13 красавіка актыўныя жыхары аднаго з маладзечанскіх двароў па Францыска Скарыны правялі дзень шпакоўні. Самі зрабілі, упрыгожылі і развесілі шэсць шпакоўняў.

Андрэй Зайцаў – адзін з тых, хто дапамагаў прымацоўваць шпакоўні да дрэў.

– Мы жывём у гэтым двары, даведаліся праз групу ў вайберы, што будзе дзень шпакоўні. Двое дзяцей маленькіх, Данііл і Дзям’ян, зрабілі дзве розныя шпакоўні, і кожную дзіця павесіла.

Сваю шпакоўню павесіла і Юлія Тарасава. Дзяўчына нарадзілася ў вёсцы Пагост, што на Вілейшчыне, цяпер вучыцца ў Маладзечне. Ад настаўніцы яна даведалася, што ў двары будуць ладзіць маленькае свята. Шпакоўню рабіла разам з бацькам, кажа, сышоў адзін дзень.

– Домік для птушак упрыгожыла дэкупажам, проста прыйшло ў галаву, раней ім не займалася. Вядома, пакрыла лакам, каб дождж не пашкодзіў шпакоўню,  – расказвае дзяўчына. – Гэта не першая шпакоўня, дома вісіць яшчэ чатыры-пяць. Робіць бацька, я дапамагаю фарбаваць. І птушак любім,  раней былі ў “Ахове птушак бацькаўшчыны”. Праўда, потым пераехала сюды.

Выйгралі 200 рублёў

На гэтым жыхары двара не спыніліся. Акрамя шпакоўняў, тут з’явілася і пяць новых лавак з паддонаў. Паддоны пачысцілі, пафарбавалі ў розныя колеры – зялёны, жоўты, шэры, карычневы. Таксама зрабілі пясочніцу.

– Паддоны збіралі па знаёмых, большасць прывёз новы сусед. Фарбу набылі за ўласныя грошы – гэта як “паскрэблі па сусеках”, толькі па суседзях. У бліжэйшых планах – дзіцячыя атракцыёны з колаў, каля 20 штук ужо ляжыць у падвале. Збіралі таксама па знаёмых, – расказвае актывістка Ірына Тархан. – Увогуле хочам, каб у двары з’явілася дзіцячая пляцоўка.

Раней Ірына падала заяўку на конкурс праектаў двара ў Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый. Выйгралі 200 рублёў – стартавы капітал. Да сярэдзіны мая павінны вызначыцца, куды будуць размяркоўваць грошы. Цяпер вырашылі “кінуць кліч” па суседзях, магчыма, нехта захоча паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні двара ці дапамагчы матэрыяльна.

– Жыву не ў гэтым двары, але там працую дворнікам. Жыхары ветлівыя і добразычлівыя, за малым выключэннем, – кажа Таццяна Боскіна. – Да добраўпарадкавання двара стаўлюся станоўча. Мне, як дворніку, хочацца, каб было прыгожа. Хочацца добрай дарогі, дадатковых парковачных месцаў, хаця б касметычнага рамонту – афарбоўкі дзвярэй, горак. Таксама добра было б хоць дзве сметніцы дадаць каля пабудаваных лавак. Двор прахадны, таму летам шмат выпадковых “аматараў адпачыць”.