырашыла нацыяналізаваць возера, з якога карміліся ўсе навакольныя вёскі.

У выніку пратэстаў жыхароў новай уладзе прыйшлося лічыцца з рыбацкімі вёскамі і прызнаваць іх права лавіць рыбу на возеры ў неабмежаванай колькасці. Удзельнічала ў забастоўках і бунтах каля пяці тысяч чалавек, яны дзейнічалі супольна, таму і перамаглі.

Адбываліся на гэтай тэрыторыі і рэпрэсіі, прычым ужо ў 1940 годзе, калі дэ-факта тэрыторыя ўвайшла ў склад БССР.

Этыкеткі бутэлек

Усе вышэйзгаданыя значкі выраблялі, хутчэй за ўсё, тэхнікай штампоўкі, што з’яўляецца даволі традыцыйнай тэхналогіяй. Усе пералічаныя аб’екты калекцыянавання зробленыя з алюмінію, а гэта найбольш танны і не цяжкі ў апрацоўцы метал.

На кожным значку свой набор каляровай гамы, разнастайныя выявы, што і робіць кожны з іх адметным. Не менш важным складнікам значка з’яўляецца і яго форма, што таксама ўплывае на візуальнае ўспрыняцце.

Яшчэ адным важным аб’ектам калекцыянавання, звязаным з Нарачанскім краем, з’яўляюцца этыкеткі ад бутэлек. У шырокім сэнсе слова гэты від калекцыі можа называцца філалідыя. Этыкеткі бутэлек, вырабленыя яшчэ ў савецкія часы, для калекцыянераў фактычна сталі рарытэтам.

Такіх ужо даўно не выпускаюць. Яны значна змянілі сваю форму, як і матэрыял, з якога вырабляюцца.

Прадпрыемства «Нарачанскі спіртзавод» не толькі стала называцца «Нарачанскі завод напояў», але і засяродзілася на выпуску пітной вады. Этыкеткі рознага часу паказваюць якраз на развіццё і эвалюцыю дызайну з савецкіх часоў. Мінеральная вада «Нарочанская» ў незалежнай Беларусі ператварылася ў ваду «Нарач», што аўтаматычна стала сур’ёзнай заяўкай на развіццё беларускага брэнда з мясцовай іскрынкай.

Насычаныя колеры этыкетак вылучаюць бутэлькі на паліцах крамаў, а кароткая назва лагатыпа на матчынай мове лёгкая для прачытання і заўважная. У рэшце рэшт хвалі на этыкетцы нагадваюць, што вада ў бутэльках з берагоў артэзіянскай свідравіны самага буйнога возера Беларусі.

Змена профілю можа тлумачыцца тым, што ў 1990 годзе на тэрыторыі завода былі адкрытыя запасы мінеральнай вады.

Розныя аб’екты калекцыянавання могуць шырока адлюстроўваць гісторыю пэўнай тэрыторыі і краю. Аднак з першага позірку здаецца, што значкі ці этыкеткі нічога ў сабе не хаваюць. Калі ж паглядзець на іх шырэй, паспрабаваць праз іх убачыць летапіс мясцовасці, стане відавочным, што яны непасрэдна адлюстроўваюць старонкі багатай гісторыі Айчыны.

• Текст доступен на языке: Русский