Усё больш беларусаў з’язджае працаваць у Польшчу.

Пасля крызісаў 2008 і 2014 гадоў прыкметна расце адток працоўнай сілы з Беларусі. Страта работнікаў уяўляе асаблівую праблему, паколькі адбіваецца на эканамічным росце і развіцці краіны.

І нягледзячы на ​​некаторае ажыўленне эканомікі ў апошні час, застаецца адкрытым пытанне кампенсацыі страт рабочай сілы, адзначае дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Плынь працоўных мігрантаў з Беларусі ў Еўрасаюз, асабліва ў Польшчу, пастаянна павялічваецца. Гэта звязана не толькі з разрывам у заробках, які ўсё больш расце на карысць Польшчы ў многіх галінах эканомікі. Адбіліся дэвальвацыя расійскага рубля, застой расійскай эканомікі, а таксама спрашчэнне ўмоў працаўладкавання ў Польшчы для беларусаў, падкрэслівае аналітык даследчага цэнтра Eurasian States in Transition (EAST) Андрэй Елісееў.

Колькасць запрашэнняў ад польскіх працадаўцаў для беларусаў па спрошчанай схеме працаўладкавання за апошнія пяць гадоў вырасла прыкладна ў 12 разоў – да 60 тысяч у 2017 годзе.

Пры гэтым рост ліку беларускіх працоўных мігрантаў не ўспрымаецца ў Польшчы як праблема.

– Некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў практычна не прыкметныя на фоне мільёна ўкраінскіх грамадзян, якія таксама прыязджаюць працаваць у Польшчу. Да таго ж працаўладкоўваюцца там, дзе не хапае работнікаў і дзе не працуюць палякі. Часцей за ўсё, у прамысловасці і сферы паслуг, – тлумачыць эксперт варшаўскага фонду імя Стэфана Баторыя (Польшча) Кшыштаф Мрозек.

Ёсць розніца ў геаграфічным размяшчэнні работнікаў з суседніх з Польшчай краін: украінцы выбіраюць найбуйнейшыя польскія гарады, а беларусы – не толькі іх. А таксама і невялікія гарады ў памежных рэгіёнах. Па словах эксперта, гэта зручна як беларусам з-за блізкага размяшчэння да дома, так і самім гарадам, таму што менавіта адтуль частка палякаў з’ехала ў іншыя краіны Еўрасаюза.

– Польшчы працоўныя мігранты вельмі патрэбныя. Па розных ацэнках, у наступныя пяць гадоў на польскім рынку працы будуць запатрабаваныя яшчэ некалькі мільёнаў чалавек, – прагназуе Мрозек.

А пасля таго, як для ўкраінцаў адкрыўся рынак працы Германіі, польскі бізнес рызыкуе страціць значную частку работнікаў.

Моцны адток можа прывесці да закрыцця прадпрыемстваў і неабходнасці значна павялічваць зарплаты, каб палякі вярнуліся працаваць на радзіму, адзначае эксперт варшаўскага фонду імя Стэфана Баторыя.

Прыкметны ўклад у эканоміку Польшчы ўносяць паездкі на закупы

Дзве траціны паездак беларусаў у Польшчу здзяйсняюць тыя, хто жыве ў радыусе 50 кіламетраў ад мяжы. На іх прыпадае каля паловы сумы ўсіх пакупак беларусаў у Польшчы.

Напрыклад, у 2014 годзе на тавары, якія не ўвайшлі ў мытныя дэкларацыі, беларусы патрацілі там каля 820 мільёнаў долараў. У той год беларус, які выяз­джае ў Польшчу, у сярэднім за паездку пакідаў у польскіх крамах 220 долараў, кажа Андрэй Елісееў. Але з тых часоў выдаткі беларусаў у гэтай краіне скараціліся. У трэцім квартале 2018 года турысты з Беларусі за паездку трацілі ў Польшчы ў сярэднім 160 долараў.

Вандроўнікі, якія едуць у суседнюю дзяржаву за пакупкамі, аказваюць станоўчы ўплыў на развіццё эканомікі памежных рэгіёнаў Польшчы.

– Хоць усё роўна захавалася магчымасць прыехаць на шопінг, але пасля рашэння польскіх уладаў не адкрываць так званыя візы на закупы, зрабіць гэта больш складана. Такое змяненне дрэнна ўспрынялі не толькі беларусы, але і тыя, хто адкрыў крамы, рэстараны і іншыя ўстановы для тых, хто прыязджае ў іх з Беларусі, – кажа эксперт варшаўскага фонду імя Стэфана Баторыя.

Доўгі шлях да танных візаў

З пытаннем віз сітуацыя не так простая, як хацелася б беларусам. Перамовы Мінска і Брусэля аб спрашчэнні візавага рэжыму доўжацца ад 2014 года. Апошнія пару год прадстаўнікі абодвух бакоў рэгулярна запэўніваюць, што да падпісання дакумента застаюцца апошнія штрыхі. Тым не менш, пастаянна ўзнікаюць тэхнічныя складанасці.

У іншых краінах Усходняга партнёрства ўвесь працэс заняў у сярэднім каля двух гадоў, у Арменіі – менш за год, адзначае Андрэй Елісееў.

 

– Мяркуючы па апошнім каментары кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея, пытанні па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму вырашылі. Апошняй перашкодай выступала пажаданне Польшчы павялічыць колькасць сваіх консульскіх работнікаў у Беларусі, – нагадвае эксперт.

Але застаецца нявырашаным галоўнае пытанне, якое суправаджае перамовы ўвесь час, – гэта пагадненне аб рэадмісіі. Яго Беларусь усё яшчэ не гатовая падпісаць.

– Для Еўрасаюза гэты пункт важны. Калі добра працуе сістэма рэадмісіі, да прыкладу, Польшча можа вяр­нуць у Беларусь чалавека, які парушыў правілы ўезду або знаходжання ў краіне. Калі ён не грама­дзянін Беларусі, то ўжо яна сама вырашае, што з ім рабіць далей, – кажа Кшыштаф Мрозек.

Андрэй Елісееў тлумачыць: верагодна, беларускія ўлады разлічвалі, што высланыя з Еўрасаюза мігранты, якія трапілі туды праз тэрыторыю Беларусі з Расіі, будуць высылацца непасрэдна ў Расію, у якой з Еўрасаюзам ёсць асобнае пагадненне аб рэадмісіі, што дзейнічае ўжо каля дзесяці гадоў. Але з Расіяй цалкам урэгуляваць гэта пытанне Беларусі не ўдалося.

Як адзначаюць эксперты, працоўная міграцыя наўпрост не звязаная са спрашчэннем візавага рэжыму. Яно ж датычыцца атрымання кароткатэрміновых віз, якія не мяркуюць працаўладкаванне.

– На працоўнай міграцыі запуск пагаднення наўрад ці адаб’ецца ў значнай меры, – лічыць Андрэй Елісееў.

Паводле ацэнкі Андрэя Казакевіча, кошт візы не ўваходзіць у лік вызначальных фактараў, калі беларусы прымаюць рашэнне з’ехаць на заробкі за мяжу.

– Працоўная міграцыя прадвызначаецца розніцай у эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і навакольных краінах. У апошні час Польшча стала больш папулярным напрамкам для беларускай працоўнай міграцыі, чым Расія.

Прытым, што з Расіяй няма ніякай мяжы, але рынак працы там менш прывабны для беларусаў, чым польскі. Хоць у апошнім выпадку беларусам даводзіцца афармляць працоўныя візы, – адзначае эксперт.

Калі Мінск і Брусэль у бліжэйшыя месяцы не падпішуць пагадненне аб візавай фасілітацыі – спрашчэнні атрымання віз, – то ў канцы 2019 года беларусам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца плаціць за шэнгенскую візу не чаканыя 35 еўра і не цяперашнія 60, а ўсе 80.

Новая рэдакцыя Візавага кодэкса ЕС, якая павялічвае суму візавага збору, верагодна, уступіць у сілу ў кастрычніку. А ад падпісання пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі да іх уступлення ў сілу звычайна праходзіць каля паўгода.