Актывісты на месцы працы.

Сёння, 17 красавіка, вілейскія актывісты зладзілі талаку. З дапамогай Вілейскага доследнага лясгаса маладыя людзі пасадзілі 3500 дрэў у лесе на Вілейшчыне.

– Так, нас было мала. Але мы пасадзілі цэлы ўчастак лесу! – падзялілася ўражаннямі арганізатар, актывістка Вераніка Гіль.

Два чалавекі з лясгаса курыравалі актывістаў, дапамагалі ім.

Па словах Веранікі, сасну садзілі спецыяльным спосабам, з дапамогай фінскага ручнога прыстасавання Finputki. Як распавялі ў лясгасе, гэта закрыты спосаб. Ён больш эфектыўны. Каля 80% дрэў павінна прыжыцца.

– Ад усяго, што ты робіш добраахвотна, атрымліваеш вялікае задавальненне, – перакананая Вераніка. – Атрымліваеш неабходную інфармацыю, досвед, знаёмішся з людзьмі. Вельмі спадабалася працаваць з лясгасам. Работнікі – выдатныя спецыялісты і адкрытыя людзі.

Вераніка адзначыла, што яны гатовыя паўтарыць падобны досвед. І, магчыма, яшчэ не раз.

Здымкі забяспечаныя арганізатарамі.

• Текст доступен на языке: Русский