Напачатку красавіка артыст Мінскага абласнога драматычнага тэатра Андрыян Барткевіч адзначае паўвекавы юбілей.

Юбіляр – не толькі акцёр, але і рэжысёр-пастаноўшчык, кіраўнік народнага тэатра «Метамарфозы», кінарэжысёр-эксперыментатар.

Напярэдадні свята гутарым з Андрыянам Барткевічам.

Ваш самы першы ўспамін пра тэатр? Якая казка, спектакль і ў чыім выкананні вам помніцца?

– Спектакль па п’есе Бертальда Брэхта «Добры чалавек з Сезуана» ў пастаноўцы Юрыя Любімава. Дарэчы, з гэтага спектакля пачалася гісторыя Любімаўскай «Таганкі», а для мяне стала сімвалічным ўваходам ва ўсведамленне мастацтва тэатра.

 – Хто ці што зрабіла найбольшы ўплыў на выбар прафесіі артыста?

– Індыйскі акцёр Амітабх Баччан і югаслаўскі Гойка Мітіч. Я быў у захапленні ад блокбастэра «Помста і закон». А індзеец ўсіх часоў і народаў Чынгачгук скарыў сэрцы многіх маіх аднагодкаў. Але, калі іншыя захапляліся сюжэтам і асобамі герояў, то я рэальна хацеў менавіта сыграць іх, а не жыць іх жыццём.

– Як паставіліся бацькі, родныя і блізкія людзі да вашага выбару?

–  Вельмі спакойна. Мае бацькі выхоўвалі з мяне найперш прыстойнага чалавека, таму род маіх заняткаў і прафесія былі другаснымі. Галоўнае, на іх думку, каб я быў чалавекам ва ўсіх сэнсах.

– Што было самым складаным у авалоданні прафесіяй?

– Адэкватнае ўспрыманне сцэнічнага вобразу, які ты ствараеш, з тым, якім ты яго сабе ўяўляеш. Часцяком нашае ўспрыманне не адпавядае таму, што бачаць гледачы.

– Ваша любімая роля?

– Лапахін у «Вішнёвым садзе» Антона Чэхава. Між іншым, я быў і рэжысёрам-пастаноўшчыкам гэтага спектакля.

– А нелюбімая роля?

– Іх нават больш, чым вы можаце сабе ўявіць. Я вельмі спадзяюся, што глядач не заўважаў гэтай акалічнасці. Бо адна справа, калі я іграю нелюбімую ролю Цені ў спектаклі «Кім» і проста вельмі доўга стаю за шырмай. Іншая – калі мой персанаж на вачах усёй глядзельнай залы.

– Запаветная мара, якая здзейснілася.

– Была запаветная мара купіць аўтамабіль. Ну купіў. Ну, аўто… Але не стала мары. З таго часу раблю, што павінен і не загадваю ні пра што.

– Якімі якасцямі, на вашу думку, найперш павінны валодаць артыст тэатра?

– Мець розум. Талент без розуму – гэта недарэчнасць, бязглуздзіца, якая часам можа мець страшныя наступствы.

– А якімі якасцямі павінен валодаць рэжысёр-пастаноўшчык, каб вы адчувалі сябе камфортна і ўпэўнена падчас рэпетыцый і пастановак?

– Найперш рэжысёр павінен быць прафесіяналам, які валодае ўсімі інструментамі і метадамі дзеля ажыццяўлення творчай задумы. А ў працы з акцёрам самае важнае – давер.

– Якога творчага чалавека вы лічыце сваім настаўнікам ў мастацтве тэатра?

– Іх вельмі шмат: Аляксандр Кузін, Мадэст Абрамаў, Вячаслаў Грыбайла, Марк Захараў, Валеры Раеўскі, Галіна Шалянкова, Рыд Таліпаў, Акіра Курасава, Эмір Кустурыца… Спіс можна працягваць. Я не стамляюся вучыцца ў таленавітых творцаў.

Як вы думаеце, якіх пастановак і на якую тэму чакае маладзечанскі глядач?

– Я ўпэўнены, што тэма – не галоўнае. Сёння людзям не хапае праўдзівых пастановак пра чалавека і для чалавека. Шмат надуманага, а хочацца шчырага, сапраўднага.

– Як чалавек на працягу месяцаў і гадоў іграе адну і тую ж ролю? Хіба яна не прыядаецца?

– У дзіцячым спектаклі тэатра-студыі «АРТ» «Гусяня Дарафей» я іграў Вожыка. За два гады казка ішла каля шасцісот разоў! І не прыелася! Ведаеце чаму? Я – прафесіянал і кожны раз я іграў гэтую ролю крыху інакш. Многія ролі выконваеш на аўтамаце. Не абавязкова павінны кожны раз атрымаць задавальненне ад ігры, галоўнае, каб глядач быў задаволены.

– Момант найвялікшага задавальнення ад творчай работы?

– Усведамленне таго, што зрабіў ўсё магчымае. І адначасова здзіўленне – я гэта зрабіў!

– У свой час вы замахнуліся на Уільяма Шэкспіра. Які ўрок атрымалі, які досвед набылі?

– Я меў стасункі з самім Уільямам Шэкспірам. Гэта было свята! Шэкспір – гэта назаўсёды. Можна параўноўваць з іншымі пастаноўкамі, можна знаходзіць у іх нейкія хібы. Але судачыненне з класікай заўжды ўзбагачае.

– Чаго вы саромеецеся, ад чаго хочаце пазбавіцца?

– Прабачце, але гэта мая асабістая шафа са сваімі шкілетамі. Буду разбірацца з гэтым сам, не агаляючы душы.

– Вас добра ведаюць як рэжысёра-пастаноўшчыка дзіцячых спектакляў. Што самае складанае ў падборы п’есы для дзяцей і ў яе ўвасабленні?

– Па-першае, мяне як пастаноўшчыка мала хто ведае. Хіба што памятаюць мае спектаклі. Па-другое, асабіста для мяне ў падборы дзіцячай п’есы скаладасцяў няма. Проста павінна быць гісторыя з добрым героем, які перамагае. А прадставіць яе, з улікам дзіцячай псіхалогіі, неабходна такім чынам, каб было меньш слоў, а больш справы, больш руху.

– Ці павінен творчы чалавек абавязкова быць амбіцыйным?

– Амбіцыі не заўжды добрая рэч. Амбіцыйны дурань прыносіць разбурэнне. Творчы чалавек найперш абавязаны самаразвівацца, удасканальвацца. Сальвадор Далі казаў: «Не бойся дасканаласці – табе яе не дасягнуць!». Трэба шмат працаваць, бо і акцёр, і рэжысёр залежныя ад многіх абставінаў, ад многіх кіраўнікоў. Іншы раз тупа сядзіш без працы. Вось апошнія пяць гадоў я амаль не маю новых роляў, затое стаўлю спектаклі ў народным тэатры «Метамарфозы». Таму, пра якія амбіцыі можа ісці гаворка? Хіба толькі пра гонар прафесіянала, які вартасна выконвае сваю работу.

– Ці ёсць будучыня у тэатра?

– Вось адключаць электрычнасць – будзем байкі травіць каля вогнішча. Тэатр вечны! Гэта адна з формаў усведамлення рэчаіснасці, пазнання жыцця.

– Вы верыце ў прыкметы?

– Ёсць некалькі сноў, якія мяне папярэджваюць пра нейкія пераменах у жыцці.

– Калі параўноўваць Андрыяна Барткевіча 25-гадовага і сённяшняга, то што іх найперш адрознівае, а што засталося нязменным?

– Цяпер я не такі самаўпэўнены, меньш запальчывы. Але па-ранейшаму упарты.

– Якія недахопы вы найлягчэй даруеце людзям?

– Лёгка дарую чалавеку няведанне чагосьці.

– Ці ёсць чалавек у вашым акаленні, з якім бы вы не пабаяліся пайсці ў разведку?

– Ёсць. Гэта мой сябар Алег Асіноўскі, аўтар п’есы «Цішка, слухай!», якая была пастаўлена ў Мінскім абласным драмтэатры ў 2006 годзе і ішла некалькі гадоў. Шкада, што гэты музычны, сапраўды беларускі спектакль, спісаны з рэпертуару.

–  Чым вы кіруецеся, калі прымаеце лёсавызначальнае рашэнне?

– Задаю сабе пытанне: «А наколькі мне гэта патрэбна?» А далей альбо шашкі нагала альбо чакаю, пакуль адпусціць. Іншы раз логіка маўчыць, а гаворыць сэрца. Тады магу ўвязацца ў бойку, не думаючы пра наступствы.

– Якія маеце творчыя планы?

– Маю так званае партфоліа – збор п’ес, якія мару паставіць. Ёсць свабода творчасці ў народным тэатры «Метамарфозы». Ёсць здароўе і магчымасці прапагандаваць мастацтва тэатра ў навучальных установах, дзе часта знаходжу артыстаў для народнага тэатра. Ёсць магчымасць, як у барона Мюнхгаўзена, мець стасункі з Шэкспірам і іншымі слыннымі людзьмі праз іх творчасць.