Рака Ятранка. У ёй летась у маі знайшлі цела дзяўчынкі. Бацька не пахаваў дачку, а спаліў. Фота ctv.by.

У Беларусі зменяцца «пахавальныя» законы: сярод іншага, забароняць нетрадыцыйныя спосабы пахаванняў, нельга будзе, напрыклад, развеяць прах памерлага. Адпаведны закон парламент прыняў у першым чытанні.

Па словах чыноўнікаў, гэта звязана ў тым ліку і з гісторыяй, якая адбылася год таму на Гродзеншчыне. Тады вясковец з-пад Наваградка спаліў цела сваёй дачкі ў сябе на ўчастку, а попел развеяў.

Здарылася ўсё год таму ў вёсцы Ятра на Наваградчыне. Жанчына была занятая месячным дзіцём і не даглядзела сваю другую дачку. Двухгадовая дзяўчынка выйшла пагуляць з сабакам і знікла. Мама дзяўчынкі пазваніла ў міліцыю, у той жа дзень цела дзіцяці знайшлі ў рацэ Ятранцы.

Цела дзяўчынкі вярнулі бацькам. Але тыя хаваць дачку не сталі. Замест гэтага яны спалілі цела на падворку.

Як кажуць мясцовыя жыхары, гэта было звязана з рэлігійнымі поглядамі бацькоў. Яны, маўляў, ці то крышнаіты, ці то індуісты. Жывуць ціха, не п’юць, нікому не перашкаджаюць. Самі не мясцовыя, прыехалі з розных гарадоў. Цікава, чаму сям’я выбрала менавіта Ятру, можа быць, праз назву? Бо «ятра» ў індуізме — гэта групавое паломніцтва, святкаванне ці групавое выкананне рытуалу.

Але пасля смерці дачкі сям’ёй зацікавілася пракуратура. Правялі праверку.

Высветлілася, што бацька дзяўчынкі нідзе не працуе, раней быў судзімы. Яго сужыцелька нараджала другое дзіця дома, без дактароў. У ЗАГСе дзіця таксама не рэгістравалі. Рэкамендацыі дактароў наконт дзяцей сям’я проста ігнаравала.

Сёння сям’я працягвае жыць у Ятры. У афіцыйным шлюбе ўсё яшчэ не знаходзяцца. Мужчына на гэты момант за мяжой, ездзіць туды на заробкі. Жанчына засталася ў вёсцы, гадуе дзіця.