Два тыдні таму ў Смаргоні з’явіўся клуб аматараў бегу – дабравольны бегавы рух для ўсіх аматараў. Дзеці і дарослыя, усе, хто любіць спорт, могуць прыходзіць на трэніроўкі і ўмацоўваць сваё здароўе.

Жадаючыя збіраюцца на прабежкі ў аўторак, сераду і чацвер у 18:30 і ў суботу ў 15:00 ля помніка Леніну. Робяць размінку, прабежку, бегавыя практыкаванні, прыктыкаванні на расцяжку цягліц і суставаў – гэта карысна пасля трэніроўкі. Затым ідуць на футбольную пляцоўку гуляць у разнастайныя гульні з мячом, напрыклад, выбівалы ці два капітаны. Пра сустрэчы дамаўляюцца ў чаце сацсеткі.

Фота забяспечанае Русланам Цыбоўскім.

– Да нас могуць прыходзіць абсалютна ўсе, ніякіх патрабаванняў няма. Вядома, заняткі цалкам бясплатныя. Трэніроўка доўжыцца дзве гадзіны, але наведнікі колькі разоў казалі, што гэты час пралятае як пяць хвілін. Больш за ўсё пакуль што на заняткі прыходзіла 17 чалавек – 12 дарослых і пяць дзяцей, – распавёў адзін з арганізатараў клуба, інструктар-метадыст Смаргонскага цэнтра фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай працы Андрэй Арзамасцаў.

Удзельнікі клуба ўжо паспелі прыняць удзел у дабрачынным паўмарафоне «Інакш», які 31 сакавіка арганізаваў у Мінску інклюзіўны спартыўны клуб «Крылы ангела».

Паўмарафон «Інакш» – спаборніцтва, у якім нароўні з усімі ўдзельнічаюць бегуны з аўтызмам і атлеты ў калясках.

Забег праводзіўся па правілах «дыстанцыі, якая растае». Хто першы прабягае палову дыстанцыі, разварочваецца і вяртаецца назад. Усе, каго ён сустрэў, таксама бягуць за ім.

Фота забяспечанае Русланам Цыбоўскім.

– Многія жадючыя займацца ў клубе жывуць далёка, таму трэніруюцца асобна, але гатовыя ўступіць да нас і выступаць за наш клуб. Ведаю, цяпер шмат хто выступае ў маладзечанскім клубе аматараў бегу «Рэгіён» за Маладзечна. У мяне нарадзілася ідэя стварыць свой клуб і выступаць за Смаргонь, чым мы горшыя, – расказвае Арзамасцаў. – У ініцыятыўнай групе, акрамя мяне, былі мае сябры – Таццяна Куцакова, Кацярына Апановіч, Арцём Апановіч, Святлана Дрэўс, Вадзім Пракаповіч. Расказаў ім, падтрымалі, сказалі, ідэя карысная для лю­дзей. Сталі дапама­гаць, прасоўваць рух у сацсетках, расказваць знаёмым.

Клуб пакуль афіцыйна не аформлены, але, па словах Арзамасцава, гэта толькі справа часу.

Фота забяспечанае Русланам Цыбоўскім.

– Для ўступлення ў клуб будзем прасіць толькі напісаць заяву. Наконт аплаты, магчыма, увядзём дабравольныя ўнёскі – невялікія, напрыклад, па пяць рублёў, каб набыць інвентар. Будзем старацца прыцягваць спонсараў, – расказвае Арзмасцаў.

Наведнік клуба Руслан Цыбоўскі даведаўся пра яго ад сяброўкі Іны Ламаноўскай.

– Папрасіла мяне скласці ёй кампанію на прабежцы. Па сутнасці, гэта была першая прабежка клуба. Там пазнаёміўся з астатнімі ўдзельнікамі. Пасля першай прабежкі вырашыў, што яна будзе не апошняй. Атрымаў масу станоўчых эмоцый, зарад ба­дзёрасці і энергіі і новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі, – расказвае Руслан.– Наогул, да здаровага ладу жыцця стаўлюся станоўча, бо гэта не толькі карысна для здароўя, спорт яшчэ спрыяе развіццю вынослівасці, росту мышцаў, што прыводзіць у выдатную форму цела. Знайсці падрабязную інфармацыю пра клуб можна па хэштэгу #followsmorgon.

Фота забяспечанае Русланам Цыбоўскім.