Фота se78.ru.

На Вілейшчыне пачынаецца экалагічны конкурс сярод навучальных устаноў. Школьнікам і навучэнцам прапануюць паспаборнічаць у зборы батарэек.

Конкурс ладзіць таварыства «Экапартнёрства» і Упраўленне адукацыі спорту і турызму Вілейскага райвыканкама пры фінансавай падтрымцы праекта Еўрасаюза «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай».

Як распавялі арганізатары, партнёры праекта праводзілі актыўныя мерапрыемствы па рэсурса- і энергазберажэнні. На грошы праекта закупілі кантэйнеры для паасобнага збору смецця, лінію для прэсавання і цюкавання палстыку і смеццевоз.

Арганізатары звяртаюць увагу, што адна батарэйка забруджвае каля 20 квадратных метраў зямлі вакол і раскладаецца каля ста гадоў.

Шкодныя рэчывы трапляюць у ежу і ваду, могуць выклікаць гарманальныя, генетычныя і анкалагічныя змены ў арганізме чалавека і жывёл.

Для ўдзелу ў конкурсе школе неабходна запоўніць конкурсную заяўку. Тут пазначыць, колькі батарэек здалі ў навучальным годзе і разам з пацвярджальнымі дакументамі даслаць на volhashliapo78@gmail.com да 15 мая.

Прыз – экскурсія на смеццеперапрацоўчае прадпрыемства.

Умовы конкурсу і бланк заяўкі для ўдзелу можна спампаваць у суполцы «Інфацэнтр аб працы камунальных службаў Вілейкі» – https://vk.com/kommunalka_vileyka.

Арганізатары заклікаюць юных віляйчан не толькі выкідаць батарэйкі ў спецыяльныя кантэйнеры, але і пераходзіць на шматразовыя акумулятары.