Упершыню ў Беларусі пачала дзейнічаць футбольная ліга для дзяўчат, узрост якіх не перавышае 13 гадоў. Адкрыццё турніру, які рэалізуецца пры падтрымцы FIFA і Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу», прайшло ў Смаргоні 6 красавіка на стадыёне ДЮСШ па футболе.

У дэбютным сезоне ў «Футбольнай лізе дзяўчат» гуляюць 60 калектываў з усёй Беларусі, у тым ліку каманда са Смаргоні. Удзел у спаборніцтвах прымаюць не толькі каманды ДЮСШ ці спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, але і прадстаўніцы звычайных агульнаадукацыйных школ або фізкультурна-спартыўных клубаў пры выканкамах.

– Гэта ўнікальны праект, які па ўсёй Беларусі адкрывае для дзяўчат выдатны свет футбола. Гульня №1 прекрасна тым, што яна прыносіць шмат эмоцый. Больш за тое, знішчае бар’еры паміж людзьмі: сацыяльныя, палітычныя і, што асабліва важна ў сучасных рэаліях, гендарныя. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб ператварыць жаночы футбол у масавы від спорту. І з дапамогай «Футбольнай лігі дзяўчат» робім істотны крок у напрамку гэтай мэты, – адзначыў намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Вергеенка.

Каманды падзеленыя на восем зон па тэрытарыяльным прынцыпе. Пераможцы васьмі рэгіянальных зон выходзяць на рэспубліканскі этап і ў пачатку чэрвеня прыязджаюць у Мінск, дзе ў матчах па алімпійскай сістэме вызначаць лепшую каманду Беларусі.

Ліга адукацыйна-арыентаваная: кожны дывізіён названы ў гонар выбітнай беларускі.

У дывізіёне «Сцеша», у якім гуляе смаргонская каманда, змагаюцца за выхад у плэй-оф сталічная «Славянка», прадстаўніцы ФСЦ Першамайскага раёна Мінска, ФК «Старт» (Мінск), футбалісткі СДЮШАР «МТЗ» (Мінск), ФК «Мінск – 1», «Зорка – БДУ» (Мінск) і футбалісткі Маладзечанскай ДЮСШ-4.

• Текст доступен на языке: Русский