П’яная дзяўчына ў Баранавічах ударыла міліцыянера нагой у галаву

У Баранавіцкую бальніцу 16 красавіка прывезлі мужчыну з целавымі пашкоджаннямі. Ён распавёў, што траўмы атрымаў у кватэры, дзе разам з кампаніяй піў спіртное. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі ў кватэры 5 знаёмых пацярпелага, піша intex-press.by.

Усіх даставілі ў Цэнтральную гарадскую паліклініку для медыцынскага агляду.

У нейкі момант 29-гадовая гараджанка з гэтай кампаніі двойчы нагой ударыла міліцыянера, які яе суправаджаў, па галаве і па назе.

За гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі, які знаходзіцца пры выкананні абавязкаў, дзяўчыну затрымалі, – паведамілі Intex-press у УСК па Брэсцкай вобласці.

Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле “Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”. Максымальнае пакаранне, якое можа пагражаць жанчыне, – шэсць гадоў пазбаўлення волі.