Традыцыйную прыборку ў суботу, 6 красавіка, арганізаваў каардынатар “Зялёнага дазору” Аляксандр Дарашэвіч. Да яго далучыліся вучні і настаўнікі Спондаўскай школы-сада.

Сёлета ўдзельнікі прайшліся з прыборкай у двух кірунках: ад вёскі Вялікая Страча да вёскі Страчанка, а таксама ад Страчанкі да Чорнай Лужы.

Пакеты для смецця напаўняліся хутка: у іх траплялі ў асноўным пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, раскіданыя па ўскраінах дарог, а таксама асобныя пакеты са смеццем, якія нехта не данёс да памыйкі.

– Мы прыбіраемся тут ужо каторы год. Калі параўноўваць сённяшнюю прыборку з першымі, то так, смецця стала троху менш, – заўважае Аляксандр Дарашэвіч. ­– Але да чысціні нам яшчэ вельмі далёка.

Мужчына перакананы, што нават з пункту гледжання псіхалогіі важна пакідаць пасля сябе чысціню: тады і ў наступнага чалавека, які будзе ісці міма, не падымецца рука кінуць смецце. Калі ж смецця і так хапае, то спрацоўвае мысленне “тут і так брудна, мая бутэлька не зробіць горш”.

Для вучняў Спондаўскай школы-сада прыборка ператварылася ў прыгоду.

Крык “клад!” азначаў, што нехта з дзяцей натрапіў на кучу смецця, прысыпаную лісцем і галінкамі.

На гэты кліч збягаліся на дапамогу іншыя, каб забраць смецце з сабой.

– Як можна цэлыя пакеты выкідваць у кусты? Ну як так? Што гэта за свіння тут праходзіла? – такімі пытаннямі многія вучні рэагавалі на чарговую “знаходку”.

Вынікі сёлетняй прыборкі ўражваюць – 53 пакеты смецця сярэднім аб’ёмам 160 літраў. Столькі назбіралі ўдзельнікі за паўтары гадзіны працы.

– Важна навучыцца правільна сартаваць смецце і не дапускаць, каб пластык трапляў у навакольнае асяроддзе. Там ён раскладаецца на мікрапластык і ў выніку трапляе ў нашыя талеркі і шклянкі з вадой, – тлумачыў дзецям Аляксандр Дарашэвіч пасля прыборкі.

А каб смецце не даводзілася сартаваць, то лепей звярнуцца да прычынаў яго ўзнікнення – празмернага спажывання. Для гэтага варта не ляніцца перад кожнай пакупкай задаваць сабе пытанне – ці сапраўды мне патрэбная гэтая рэч? Ці пакупка навязаная грамадствам або рэкламай і модай?

Дзеці засталіся задаволеныя тым, як правялі дзень. Яны не толькі зрабілі добрую справу, але і бавіліся пасля прыборкі: у двары сельскага клуба для іх арганізавалі гульні і салодкі пачастунак.

На пытанне, ці далучацца яны да наступных прыборак і ці будуць вучыць іншых не бурдзіць, дзеці адзінагалосна адказвалі “так!”.

Прыборка праходзіла пры падтрымцы грамадскай экалагічнай ініцыятывы “Зялёны дазор”, якая забяспечыла ўдзельнікаў пальчаткамі і пакетамі для збору смецця.