Як вырашыць праблему, калі адзін сусед для лепшага ўраджаю размяшчае на ўчастку гной, а другому не падабаецца пах?

Такая праблема ўзнікла ў жыхара Краснае Маладзечанскага раёна. Суседка выгрузіла свежы гной на свой участак. Куча ляжала недалёка ад вокнаў суседа. Цягам некалькіх дзён угнаенне заставалася на месцы.

– Такое адчуванне, што жыву на свінаферме, – скардзіцца Анатоль. – Тое самае было год таму, і вось зноў. Чаму я павінен цярпець гэтыя пахі?

Праз некалькі дзён суседка разнесла гной па зямлі і заарала яго.

– Але ж столькі часу мы цярпелі! – працягвае сусед. – І іншая суседка кажа, што ў выхадныя не выйсці з дому на свежае паветра. Як можна пакараць недобрасумленнага суседа?

Як вырашыць суседскую спрэчку, мы спыталіся ў старшыні Красненскага сельвыканкама Валянціны Кісель. Старшыня патлумачыла, што ўдзельнікі канфлікта жывуць у вёсцы, дзе натуральна займацца гаспадарчымі справамі, у тым ліку ўгнаеннем.

Суседка, што выгрузіла гной на свой прыватны падворак, пенсіянерка. Таму не магла ў момант разнесці ўгнаенне.

Куды можна размяшчаць гной

Разам з тым пры працы з гноем гаспадарам неабходна прытрымлівацца некалькіх патрабаванняў. Некаторыя разгружаюць машыну з угнаеннем так, каб змесціва апынулася як мага далей ад уласных вокнаў.

У Маладзечанскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі расказалі, якія тры пункты варта выканаць гаспадару ў такой сітуацыі.

  1. Выгружайце гной на пляцоўку, якая знаходзіцца не бліжэй за 15 метраў ад вокнаў любога дома вакол участка. Гэтае патрабаванне рэгламентуе архітэктурны нарматыў.
  2. Паводле санітарных нормаў, ад месца скопішча гною да любога з калодзежаў павінна быць не менш за 20 метраў.
  3. Плануйце раскідаць гной як мага хутчэй. Калі не атрымліваецца раскідаць і заараць увесь гной у дзень выгрузкі, прыкрыйце яго накрыўкай, напрыклад, з поліэтылена. Так вы створыце менш нязручнасцяў і сабе, і суседзям.

Для хуткага раскідвання ёсць і другая прычына. Чым даўжэй гной стаіць без справы, тым больш пажыўных рэчываў выветрыцца. Адпаведна, тым менш вы ўгнаіце глебу і менш карысці атрымаеце ад гною.

Такім чынам, угнойваць глебу на падворку можна. Але пры гэтым трэба трымацца прывілаў, размешчаных вышэй. Гэта і суседзяў залагодзіць, і пойдзе на карысць будучаму ўраджаю.

• Текст доступен на языке: Русский