Пра Другую сусветную, брата, што згінуў на Калыме, пра жалобны мітынг у гонар смерці Сталіна гутарым з маладзечанцам Сяргеем Жабінскім.

Прашу суразмоўцу прыгадаць дзяцінства.

– Ох, дзяцінства было такім, што і прыгадваць не хочацца, – адказаў Сяргей Міхайлавіч. Але тое-сёе прыгадаў.

Родам ён са Смаргоншчыны, з вёскі Міхнічы, што побач з Залессем. Тут, у Залессі, вучыўся ў школе:

– Хаця якая там вучоба была? Бяда адна. Ні алоўкаў, ні паперы. Старэйшыя браты прынеслі аднекуль накладныя: з аднаго боку – спісаныя, з другога – чыстыя. Іх выкарыстоўваў замест сшыткаў.

Па словах Сяргея Жабінскага, настаўнікаў паважалі і баяліся. Асабліва дырэктара школы па прозвішчы Эйхаршт. Калі хтосьці не слухаўся, педагог мог паставіць у кут або ўзяць за валасы на скронях і добра пацягнуць.

У школе Сяргей удзельнічаў у самадзейнасці: іграў на баяне і акардэоне, танцаваў. Тут скончыў пяць класаў. Вячэрнюю школу заканчваў ужо дарослым у Маладзечне.
Добра памятае, як пачалася вайна.

– Калі бамбілі Мінск, зарава было відаць у Міхнічах, – успамінае мужчына. – Вырашылі схавацца ў вёсцы Сінькі, адкуль родам мама. Сабралі на каня рэчы і паехалі. Па дарозе бамбілі нямецкія самалёты, але нікога не паранілі.

У Сіньках сям’я пабыла нядоўга. Немцы перш прыйшлі якраз сюды, а не ў Міхнічы. «Во! Схаваліся!» жартаваў тады бацька. Жабінскія вярнуліся ў Міхнічы, дзе і прабылі ўсю вайну. Каля хаты, на гародзе, выкапалі зямлянку. Бацька і старэйшыя браты працавалі на чыгунцы, таму на вайне не былі.

Хлапечая цікаўнасць перамагала страх

Прыгадваючы ваенныя часы, мой субяседнік кажа, што ў яго і хлопцаў-аднагодкаў страх заўсёды перамагала хлапечая цікаўнасць. Падбіралі губныя гармонікі, цукеркі, што кідалі нямецкія салдаты. Ад нямецкіх недапалкаў крыху вучыліся курыць.

На словы бацькоў «Не лезце!» адказвалі «Усё роўна за­б’юць».

Неяк на пачатку вайны Сяргей блукаў у невялікім ляску каля Міхнічаў. Убачыў, што каля дрэва сядзіць лысы вайсковец і нешта піша. Той заўважыў хлопчыка, нешта крыкнуў па-нямецку і да Сяргея падскочылі два салдаты.

Яны скруцілі яго і пацягнулі ў бок Віліі. Хлопчык падумаў, што будуць тапіць. Але салдаты дацягнулі яго да ракі, укінулі ў ваду і стрэлілі ў паветра. Спалоханы Сяргей выйшаў на другі бераг і больш у той лес не хадзіў.

З праўнучкай Дыянай. Фота аўтара.

І яшчэ адзін выпадак захавала ўчэпістая дзіцячая памяць. Летнімі начамі на лугах каля Віліі вяскоўцы пасвілі коней. Як самы малодшы з братоў, на начлег хадзіў мой субяседнік. Часта дзесяцігадовы пастух засынаў проста на траве. А раніцай мусіў шукаць каня.

Аднойчы пасля такога начлегу хлопчык ехаў на кані дамоў. Быў ужо амаль у Міхнічах, калі да яго падскочыў вайсковец у савецкай форме і кажа «Аддавай каня!».

– Я яму кажу, што бацька дома будзе сварыцца, а ён «Аддавай каня, а то заб’ю», – распавядае Сяргей Міхайлавіч.

У выніку вайсковец скінуў хлопчыка з каня, ускочыў сам і паскакаў у бок Смаргоні. А Сяргей пайшоў дамоў плачучы. Каня больш не бачылі. Людзі казалі, што той вайсковец быў нямецкім разведчыкам, пераапранутым у савецкую форму.

На спатканнях у турме брат жаліўся на паламаныя пальцы

Пасля вайны ў сям’і Жабінскіх здарылася трагічная падзея. На брата Міколу нехта данёс, што той супрацоўнічаў з немцамі.

– Супрацоўніцтва гэтае ва ўсіх вяскоўцаў аднолькавае было: хлопцы і мужчыны з Міхнічаў па чарзе падчас вайны ноччу вартавалі вёску, – кажа Сяргей Міхайлавіч.

Даносы ж напісалі толькі на Міколу Жабінскага і яшчэ двух хлопцаў з іх вёскі. Як ні даказвала сям’я невінаватасць Міколы, ім не паверылі.

Спачатку трымалі і катавалі ў турме ў Маладзечне. Сёння гэта будынак каля аўтавакзала, дзе да нядаўняга часу месціўся архіў.

Калі родныя прыязджалі на спатканні, Мікола жаліўся на пераламаныя пальцы, якія заціскалі ў дзвярах, патрабуючы прызнання.

Усіх трох хлопцаў з Міхнічаў накіравалі ў лагер на Калыму. У хуткім часе Мікола там захварэў на тыф і памёр. Пра гэта сям’і Жабінскіх расказалі двое хлопцаў, якія, адбыўшы тэрмін, вярнуліся. Расказалі, што аднавяскоўца нават не пахавалі па-людску. Скінулі ў канаву.

З жахам згадвае Сяргей Міхайлавіч выпадак, што здарыўся праз некалькі год пасля смерці брата на Калыме. Сям’я атрымала назад пасылку, што дасылала ў лагер Міколу.

У ёй было бруднае абкачанае ­адзенне і гнілыя сухары. І сёння мой субяседнік не ра­зумее, каму і навошта так трэба было ра­біць.

«Страшны, жахлівы быў час», – уздыхае ён.

Загуляліся ў шахматы і ледзь не прапусцілі мітынг з нагоды смерці Сталіна

У 1950 годзе Сяргея Жабінскага прызвалі ў армію. Трапіў у Мурманскую вобласць на паўвостраў Рыбачы. Усе тры гады адслужыў у вайсковым аркестры. Здольнасці да музыкі меў з дзяцінства, хоць не ведаў нот. Да войска іграў на вяселлях на баяне і акардэоне. У арміі навучылі іграць на трамбоне.

– Нам, музыкантам, служыць было лягчэй, чым астатнім салдатам. Адзінае, за тры гады ў адпачынак не адпусцілі. Музыканты заўсёды былі патрэбныя. Камандзіры казалі нам «Вы тут і так, як у адпачынку», – усміхаецца Сяргей Міхайлавіч.

І прыгадвае, як падчас службы з-за гульні ў шахматы ледзь не апынуўся ў лагерах:

– Калі пятага сакавіка 1953 года памёр Сталін, у нас ладзілі жалобны мітынг. На плошчы сярод гор наш аркестр павінен быў іграць. Музыканты прыйшлі ў полк крыху раней. І я з адным салдатам пачаў гуляць у шахматы. Так захапіліся гульнёй, што не чулі, як усіх сабралі ў аўтобус і павезлі на плошчу. Калі спахапіліся, аўтобусы ўжо былі далёка. Што рабіць? А тут яшчэ страху наганяюць. Маўляў, цяпер вас дакладна расстраляюць.

Гэта ж трэба! Павадыр памёр, а вы на мітынг не з’явіліся.

Музыканты знялі шынялі і бягом на тую плошчу. А там ужо шукалі іх. Камандзіры сказалі станавіцца ў строй, а разбірацца будуць, як вернуцца ў часць.

Сяргей Жабінскі і яго сябра-шахматыст больш плакалі, чым ігралі на гэтым мітынгу. Калі ж вярнуліся у часць, салдаты пацвердзілі, што хлопцы сапраўды загуляліся ў шахматы. І ніякага палітычнага падтэксту тут няма. Сведкам паверылі і музыкантаў не чапалі. А наперадзе была дэмабілізацыя і вяртанне на радзіму.

З Маладзечна – у Тулу

Калі мой субяседнік у 1953-м ехаў з войска дадому, убачыў аб’яву. У ёй гаварылася пра набор маладых людзей вучыцца рабіць музычныя інструменты. На навучанне трэба было ехаць на фабрыку ў Тулу.

Сяргей Жабінскі музыкай займаўся з часоў дзяцінства на Смаргоншчыне. Таму прапанова хлопца зацікавіла.

– Пайшоў у будынак, што месціўся на вуліцы 17 Верасня ў Маладзечне, – прыгадвае Сяргей Міхайлавіч. – Там паглядзелі мае дакументы і сказалі, што вельмі добра, што ўмею іграць.

Так хлопец апынуўся на фабрыцы музычных інструментаў у Туле. Група, што прыехала з Маладзечна, складалася з 30 дзяўчат і хлопцаў. У Туле вучыліся два гады: хто гармонікі настройваў, хто збіраў.

Герой публікацыі падчас працы ў духавым народным аркестры маладзечанскай гармоннай фабрыкі. Фота з сямейнага архіва Сяргея Жабінскага.

Калі ж надышоў час ехаць дамоў, кіраўнік тульскай фабрыкі пачаў угаворваць групу з Маладзечна застацца ў Туле. На думку Сяргея Міхайлавіча, некаторыя рэчы яны сталі рабіць лепш, чым работнікі фабрыкі. Таму і не хацелі пускаць. Моладзь вырашыла застацца.

А Пётр Смірноў, першы дырэктар гармоннай фабрыкі ў Маладзечне, чакаў маладых людзей з Тулы на сваё прадпрыемства. За іх вучобу і грошы не малыя былі заплачаныя.

Спачатку Пётр Смірноў пісаў лісты ў Тулу, запрашаў маладзечанцаў вяртацца. Казаў, што будуць добрыя пасады і заробкі. Калі ж зразумеў, што так нічога не атрымаецца, прыехаў сам. Пайшоў да тульскага калегі і кажа:

– Мы ж грошы вам плацілі, каб вы вучылі нашых майстроў.

Пытанне вырашылася за адны суткі. Маладзечанцы здалі інструменты, сабралі свае рэчы і рушылі дамоў.

Як ствараўся аркестр гармоннай фабрыкі

Так ад 1955 года Сяргей Жабінскі пачаў жыць у Маладзечне і працаваць на гармоннай фабрыцы. Тры гады быў начальнікам зборачнага цэха. Пасля перайшоў настройшчыкам. Сябраваў з вядомым майстрам гармонікаў Мікалаем Суднікам. Неаднаразова насіў яму інструменты на рамонт.

Ці не ад пачатку сваёй працы мой субяседнік загарэўся ідэяй ства­рыць на фабрыцы духавы аркестр. Пра гэта пачаў прасіць кіраўніцтва прадпрыемства. Некаторых музыкантаў-аматараў Сяргей Жабінскі запрашаў у аркестр. І тых адразу ўладкоўвалі на працу на фабрыку.

– Усе ўдзельнікі духавога аркестра павінны былі шмат рэпеціраваць. Дзеля гэтага на працу прыходзілі раней і пазней сыходзілі, – прыгадвае былы кіраўнік аркестра.

У стварэнні аркестра ёсць вялікая заслуга жонкі дырыжора

У калектыве было чалавек 30. Сярод іх як музыканты з адукацыяй, так і людзі, якія пачыналі вучыць ноты непасрэдна ў аркестры.

Па словах Сяргея Міхайлавіча, былі і такія, якім музычныя здольнасці не дадзеныя зусім. Тады кіраўнік тактоўна ім пра гэта казаў. Разумеў, лепш так, чым марнаваць час і нервы.

З часам аркестр атрымаў званне народнага. Выступалі шмат. Ездзілі з канцэртамі ў Мінск, Ленінград, у гарады Эстоніі. Інструменты і форму для музыкантаў набывалі за кошт фабрыкі.

– Не ведаю, дзе сёння тыя інструменты і форма, – дзеліцца мой субяседнік. – Калі фабрыка развальвалася, я хацеў іх у чацвертую школу перадаць. Але кіраўніцтва, здаецца, аддало ў пажарную часць.

Сёння Сяргей Міхайлавіч, які аддаў працы ў аркестры 35 год, не разумее, чаму на прадпрыемствах Маладзечна няма ніводнага духавога аркестра.

Ды і саміх некалі буйных прадпрыемстваў ужо даўно няма, сам адказвае мужчына на сваё пытанне.

Шмат вольнага ча­су­ забіраў аркестр у кіраў­ніка. Двух сыноў больш выхоўвала жонка, з якой яны таксама пазнаёміліся на фабрыцы.

– Але жонка ніколі не крыўдавала на мяне з-за працы ў аркестры. Заўсёды адпускала на рэпетыцыі і паездкі. Таму ў стварэнні і дзейнасці нашага музычнага калектыву вельмі вялікая і яе заслуга, – падсумаваў Сяргей Міхайлавіч.

• Текст доступен на языке: Русский