Вышук хлопчыка ў Камянецкім раёне: у вёсцы праверылі кожны сантыметр, зону пошуку пашыраюць

Пошукі двухгадовага хлопчыка з вёскі Любашки (Камянецкі раён) працягнуліся і ноччу. Зону пошуку вырашана пашырыць. Пра гэта TUT.BY паведаміла афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкай вобласці Ганна Івашчанка.

Івана Валошына (у маі яму споўніцца два гады) шукаюць ад вечара 10 красавіка. Сёння ў вёсцы дзіця шукалі міліцыя, МНС, унутраныя войскі, пагранкамітэт і добраахвотнікі.

Фота МНС.

«Абследавалі літаральна кожны сантыметр ў гэтай вёсцы. Зазірнулі на кожны падворак, у кожнае адкрытае і закрытае памяшканне, падвал і калодзеж, пад кожны куст – на тэрыторыі агульнай плошчай каля 640 гектараў. Вадалазы праверылі 6,3 км меліярацыйнага канала», – расказалаа Ганна Івашчанка.

Поспехаў пакуль ніякіх. Мясцовасць вывучалі таксама са службовымі сабакамі і дронамі з паветра.

Зону пошукаў вырашана пашырыць на 6 км у бок аднаго населенага пункта і на 12 км – у бок іншага. На пытанне аб тым, ці будуць прыпыняць пошукі на ноч, у міліцыі запэўнілі: не. На жаль, і ноччу дзіцяці не знайшлі.

Фота прэс-служба МУС.

«Пошукі працягваюцца, пакуль не знойдзем дзіця», – сказала Ганна Івашчанка.

Тым часам Следчы камітэт праводзіць праверку па факце знікнення хлопчыка.

Вядома, што Ваня – малодшы з дзяцей ў шматдзетнай сям’і. Бацькі не мясцовыя, прыехалі ў Любашкі прыкладна 8 гадоў таму, гэта прадстаўнікі этнічнай меншасці. У дзень знікнення хлопчык быў апрануты ў сінюю спартыўную кофту з чырвонымі палоскамі на рукавах. Усіх, хто бачыў падобнае дзіця, просяць адгукнуцца ў міліцыю па нумары 102.