На флот Эдварда Руткоўскага прызвалі ў 1964 годзе. Яму было 19 гадоў. З 260 чалавек чатырох аб’яднаных ваенкаматаў Маладзечна, Вілейкі, Мядзела і Валожына ў ваенна-марскі флот трэба было набраць 12 чалавек. Але адабралі толькі шэсць, бо астатнія не прайшлі камісію.

Будучых маракоў адправілі ў Кранштадт, у вучэбны атрад падводнага плавання. Там Эдвард прайшоў курс маладога байца. Правучыўся 11 месяцаў.

У 1965 годзе юнак трапіў на Паўночны флот у Мурманскую вобласць, у Севераморск. Адтуль – на падводную атамную лодку першага пакалення К19 у горад Ягельная Губа, цяпер Гаджыева.

Падчас адпачынку паміж паходамі. Злева направа: Рыгор Яхімец, Эдвард Руткоўскі, Аляксандр Ліпа, Анатоль Шэпігузаў. Фота забяспечанае Эдвардам Руткоўскім.

Досведу ў плаванні амаль не было

Падчас службы марак тройчы хадзіў у дальнія паходы. Першы – у 1966 годзе на Паўночны полюс, куды субмарына прайшла пада льдамі.

– Наша задача ў выпадку вайны заключалася ў тым, каб запускаць з лодкі ракеты. Вядома, былі вучэбныя стрэльбы – без атамных зарадаў, – тлумачыць субяседнік.

На К19 яшчэ ў ліпені 1961 года, адбылася аварыя правага рэактара, радыяцыйнае становішча пагоршылася. Экіпаж эвакуіравалі, але восем чалавек загінулі, астатнія атрымалі дозы апраменьвання, якія ў шмат разоў перавышалі дапушчальныя.

К19 – першы савецкі атамны ракетаносец. За шматлікія аварыі лодку на флоце называлі «Хірасіма». Некалькі чалавек загінула яшчэ да спуску падлодкі на ваду ў 1959 годзе. 12 лістапада 1960 года лодка ўступіла ў строй. Магла весці агонь толькі ў надводным становішчы.

Падчас паходаў у кожнага ў экіпажы былі дазіметры вымяраць дозу радыяцыі. Часам яна перавышала дапушчальны ўзровень.

Будучыя электрыкі падводных лодак падчас вучобы ў Кранштаце. Фота забяспечанае Эдвардам Руткоўскім.

Другі і трэці паходы – 1967 і 1968 гады служыць давялося на падлодцы таго ж класа К145. Падчас плаванняў былі ў Егіпце, В’етнаме, на Кубе, плавалі ў Ціхім акіяне.

Як выглядала падлодка

Гэта атамная субмарына складалася з трывалага і лёгкага карпусоў. У прасторы паміж імі размяшчаліся цыстэрны галоўнага баласта. Каб лодка пагрузілася ў ваду, ёмістасці напаўняліся вадой. У вышыню трывалы корпус быў 6,9 метраў, лёгкі – 9,6. У даўжыню лодка складала больш за сто метраў.

На ёй былі розныя адсекі, ізаляваныя ­адзін ад аднаго. Два тарпедныя, акумулятарны, камандны пункт, ракетны, дызельны, турбінны, адсек жывучасці, дзе стаяла ўсё кіраванне лодкай. Жылы – кожны выконваў пэўную функцыю.

Падчас паходаў каманда не падымалася на паверхню зусім, толькі па заданнях усплывала на вызначаную глыбіню. Звычайна плавалі на глыбіні не больш за 240 метраў.

Служыць было цяжка

На субмарыне служыла 114 чалавек. У асноўным, беларусы і ўкраінцы. Былі і рускія, служыў адзін армянін.

– Цяжка было. Паход доўжыўся больш за 80 сутак. Адны і тыя ж людзі, падбіралі, каб былі падобныя характарамі. Мала рухаліся, ніякіх трэнажораў не было.

Асабліва цяжка пераносілі тэмпературу. Вада за бартом – больш за 30 градусаў, у каюце – каля 40. Ахаладжальныя ўстаноўкі не спраўляліся. Узгадаю, і валасы дыбам становяцца. Уявіце, 40 градусаў, як у кансервавым слоіку.

Расклад дня не змяняўся. Ад дзвюх да шасці раніцы – вахта, да 14 – адпачынак, зноў чатыры гадзіны вахта, потым да дзвюх – сон. Субяседнік дзеліцца, крэслы – па-марскому «банкі», – на якіх сядзелі падчас баявога поста, круціліся. Каб чалавек не прытуліўся да сцяны і не заснуў.

Чым кармілі на субмарыне

Кармілі чатыры разы на дзень. На сняданак – 200 грамаў соку, 300 – кавы, палову батона, неабмежаваная колькасць масла, кілбасны ці сасісачны фарш, чорная або чырвоная ікра.

На абед – суп, боршч ці грыбны. Катлеты або біточкі з розным гарнірам, ікра, шакалад, 200 грамаў сухога віна. Вячэралі кашамі, разведзенымі сухім малаком. У дзевяць вечара атрымлівалі чай, печыва і мёд. Акрамя гэтага, у неабмежаванай колькасці можна было есці сушаную рыбу, селядзец, сушкі, сухары, сгушчонку, сок.

Быў нават хлеб. Каб ён захоўваўся доўгі час, боханы насычалі спіртам і захоўвалі ў цэлафанавым пакеце. Пры ўжыванні ў ежу разагравалі, і хлеб станавіўся свежым.

Як адпачывалі на падлодцы

У камандным адсеку ў труме была курылка. Паліць пускалі па чарзе па тры чалавекі на хвіліну-паўтары. Жадаючых было шмат. Паветра, адпаведна, павінна было паспець адфільтравацца.

– Падчас адпачынку глядзелі кіно ў кают-кампаніі, некаторае па пяць разоў. «Каўказкую палонніцу», напрыклад. На паход бралася каля 50 фільмаў, вядома, усе ў запісах. Глядзелі хакей. Чэмпіянаты свету, Алімпійскія гульні. Замест музыкі «слухалі» рухавікі. Гулялі ў шахматы і шашкі. Больш за ўсё не хапала свежага паветра, зялёнай травы, сонца, ракі, леса.

Фота забяспечанае Эдвардам Руткоўскім.

З флоту ён звольніўся ў 1968 годзе ў званні галоўнага старшыны каманды электрыкаў. У наступным годзе ажаніўся – праз паўтара месяца пасля знаёмства. У 1970 у пары нарадзіўся сын Віктар. Праз чатыры гады – дачка Алена. З жонкай Зінаідай наш герой пражыў 41 год – яна памерла ў 2010.

Пасля службы 27 гадоў Эдвард працаваў слесарам-мантажнікам, пасля ўладкаваўся ў прыватную фірму брыгадзірам-мантажнікам. У 2006 годзе пайшоў на пенсію.

Падчас службы, заўважае Эдвард, не было «дзедаўшчыны», паважалі адзін аднаго, знаходзіліся ў аднолькавых умовах.

– Як казаў капітан другога рангу, камандзір дывізіёна падводных лодак брыгады падводных лодак Паўночнага флота Гаджыеў «Нідзе няма і не можа быць такой роўнасці перад смерцю, як сярод экіпажа Падводнай Лодкі, на якой або ўсе перамагаюць, або ўсе гінуць», – Эдвард паказвае памятны здымак са службы з цытатай.

На жаль, цяпер сувязь з саслужыўцамі амаль згубілася. Пасля распаду СССР змяніліся адрасы амаль ва ўсіх.

Кантактаваў з Іванам Пінчуком, які з-пад Ліды. Былы марак Уладзімір Ярмолінскі жыве ў Мінску.

На днях Эдвард трапіў на адрас прыяцеля Рыгора Яхімца. Стэлефанаваўся, узгадалі службу, і здалося, яна была толькі ўчора.

Цяпер Эдварду Руткоўскаму 73 гады. Фота Таццяны Касьян.