Фота islam.ru.

Падрабязнасці гісторыі распавяла «Нашай Ніве» Аксана, мама 15-гадовага Максіма (імя змененае). Хлопец двойчы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, бо яму не давалі жыць разам з дарослай каханкай.

«Гэтая гісторыя мне запомнілася на ўсё жыццё. І пакінула вялікі след і ў мяне на душы, і ў майго Максіма, канечне», — прызнаецца Аксана.

Прыехала жыць да 21-гадовага, а пазнаёмілася яшчэ і з 15-гадовым

У гэтай вёсцы жыў 21-гадовы хлопец, Сяргей. Ён працаваў у калгасе пастухом, быў сіратой, таму і атрымаў ад калгаса які-ніякі дом.

«Не піў, увогуле, добры хлопец. Дапамагаў мне часта па хатняй гаспадарцы, я за гэта яго карміла, часам нават вопратку пакупала яму. Ды і працавалі мы разам. І з сынам маім пасябраваў, — расказвае Аксана. —

У пачатку снежня 2018 года Сяргей пазнаёміўся ў інтэрнэце з Крысцінай — яна з Горак. Перапісваліся спачатку, пасля Сяргей да яе з’ездзіў, а затым вырашыў запрасіць яе ў госці.

Крысціне — 20 гадоў. У яе ўжо дзіця ёсць, маленькі сын. Але сама дзяўчына пазбаўленая бацькоўскіх правоў. За што — не ведаю. Малога даглядае бабуля. Дзе сама Крысціна жыла? Дзе Бог дасць. Цягалася па мужыках».

У выніку Крысціна прыехала да Сяргея ў вёску. Але ў хаце хлопца не было святла, таму яны пайшлі ў госці да Аксаны.

«Ну чаго сядзець у цемры? Пасядзелі, пагаварылі… Дзяўчына, на першы погляд, неблагая. Па размовах было зразумела, што яны збіраюцца разам жыць, — узгадвае Аксана. — Тая Крысціна нават схадзіла да нас у калгас, папрасілася на працу. Ёй далі дабро, паабяцалі, што возьмуць.

Але Крысціну такое жыццё не задавальняла. Бо што той Сяргей, сірата ж — тэлевізар, ложак і больш няма нічога».

Яшчэ некалькі разоў Крысціна з Сяргеем заходзілі у госці да Аксаны і яе сына. Жанчына кажа, што была не супраць, але пасля пачала заўважаць, што яе сын пачаў па вечарах надта рэгулярна выбірацца «пагуляць».

«Пазней высветлілася, што тая Крысціна запрыкмеціла майго 15-гадовага Максіма. Паглядзела, што дома ў нас святло ёсць, інтэрнэт ёсць — можна жыць спакойна, нідзе не працуючы, так яна і прывыкла.

І Максім мой пачаў да мяне інакш ставіцца. Раней быў хатні хлопец, ветлівы. А тут бачу, інакш нават размаўляе, — кажа Аксана. —

Сяргей заўважыў інтарэс сваёй дзяўчыны да майго сына. Распавёў пра гэта мне. Я пачала разбірацца, але мне адказалі, што гэта няпраўда, Максім, маўляў, толькі сябар.

«Табе 20 гадоў, што ты робіш?!»

А праз пару дзён прыходзіць дадому Максім разам з Крысцінай. Кажуць мне, што Сяргей выгнаў дзяўчыну з дома, бо не хоча з ёй больш сустракацца.

Я падумала: 9 гадзін вечара, не пойдзе ж тая Крысціна пехатою да Горак — 23 кіламетры ўсё ж. Пакінула яе пераночыць, кажу, заўтра тады паедзеш.

Яна засталася. І пачаліся прыгоды».

На наступны дзень Аксану забралі ў бальніцу. Увечары ёй патэлефанавала дачка, старэйшая сястра Максіма, і расказала, што Крысціна нікуды не з’ехала, бо ў яе нібыта няма грошай на квіток.

Пастух Сяргей спрабаваў павесіцца і рэзаў вены праз тую Крысціну — бо яна сышла жыць да 15-гадовага Максіма. Пасля Сяргей перастаў хадзіць на працу, яго звольнілі з калгаса і адабралі ключы ад хаты. Сказалі, каб ішоў на ўсе чатыры бакі.

Сяргей і пайшоў. Бадзяўся па вёсцы пару тыдняў, ночыў у хлявах. Пазней Аксана праз знаёмых даведалася, што ў суседняй вёсцы даюць пакой у інтэрнаце, дапамагла яму ўладкавацца туды пастухом.

«Я пазваніла Крысціне, тлумачу: табе 20 гадоў, што ты робіш? Я ж не магу з Магілёва, з бальніцы, прыбегчы, каб выкінуць цябе з хаты. Прашу, сыходзь з жыцця дзіцяці!

Яна мне адказвае: мы з вашым сынам кахаем адно аднаго, збіраемся жыць разам. Я нікуды не паеду, кажа. Тады я пазваніла сыну. Максім мне кажа: я Крысціну кахаю! — распавядае Аксана. —

У нас засталася чатырохпакаёўка тут у вёсцы, калі бабуля памерла. І Максім кажа — пайду туды, буду там з Крысцінай жыць.

Тлумачу сыну, што яму б спачатку хаця б 9 класаў скончыць. Ён, здаецца, зразумеў… Але тая Крысціна так нікуды і не з’ехала».

Аксана ўсё яшчэ была ў бальніцы. Таму яна папрасіла сваячку, каб тая дапамагла. Сваячка прыехала, выгнала Крысціну з хаты.

«Я думала, ну ўсё, на гэтым канец. Але не. Тая Крысціна пабачыла, што ў майго сына чатырохпакаёўка ёсць і ў спакоі яго не пакідала. Расказвала, як яны будуць там жыць удваіх, казала, што нараджае яму дзяцей і яго ў войска не возьмуць. А яму што, 15 гадоў чалавеку, першая дзяўчына… Плюс яны ж, як пазней стала вядома, яшчэ і пераспалі. Ну і «паплыў», — тлумачыць Аксана.

«Спаліўся» на застаўцы мабільніка

Дарэчы, Максім не хваліўся ў школе пра тое, што ў яго быў сэкс, як казалі раней. Па словах Аксаны, настаўніца проста забрала на ўроку мабільны хлопца, пабачыла там на застаўцы фота, дзе ён цалуецца з відавочна старэйшай дзяўчынай. Паглядзелі іншыя фота, паведамілі сацыяльнаму педагогу… Ну і закруцілася.

«І панеслася. Я ў бальніцы ляжу, а мой сын дома ў роспачы і істэрыцы спрабуе скончыць жыццё самагубствам», — кажа Аксана.

Па яе словах, Максім два разы спрабаваў павесіцца:

«Гэта былі не жарты і не паказуха, ён усур’ёз спрабаваў. Адзін раз дома на гарышчы вешаўся. Сястра пачула шум, пабегла да яго… Другі раз Максім ізноў вешаўся, ужо ў хлеве, на дроце ад плойкі маёй… Тады яго хлопец сястры выратаваў. Таксама казаў, што тапіцца будзе. Але сястра ўжо сачыла за ім».

Але паціху Максім супакоіўся. 31 снежня Аксану выпісалі з бальніцы. Сын сказаў ёй, што зносін з Крысцінай больш не падтрымлівае.

«Але ноччу бачу, што ізноў з ёю перапісваецца. Я забрала ў сына мабільнік, пішу Крысціне, каб адчапілася ад Максіма. Гляджу, а яна яму дасылала свае аголеныя фоты…

На ўсе мае просьбы і пагрозы Крысціна адказвала так: «У нас з Максімам каханне. А ты мне нічога не зробіш, у мяне дзядзька ў міліцыі, мяне не пасадзяць», — кажа Аксана.

Крысціна абяцала хлопцу, што яны разам будуць жыць у яе бабулі ў Горках. Казала, прыязджай, будзем разам маё дзіця расціць. Працягвала перапісвацца з Максімам. Хлопец закінуў вучобу, пачаліся праблемы ў школе. Ад яго адвярнуліся аднакласнікі, цяпер ён ні з кім у школе не падтрымлівае блізкіх зносінаў. Пра гэта кажуць і вучні, і сама Аксана.

«У яе яшчэ чацвёра такіх»

«А пасля я паглядзела, што Крысціна ў «Укантакце» заходзіла з нашага камп’ютара. Зайшла ў яе профіль, адкрыла перапіскі, а там яшчэ чацвёра такіх, якім яна абяцае каханне. Старэйшаму, здаецца, 22 гады, малодшаму — 13», — узгадвае жанчына.

Аксана паказала гэта сыну. Той пасварыўся з Крысцінай. Нарэшце «каханне» спынілася.

12 лютага Крысціну асудзілі. Дзяўчына атрымала штраф і 1,5 года «хатняй хіміі».

«На судзе яна не раскаялася. Стаяла, пасміхалася. Сказала, што ёсць у яе нейкі новы хлопец, яна збіраецца замуж за яго і будзе нараджаць яму дзяцей. Я тады спытала: першага твайго сына бабуля расціць, а наступных каму аддаваць будзеш? Крысціна адказала, што калі трэба, то бабуля ўсіх дзяцей вырасціць.

Сёння Максім са сваёй былой каханкай зносін не падтрымлівае. Гаварыць пра Крысціну не хоча, ўзгадвае неахвотна.

«Правільна, што яе асудзілі. Менш будзе лезці да малых», — кажа цяпер Максім.

Крысціна не захацела каментаваць «Нашай Ніве» гэтую гісторыю. Паведаміла толькі, што цяпер у яе 24-гадовы хлопец, у іх каханне.

«Так, я па глупству звязалася з малалеткам. Цяпер ужо мне ўсё роўна, — паведаміла Крысціна. — Суд быў і мне далі па заслугах»

• Текст доступен на языке: Русский