Франца Млечку многія віляйчане ведаюць як шматгадовага намесніка дырэктара завода «Зеніт» па рэжыме і кадрах. А больш за паўстагоддзя таму ён быў сярод армейцаў, якія мянялі рэчышчы рэк Сярэдняй Азіі.

У сакавіку 1965 года Пленум ЦК КПСС прыняў пастанову па інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі СССР, аб развіцці меліярацыі. У прыватнасці, прадпісвалася «стварыць буйныя інжынерныя рысавыя сістэмы і на працягу бліжэйшых гадоў цалкам забяспечыць краіну рысам».

Але ўжо ў пачатку года ў паўднёвых рысаводчых раёнах Казахстана высадзіліся дэсанты вайскоўцаў, мэтай якіх была рэстаўрацыя рысавых палёў. Сярод ваенных быў і сённяшні пенсіянер з Вілейкі ўраджэнец вёскі Жары Франц Млечка.

Франц Млечка, 2019 год. Фота Таццяны Касьян.

Франц Мікалаевіч успамінае:

– Якраз у гэты час я служыў вадзіцелем у вайсковай часці непадалёк ад Лепеля на машыне ГАЗ-69. Быў у распараджэнні камандзіра асобнага сапёрнага батальёна падпалкоўніка Сцяпанава. І ў канцы студзеня 1965 года наш батальён накіравалі на рэстаўрацыю рысавых палёў у Казахстан.

Да месца ехалі сем сутак

Да месца дыслакацыі, Чыілійскага раёна Кзыл-Ардзінскай вобласці (цяпер Шыелі Кызыл-Ардзінскай вобласці) ехалі сем сутак. З вайскоўцамі – каля 300 чалавек – ішлі два саставы тэхнікі – скрэперы, экскаватары, бульдозеры.

Прыехаўшыя дыслацыраваліся паміж населенымі пунктамі Чыілі і Ян-Курган. Да кожнага з іх было па паўсотні кіламетраў.

Жылі па дзесяць чалавек у палатцы

– Прыбылі на месца ноччу ў пачатку лютага. Нягледзячы на тое, што гэта поўдзень Казахстана, надвор’е было халаднаватае. На тым месцы, дзе высадзіліся, стаяў толькі стары закінуты абрыкосавы сад сотак у 30. Але потым квітнеў ён надзіва прыгожа.

На наступны дзень вайскоўцы расставілі палаткі, усіх забяспечылі спальнымі рэчамі. У кожнай палатцы – па дзесяць чалавек. Кіраўніцтва жыло ў асобных будынках – драўляных фінскіх доміках.

– У нас быў сапраўдны палатачны гарадок. Затым самі пабудавалі сталовую. Каб пясок і пыл Казахстана не перашкаджалі есці, капалі сталовую ў зямлі. Дарэчы, паёк быў добры: чай, мяса, масла.

Пітную ваду для вайскоўцаў вазілі з Чыілі – там была воданапорная вежа. Потым пабудавалі гаражы для рамонту тэхнікі. Было вельмі горача. Таму выкапалі басейн 150х50 метраў, каб плаваць.

У першыя ж дні Франц Млечка вазіў камандзіра Сцяпанава, старшыню райвыканкама і начальніка ПМК-32 па рысавых палях.

Франц Млечка (злева) у Казахстане, 1965 год. Фота забяспечанае Францам Млечкам.

Уразіла карціна запусцення. Каналы перасохлі, на палях выраслі пясчаныя барханы.

І гэта ўсё трэба было адраджаць.

Працавалі ў тры змены

Ніякіх дакументаў для асваення палёў не было. Проста паказвалі, дзе капаць канал, арыкі да рысавых чэкаў ад рэчкі Сырдар’я. А гэта каля 50 кіламетраў.

Капалі канал, будавалі помпавыя станцыі.

Трэба было спланаваць усё так, каб на палях, падзеленых на чэкі 10х10 метраў, вада была на адпаведным узроўні – каля 10 см, каб быў адпаведны ўхіл: рыс не павінны быў закіснуць. Праца – нялёгкая. Шчыравалі ў тры змены.

Вайскоўцы выступалі з канцэртамі

Канал вялі ад Сырдар’і. Трэба было паставіць дзве вялікія чэхаславацкія помпы для таго, каб падняць ваду ў канал.

Прайшло больш за паўвека, а Млечка памятае самыя драбніцы. Прыкладна праз 15 дзён, у пачатку сакавіка, пачалі раўняць паверхню палёў. Сталі працаваць скрэперы і бульдозеры, капалі неглыбокія арыкі для падачы вады ў цэнтральны канал да рысавых палёў.

Фота забяспечанае Францам Млечкам.

А месяцы праз тры побач з палатачным гарадком з’явіліся юрты, у якіх пасяліліся казахі, узбекі. Яны прыехалі з сем’ямі. У асноўным, садзілі кавуны і дыні.

Неўзабаве батальён атрымаў загад распрацаваць яшчэ 500 гектараў палёў. Дзеля гэтага арганізавалі саўгас «Армейскі». У той год пабудавалі адміністрацыйны будынак побач з палатачным гарадком, школу для дзяцей казахаў і ўзбекаў, бо пачынаўся ж новы вучэбны год. Школу ўзводзіў атрад з 15-20 армян. Потым пабудавалі і дамы.

Падчас службы  салдаты ўдзельнічалі і ў культурна-масавых мерапрыемствах. Стваралі брыгады, ездзілі ў раён выступаць з канцэртамі. Усё сваімі сіламі.

Салдат загінуў, калі ратаваў прарыў канала

У маі 1965 года Сырдар’я змяніла рэчышча. Такое ў пясках Сярэдняй Азіі не дзіва. Падачу вады ў асноўны канал давялося спыніць.

– Былі вялікія праблемы, каб павярнуць раку на сто метраў ва ўстаноўленае рэчышча. Сырдар’я вельмі віляе. Вырашылі зрабіць насыпы, павярнуць раку ў правы бок. У батальёне былі спецыялісты па выбуховай справе. У гарах Цімертаў узрывалі каменне, шчэбень і вазілі да ракі, каб яе павярнуць.

За дзесяць дзён Сырдар’ю вярнулі ў  старое рэчышча, дзе стаялі помпы для падачы вады ў асноўны канал ад Ян-Кургана да рысавых чэкаў.

На асноўны канал была моцная нагрузка, па яго краях утвараліся прарывы. Вада ішла не туды, куды трэба. Каб іх ліквідаваць, каменне вазілі і днём, і ноччу.

– Было складана, але салдаты – народ адказны, заўжды рабілі сваю справу. Наш зямляк з Полацкага раёна гераічна загінуў у канале, калі спрабаваў ліквідаваць прарыў дамбы. Цела шукалі два тыдні. Пахавалі на могілках у Чыілі.

Батальён падрыхтаваў 900 гектараў рысавых палёў

У выніку цягам дзевяці месяцаў сіламі салдат у саўгасе падрыхтавалі 900 гектараў палёў і атрымалі ўраджайнасць 75 цэнтнераў рысу з гектара. Батальён з’ехаў з Казахстана 7 лістапада 1965 года.

Падзяка абкама і аблсавета Кзыл-Ардзінскай вобласці за выдатную працу, 1965 год. Фота забяспечанае Францам Млечкам.

Сярод вайскоўцаў былі людзі ўсіх нацыянальнасцяў. Літоўцы Тушка і Янкус, малдаванін Тулек, казах Султанаў, шмат беларусаў. Франц Млечка згадвае свайго таварыша з Маладзечна вайсковага фельчара Рамана Васілевіча. На жаль, Рамана ўжо няма ў жывых. Многія маладзечанцы памятаюць яго як выдатнага доктара-стаматолага. Млечка – як таварыша, з якім дзяліў нягоды армейскага жыцця. Франц Мікалаевіч у размове з карэспандэнтам казаў, што служылі з ім у Казахстане і іншыя землякі з нашага рэгіёна. На жаль, прайшло шмат часу і аднавіць у памяці ўсе імёны цяжка:

– Але можа хто сам успомніць тыя дні і звернецца да вас у газету, – не траціць надзеі на агульныя ўспаміны пенсіянер з Вілейкі.

За выдатную працу Кзыл-Ардзінскія абласныя камітэт кампартыі Казахстана і выканкам Савета дэпутатаў адзначылі Франца Млечку падзякай. Для ветэрана гэта адна з самых дарагіх узнагарод у жыцці.

– Казахі – людзі надзвычай добрыя і цікавыя. Дай бог ім поспехаў і добрых сувязяў з намі, беларусамі, літоўцамі, малдаванамі, рускімі і іншымі народамі.

• Текст доступен на языке: ruРусский