Устанавілі верагодную прычыну ўзгарання аўтамабіля ля паліклінікі ў Маладзечне

4 красавіка ў Маладзечне ля паліклінікі №1 па вуліцы Францыска Скарыны гарэў аўтамабіль «ВАЗ». Пашкоджаным апынуўся таксама легкавік «Peugeot».

Як распавёў “РГ” начальнік Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Ушацкі, паведмленне пра ўзгаранне аўтамабіля ВАЗ паступіла ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення ў 18:39. Машына была прыпаркаваная каля паліклінікі №1.

У выніку пажару аўтамабіль знішчаны цалкам. Пашкоджаная аддзелка сцяны на першым паверсе будынка паліклінікі і Peugeot-406, які знаходзіўся побач.

Прычыну пажару ўстанаўліваюць. Як мяркуюць, узгаранне магло адбыцца з-за кароткага замыкання электраправодкі.

Фота аўтара.

Калі загарэўся аўтамабіль, правільныя дзеянні могуць паменьшыць матэрыяльную шкоду і захаваць жыццё.

Спачатку трэба паведаміць пра ўзгаранне па тэлефонах 101 або 112. Пры першых прыкметах узгарання – напрыклад, дыма з-пад капоту – неабходна пакінуць салон машыны. Адкрываць капот трэба асцярожна, лепш збоку. Не варта раскрываць яго шырока, бо прыток кіслароду дасць агню разгарэцца.

Фота аўтара.

Струмень вогнетушыцеля трэба направіць на ачаг узгарання, таксама можна скарыстаць плотную тканіну, брэзент, пясок.

Калі справіцца з узгараннем не атрымліваецца, а агонь ахоплівае ўсю машыну, рызыкаваць не варта, можа выбухнуць бензабак. Адыдзіце на бяспечную адлегласць самі і адвядзіце людзей. Аўтамабілі, якія стаяць побач, неабходна па магчымасці адкаціць у бок і абліць вадой, каб на іх не перакінуўся агонь.