У Маладзечне падлеткі залезлі ў будынак, што раней належаў станказаводу. Адзін зваліўся з акна

Пра гэта «Рэгіянальнай газеце» паведамілі супрацоўнікі станказавода.

– Учора ўвечары, каля сямі гадзін, тры хлопцы-падлеткі залезлі ў адміністрацыйны будынак, які раней належаў станказаводу, а цяпер у яго іншы ўладальнік, – расказаў нам чытач.

Па яго словах, хлопцы палезлі на дах. Адзін з іх з немаленькай вышыні зваліўся праз паддашкавае акно на зямлю. Сябры пабеглі на прахадную выклікаць хуткую дапамогу.

Пацярпелага падлетка забралі ў бальніцу.

«Рэгіянальная газета» звярнулася у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, маладзечанскія следчыя цяпер праводзяць праверку і высвятляюць абставіны здарэння.