Усё жалезнае рана ці позна іржавее. У тым ліку аўтамабілі. І рана ці позна падчас праходжання тэхагляду або пры куплі-продажы аўто можна пачуць: «А ў вас нумар кузава згніў!».

У нашым распараджэнні – «Форд Эскорт», універсал 1996 года. Ён быў на «транзітах» – зняты з уліку болей за год таму. За гэты час нумар кузава, ён жа VIN-код, моцна саржавеў. Пакупнік разумеў: будуць пытанні з пастаноўкай на ўлік. І разам з ім «РГ» адправілася ў Маладзечанскі міжраённы аддзел судовых экспертыз – менавіта там вызначаюць, што з нумарам не так.

Чаму нумар такі важны?

Нумар кузава або рамы транспартнага сродку (Vehicle identification number, VIN) – самы галоўны ідэнтыфікацыйны знак аўтамабіля. Гэта ўнікальны код, у якім зашыфраваныя вытворца, характарыстыкі і год выпуску транспартнага сродку. Ён не проста дапамагае знайсці правільныя запчасткі, але і вызначае, ці не знаходзіцца машына ва ўгоне або мае іншы крымінальны лёс.

Гэты нумар правяраецца пры зняцці аўто з уліку і пастаноўцы на ўлік, а таксама на тэхаглядзе аўто. Пры любым пашкоджанні гэтага нумара або сумневах у яго арыгінальнасці ўласніка машыны накіруюць да судовых экспертаў, якія разбяруцца, што ж з ім не так.

Калі машыны трапляюць на экспертызу

– Часцей за ўсё да нас накіроўваюць аўтамабілі з МРЭА ДАІ або станцыі тэхагляду. Ёсць і ўласнікі, хто сам бачыць: нумар кузава пашкоджаны карозіяй, і прыязджаюць самі, – распавёў старшы эксперт сектара крыміналістычных экспертыз Маладзечанскага міжраённага аддзела судовых экспертыз капітан юстыцыі Аляксей Рабовіч. – Экспертыза ў гэтых выпадках праводзіцца на платнай аснове. Таксама машыны могуць трапляць да нас ад мытнікаў, следчых – гэта бывае ў выпадках, калі падазраюць, што ў VIN-код уносіліся змены.

Аляксей скончыў Акадэмію МУС і па размеркаванні патрапіў у Валожын, у экспертна-крыміналістычны сектар Маладзечанскага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз. Праз паўтара года з’явілася вакансія ў самім Маладзечне. Аляксей прайшоў стажыроўку і ў 2016 года стаў адзіным на Маладзечна, Вілейку і Валожын спецыялістам, які можа займацца экспертызамі, звязанымі з ідэнтыфікацыяй транспартных сродкаў. Нагрузка вялікая. Але хутка ў эксперта з’явіцца памочнік – цяпер ён стажыруецца.

За 2018 год Аляксей правёў экспертызу 145 аўтамабіляў на платнай аснове. Яшчэ 25 машын патрапілі да эксперта па падазрэнні ў крымінальным мінулым.

Самыя напружаныя месяцы – чэрвень і ліпень, зімой колькасць экспертыз рэзка змяншаецца. Яно і зразумела: аўтааматары пачынаюць прыводзіць у парадак свае машыны або рыхтаваць да продажу пры спрыяльным надвор’і, тады і звярта­юць увагу на стан VIN-кода.

Экспертыза адказвае на шэраг пытанняў. Ці змяняўся ідэнтыфікацыйны нумар транспартнага сродка, прадстаўленага на экспертызу? Калі змяняўся, то які змест першапачатковага VIN-кода? Ці маецца на прадстаўленым транспартным сродку завадская шыльда? Калі так, то ці ўносіліся змены ў яе змест і ці падвяргалася яна перазамацаванню? Адказы на іх дазваляюць вызначыць: VIN проста пашкоджаны часам або зменены наўмысна.

Як праводзіцца экспертыза

Уласнік аўто піша заяву. Пасля заключаецца дамова на экспертызу. Кошт экспертызы залежыць ад затрачаных часу і расходных матэрыялаў эксперта. Пасля пацвярджэння аплаты эксперт прымаецца за працу.

Мы загналі «Форд» на пляцоўку да экспертаў. Даследаваць трэба нумарную пляцоўку да бліжэйшай панэлі, злучанай кропкавай зваркай. Таму заяўніку лепш загадзя паклапаціцца пра доступ да яе. У «Фордаў» нумар кузава месціцца на падлозе справа ад пярэдняга пасажырскага крэсла, таму нам давялося зняць пасажырскае крэсла і пластыкавыя накладкі, каб можна было падняць дыван і агледзець падлогу машыны ажно да цэнтральнага тунэля.

Аляксей пачаў з фатаграфавання машыну з розных ракурсаў – гэта частка методыкі. Наогул, кожны этап яго працы фіксуецца на фота: нумарная пляцоўка, шыльда пад капотам, нумар на панэлі пад лабавым шклом…

Далей быў нанесены адмысловы хімічны састаў на ўсё нумарную пляцоўку. Чакаем паўгадзіны і змываем састаў – разам з фарбай. Ужо на гэтым этапе эксперт можа ўбачыць «лішнія» зварныя швы. Калі ж усё добра, працуюць далей з самім нумарам. Металічнай шчоткай акуратна выдаляецца верхні пласт іржаўчыны, пры патрэбе хімічна вытраўліваюцца яе рэшты. У нашым выпадку гэтага не спатрэбілася – нумар цалкам прачытаўся пасля змыўкі фарбы.

Фрагмент нумара кузава да і пасля экспертызы.

А што, калі ад нумарной пляцоўкі не засталося жывога месца?

– Мы абавязкова глядзім ідэнтыфікацыйную шыльду пад капотам. Робім высновы, ці было незавадское ўмяшальніцтва, – патлумачыў эксперт.

Гэтая шыльда – другі па важнасці элемент ідэнтыфікацыі пасля самога нумара кузава. Звычайна яна прыкляпаная да той ці іншай панэлі пад капотам. Эксперты ведаюць, як павінна выглядаць завадская клёпка, дзе ў выпадку падазрэнняў на неарыгінальнасць самой панэлі шукаць зварныя швы.

Нумар проста згніў…

Іржавы нумар – абсалютная большасць сітуацый, з якімі сутыкаюцца эксперты. Найчасцей на экспертызу прыязджаюць «Форды» і «Фіяты»: VIN-нумар выбіты на падлозе, дзе збіраецца вільгаць. Дзіўна, але старыя «Опелі», што маюць рэпутацыю машын, якія вельмі хутка гніюць, на экспертызе з’яўляюцца значна радзей.

– Нумар кузава, які яшчэ год таму быў у прыстойным стане, да наступнага тэхагляду можа згніць цалкам нават праз невялічкую дзірачку, якая з’явілася ў падлозе побач, – патлумачыў Аляксей. – Бывае, што на праблему звяртаюць увагу своечасова. Мы раім падварваць падлогу знізу і такім чынам, каб было бачна: прастора з нумарам кузава – адзінае цэлае з астатняй яго часткай.

Бываюць сітуацыі, калі ані нумара кузава, ані шыльды ўжо фактычна няма: час бязлітасны. Старыя грузавікі, напрыклад. І калі эксперт не выявіць слядоў умяшальніцтва, то машыну зарэгістраваць усё-ткі будзе магчыма. Але без права продажу на працягу трох год.

…або мае сляды ўмяшальніцтва

Любое ўмяшальніцтва ў ідэнтыфікацыйны нумар транспартнага сродку – крымінальнае злачынства.

Напрыклад, калі машына была ўгнаная, нумар кузава або рамы маглі змяніць: перабіць або ўварыць пласціну з нумарам, памяняць ідэнтыфікацыйную шыльду.

– Бываюць сітуацыі, калі машына была ўгнаная, скажам, у Расіі, нумары перабітыя, дакументы фальшывыя, а выкрываецца гэта толькі тады, калі пакупнік спрабуе паставіць яе на ўлік. У інспектара, хутчэй за ўсё, узнікнуць пытанні да ідэнтыфікацыі. А ў нас ёсць спосабы з дапамогай хімічных рэчываў вытравіць арыгінальны нумар і зафіксаваць яго значэнне, – расказаў Аляксей.

Калі падазрэнні пацвярджаюцца, аўто вывучаюць вельмі дасканала. Адбываецца ідэнтыфікацыя маркіроўкі рухавіка, каробкі пераключэння перадач, нават асобных кузаўных элементаў. Можа спатрэбіцца і камп’ютарная дыягностыка.

Калі эксперты выкрываюць арыгінальны нумар і высвятляецца, што аўто лічыцца ва ўгоне, з машынай можна развітацца. Часцей за ўсё машына вяртаецца сапраўднаму ўласніку.

– У мяне быў выпадак, калі ўласнік сказаў: я тут атрымаў страхоўку і набыў сабе машыну яшчэ лепшую, і хай пакупнік, які патрапіў у гэтую сітуацыю, пакіне аўто сабе, – распавядае Аляксей. – Тады машына засталася ў пакупніка, але, канешне, у тэхпашпарце з’явілася адзнака, што VIN-нумар быў зменены. Але гэта вялікая рэдкасць.

Усё ў парадку. Што далей?

На тое, каб аформіць пісьмовае заключэнне з вынікамі экспертызы, у адпаведнасці з дамовай у эксперта ёсць 30 дзён. Гэта даволі працаёмкі працэс: падвесці вынікі, падмацаваць фотаздымкамі, атрымаць рэцэнзію на дакумент у кіраўніцтва… А машын-жа шмат. Пра гатоўнасць заключэння заяўнік даведваецца па пошце. Аднак, кажа Аляксей, звычайна ўласніку тэлефануюць, і ён можа прыехаць у аддзел, пісьмова адмовіцца ад паштовага паведамлення і адразу атрымаць дакумент. Ён будзе падставай для таго, каб зафіксаваць тую ці іншую працэдуру зверкі VIN-кода ў тэхпашпарце.

Як ідэнтыфікаваць аўтамабіль, вырашае інспектар у МРЭА ДАІ: трэба ўклеіць у тэхпашпарт фотаздымак з рэштамі нумара на кузаве, якія яшчэ можна прачытаць, або дастаткова шыльды пад капотам.

– Сачыце за станам нумарной пляцоўкі! І будзьце пільнымі, калі набываеце аўто! – на развітанне кажуць эксперты, калі мы сядаем у старэнькі «Форд» і едзем чакаць заключэння.

Маладзечанскі міжраённы аддзел Дзяржкамітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь месціцца па адрасе: завулак Партызанскі, дом 1. Запісвацца на экспертызу трэба загадзя па нумары (8-0176) 50-08-74.

• Текст доступен на языке: Русский